25 красавiка 2024, Чацвер, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Рэшткі «Тытаніка» імкліва знікаюць

6
Навукоўцы: Рэшткі «Тытаніка» імкліва знікаюць

Пэўны від бактэрый з'ядае металічныя часткі дашчэнту.

Міжнародная каманда дайвераў на субмарыне DSV Limiting Factor упершыню за 15 гадоў зноў спусцілася да патанулага «Тытаніка» і выявіла, што некаторыя часткі карабля расклаліся дашчэнту, піша ВВС.

Апошнім разам пілатаванае паглыбленне да абломкаў «Тытаніка» адбылося ў 2005 годзе.

DSV Limiting Factor здзейсніў пяць апусканняў.

«Тытанік» ляжыць на дне Атлантычнага акіяна, на глыбіні 3800 метраў. Частка карабля дагэтуль выдатна захавалася, але некаторыя фрагменты, якія былі там яшчэ 15 гадоў таму, больш не існуюць.

НАВУКОЎЦЫ КАЖУЦЬ, ШТО НЕЎЗАБАВЕ МОЖА ЗНІКНУЦЬ УСЯ ПРАВАЯ ЧАСТКА КАРАБЛЯ. ПЭЎНЫ ВІД БАКТЭРЫЙ З'ЯДАЕ МЕТАЛІЧНЫЯ ЧАСТКІ ЦАЛКАМ

Прычынай гэтаму - моцныя акіянічныя плыні, соль і мікраарганізмы, якія раз'ядаюць метал.

Больш за ўсё пацярпеў адсек па правым борце, дзе знаходзіліся памяшканні для афіцэраў экіпажа судна.

Гісторык Паркс Стывенсан, які прысвяціў сябе даследаванню «Тытаніка», уваходзіў у групу дайвераў. З ягоных слоў, тое, што ён убачыў, стала для яго шокам.

«Капітанская ванна была любімым фрагментам сярод энтузіястаў «Тытаніка», яе фатаграфіі карысталіся вялікай папулярнасцю ў нашай супольнасці. Дык вось - яе больш няма», - кажа Стывенсан.

«Уся палуба з таго боку руйнуецца, а разам з ёй - і службовыя памяшканні. І сітуацыя будзе толькі пагаршацца», - прадаўжае ён.

«ТЫТАНІК» ВЫЙШАЎ З ПОРТА Ў АНГЕЛЬСКІМ САЎТГЕМПТАНЕ 10 КРАСАВІКА 1912 ГОДА

На думку экспэрта, наступнай можа абрынуцца столь гасцёўні ў насавой частцы судна, пасля чаго зазірнуць унутр будзе ўжо немагчыма.

Дзесяцігоддзі даследаванняў

Брытанскі трансатлантычны лайнер «Тытанік», самы вялікі пасажырскі параход свайго часу, затануў у красавіку 1912 года пасля сутыкнення з айсбергам прыкладна ў 600 кіламетрах ад узбярэжжа Канады.

Ён накіроўваўся з брытанскага Саўтгемптана ў Нью-Ёрк. З 2200 пасажыраў і чальцоў каманды, якія знаходзіліся на борце, загінулі больш за 1500 чалавек.

Судна раскалолася на дзве часткі, якія ляжаць на дне прыкладна на адлегласці 600 метраў адна ад адной.

ГЭТА ФАТАГРАФІЯ ВАННЫ Ў КАПІТАНСКАЙ КАЮЦЕ БЫЛА ЗРОБЛЕНАЯ Ў 1996 ГОДЗЕ. ЦЯПЕР ДАЙВЕРЫ КАЖУЦЬ, ШТО ЯЕ БОЛЬШ НЯМА

Асноўныя этапы даследавання абломкаў «Тытаніка»:

1985 год - каманда амерыканскіх і французскіх аквалангістаў выявіла месцазнаходжанне патанулага карабля

1986 - да «Тытаніка» апускаецца пілатаваны падводны апарат «Алвін». Фатаграфіі той экспедыцыі былі апублікаваныя ў часопісе National Geographic Society

1987 - першая выратавальная экспедыцыя падымае на паверхню 1800 артэфактаў з карабля

1995 - да абломкаў апускаецца рэжысёр Галівуду Джэймс Камерон. Пазней ён выкарыстоўвае падводную відэаздымку ў сваім фільме «Тытанік»

1998 года - апусканне здзяйсняюць першыя турысты. У тым жа годзе на паверхню падымаюць частку корпуса карабля

2005 - дзве каманды навукоўцаў апускаюцца на дно Атлантыкі ў батыскафе

2010 год - для атрымання новых здымкаў і складання мапы размяшчэння абломкаў выкарыстоўваюць падводных робатаў

2012 - ЮНЕСКА бярэ абломкі «Тытаніка» пад сваю ахову як частку сусветнай спадчыны

2019 - Падлодка DSV Limiting Factor здзяйсняе пяць апусканняў

Бактэрыі-разбуральнікі

Гэтая ж экспедыцыя DSV Limiting Factor у траўні гэтага года здзейсніла трэцяе ў гісторыі апусканне ў Марыянскую западзіну на амаль 11-кіламетровую глыбіню Ціхага акіяна.

ГЭТА «ТРЫТОН» - АПОШНЯЯ МАДЭЛЬ БАТЫСКАФА ДЛЯ ГЛЫБАКАВОДНЫХ АПУСКАННЯЎ

Аднак, са слоў экіпажа, рух вакол абломкаў «Тытаніка» выявіўся не менш складанай задачай праз моцныя плыні. Акрамя таго, у такіх экспедыцыях заўсёды ёсць рызыка заблытацца ў лабірынтах корпуса.

Акрамя даследавання стану патанулага карабля навукоўцы таксама вывучалі біялагічныя віды, якія жывуць на абломках. Нягледзячы на нізкія тэмпературы, цемру і вялікі ціск, разнастайнасць і актыўнасць бактэрый і іншых мікраарганізмаў вельмі высокія.

Збольшага гэта і з'яўляецца прычынай разбурэння матэрыялаў.

Са слоў удзельніцы экспедыцыі марскога біёлага з Універсітэта Ньюкасла Клэр Фітцсіманс, пэўны від мікробаў настолькі праядае метал, што ён ператвараецца ў воблака пылу і рассыпаецца пры першым дакрананні або пры ваганнях вады.

Працу навукоўцаў здымалі дакументалісты Atlantic Productions для свайго новага фільма пра «Тытанік», які павінен выйсці ў свет у наступным годзе.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках