3 траўня 2024, Пятніца, 11:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джон Болтан: Беларусы прагнуць незалежнасці

54
Джон Болтан: Беларусы прагнуць незалежнасці
ДЖОН БОЛТАН

На сустрэчы дарадцы прэзідэнта ЗША і Лукашэнкі абмяркоўвалася тэма правоў чалавека.

Сустрэча дарадцы прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джона Болтана з Лукашэнкам прадаўжалася 2,5 гадзіны – больш чым удвая даўжэй, чым было запланавана. Пасля сустрэчы высокапастаўлены прадстаўнік ЗША адказаў на некалькі пытанняў журналістаў, паведамляе «Радыё Свабода».

Болтан назваў сустрэчу «дужа важнай», хоць яны з Лукашэнкам «і не прыйшлі да нейкіх канкрэтных пастаноў».

З ягоных слоў, размова адбываўся «на шырокія тэмы: палітычныя, эканамічныя, у пытаннях бяспекі, як у рэгіёне, так і ва ўсім свеце».

«Існуюць істотныя складанасці ў двухбаковых стасунках паміж Беларуссю і ЗША, у тым ліку ў пытаннях правоў чалавека, нераспаўсюдзе зброі, якія трэба абмеркаваць. Другая тэма - гэта новая геапалітычная рэальнасць у рэгіёне, з якой мы павінны лічыцца, працаваць разам, - сказаў Болтан. - Дужа рады, што ў нас была такая магчымасць для размовы. Мы пакуль не развязалі гэтыя пытанні, але без такіх размоў іх развязанне немагчымае».

У адказе на пытанне пра пагрозы для незалежнасці Беларусі ў кантэксце інтэграцыі з Расеяй Болтан заявіў, што самае галоўнае - «чаго прагнуць людзі Беларусі»: «Я думаю, што яны прагнуць незалежнасці».

«Калі Савецкі Саюз распаўся, паўсталі новыя дзяржавы, Злучаныя Штаты неаднаразова казалі, што мы падтрымліваем іх суверэнітэт і незалежнасць. Народы могуць пазбаўляцца ад незалежнасці і суверэнітэту, краіны - сябры Еўразвязу зрабілі гэта ў пэўнай ступені. Аднак часам некаторыя народы прыходзяць да высновы, што гэта не было мудрай пастановай, і яны наважваюць выйсці [з ЕЗ], як Вялікая Брытанія. Кожная пастанова ў пытаннях такога кшталту толькі тады можа быць цалкам прадстаўнічай, калі гэта меркаванне людзей».

Са слоў Джона Болтана, пытанне аднаўлення дыпламатычных стасункаў паміж ЗША і Беларуссю на ўзроўні амбасадараў не абмяркоўвалася падчас сустрэчы з Лукашэнкам.

«Як я ўжо сказаў раней, у нас ёсць няпростыя пытанні ў двухбаковых дачыненнях. Нам трэба ўбачыць прагрэс у гэтых пытаннях, і тады будуць разглядацца іншыя. Задачай майго прыезду не было адказваць на асобныя пытанні тыпу гэтага. Думаю, што размова была цікавай», - сказаў Джон Болтан.

Нагадаем, 28 жніўня ў сябе ў Twitter дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў нацыянальнай бяспецы Джон Болтан напісаў, што ляціць у Менск, каб сустрэцца з Лукашэнкам і абмеркаваць пытанні рэгіянальнай бяспекі і падкрэсліць падтрымку ЗША суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

У гэтым стагоддзі гэта першы візіт прадстаўнікоў урада ЗША ў Беларусь на такім высокім узроўні.

Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч заявілі, што візіт Джона Болтана будзе садзейнічаць умацаванню суверэнітэту і рэгіянальнай значнасці Беларусі. Прадстаўнікі БНК выказалі гатоўнасць сустрэцца з Джонам Болтанам і накіравалі адпаведную прапанову ў амбасаду ЗША ў Беларусі.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках