27 красавiка 2024, Субота, 0:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Футуролагі распавялі пра 2020-я і 2030-я

8
Футуролагі распавялі пра 2020-я і 2030-я

Усяго праз 20 гадоў наша жыццё выглядацьме зусім інакш.

Вялікія тэхналагічныя змены закрануць нашае здароўе і побыт у найбліжэйшай будучыні, кажа адзін з найбуйнейшых футуролагаў Фінляндыі. Усяго праз 20 гадоў жыццё выглядацьме зусім інакш, піша фінскае выданне Yle (пераклад - inosmi.ru).

Рыста Лінтуры - футуролаг, які вось ужо больш за 40 гадоў прадказвае будучыя радыкальныя тэхналагічныя змены і часта мае рацыю што да ягоных здагадак.

Многае з таго, на што цяпер звяртае ўвагу Лінтуры, звязанае са здароўем. Акрамя таго ён кажа, што ў будучыні ў нашым жыцці яшчэ больш важнае месца будуць займаць уласныя дамы.

Кваліфікавана прадказваць будучыню магчыма, але Лінтуры кажа, што гэта вельмі нялёгка. «Я люблю параўноўваць гэты працэс з ігрой на фартэпіяна. Каб навучыцца граць на піяніна, трэба вельмі шмат трэніравацца, і над кожным асобным творам таксама даводзіцца добра папрацаваць»

Лінтуры вельмі шмат ведае аб навуковых даследаваннях апошніх гадоў. Летась разам з навукоўцам Осма Куусі ён напісаў даклад для парламенцкага камітэта ў пытаннях будучыні, у якім яны разважаюць над тым, як будуць развівацца падзеі аж да 2037 года. У гэтым дакладзе, над якім яны працавалі пяць гадоў, яны спасылаюцца на цэлых 1600 навуковых даследаванняў.

Дык чаго ж нам чакаць у найбліжэйшыя дваццаць гадоў? Напраўду, адбудзецца вельмі многае. Лінтуры кажа, што за гэты невялікі прамежак часу адбудзецца больш змен, чым за папярэднія сто гадоў. «Напрыклад, калі ў будучыні я западозру, што ў мяне прастуда, я змагу з дапамогай мабільнага тэлефона ці іншай невялікай таннай прылады зрабіць аналіз сваёй сліны і зразумець, вінаватая ў гэтым бактэрыя ці вірус, а таксама вызначыць, пра якую менавіта хваробу можа ісці гаворка», - распавядае ён.

Іншымі словамі, прылады, якія дазваляюць нам аналізаваць уласнае здароўе проста дома або дзе заўгодна, стануць значна больш звычайнай справай. «Дзякуючы гэтаму пачне набіраць папулярнасць лячэнне на адлегласці, бо лекар зможа рабіць нейкія высновы аб нашым стане, абапіраючыся на аналізы, зробленыя гэтымі апаратамі».

Акрамя таго, гэтыя звесткі можна будзе адпраўляць у сістэму са штучным інтэлектам, які будзе іх аналізаваць і рабіць высновы. Не выключана, што гэта нават будзе адбывацца ў рэжыме рэальнага часу.

«Сістэма на аснове штучнага інтэлекту будзе сачыць за сітуацыяй і бесперапынна апавяшчаць свайго карыстальніка або лекараў, калі трэба штосьці праверыць асабліва старанна».

Самадыягностыка

Таксама людзі змогуць на ўласную ініцыятыву штосьці рабіць, каб палепшыць сваё здароўе, абапіраючыся на звесткі сваіх гаджэтаў. Збольшага гэта адбываецца ўжо сёння: напрыклад, мы выкарыстоўваем бранзалеты, якія фіксуюць нашу фізічную актыўнасць, або ўсталёўваем ля ложка адмысловую прыладу, якое падрабязна аналізуе, як мы спім. Але гэтыя сістэмы будуць развівацца ўсё далей і далей, і ў выніку пачнуць распазнаваць таксама сімптомы розных хвароб.

«Не выключана, што ў будучыні ў нас з'явіцца лічбавы блізнюк, мадэль нашага цела з усімі яго тканінамі. Мы зможам даваць яму віртуальныя лекі ці ежу і паглядзець, які эфект яны маюць».

Акрамя таго, гэтая мадэль зможа рабіць дакладныя прагнозы аб чаканай працягласці жыцця чалавека. «Пройдзе яшчэ мінімум дзесяць гадоў, і з'явяцца таксама лічбавыя блізняты, якія будуць улічваць і ўнікальныя гены чалавека», - кажа ён.

Лекары пачнуць часцей і часцей падбіраць унікальнае лячэнне для кожнага чалавека, улічваючы ўсю гэтую інфармацыю пра пацыента. «Нацыянальныя рэкамендацыі ў харчаванні ды нацыянальныя рэкамендацыі ў лячэнні захворванняў, якія цяпер шмат у чым вызначаюць, якое лячэнне мы атрымліваем, стануць менш важныя. Замест гэтага нас будуць лячыць у залежнасці ад нашых генаў, кішачнай флоры, метабалізму і ладу жыцця», — распавядае ён.

У некаторай ступені гэтую тэндэнцыю можна прасачыць ужо сёння. Напрыклад, на мінулым тыдні Svenska Yle пісала аб фінскай кампаніі, якая распрацоўвае індывідуальныя праграмы прэвентыўнага сачэння за здароўем.

Мы будзем захоўваць маладосць значна даўжэй

Са слоў Лінтуры, надта магчыма, што ў не занадта аддаленай будучыні рэальнасцю стануць лекі ад старэння. «Мы ўжо даволі шмат ведаем аб працэсах, якія адбываюцца ў целе, калі яно старэе. Напрыклад, моцна памяншаецца колькасць рэчыва НАД+ (акісленая форма нікацінамідадэніндынуклеатыда), неабходнага для абнаўлення клетак. Існуюць таксама іншыя механізмы, якія паводле больш-менш зразумелых прычын перастаюць працаваць».

Ён распавядае, што навукоўцы цяпер актыўна эксперыментуюць у гэтай галіне. «Эксперыменты над людзьмі пакуль толькі ў працэсе, а вось мышам падчас эксперыментаў ужо ўдалося падоўжыць здаровае жыццё на 30%», — кажа ён.

Лінтуры распавядае, што навукоўцы здолелі знізіць у мышэй сімптомы дэменцыі і колькасць праблем з сэрцам, а таксама справіцца з іх узроставым атэрасклерозам. «З такім лекамі можна не толькі затармазіць старэнне, але і вярнуць маладосць», — кажа ён.

Шанец 50%

З ягоных ацэнак, шанец таго, што цягам дзесяцігоддзя навукоўцы змогуць распрацаваць такія ж лекі для людзей, складае блізу 50%. «Тады ў пачатку 2030-х гадоў мы ўжо будзем ведаць, як захаваць здароўе і падоўжыць жыццё мінімум на 20%», — кажа ён.

Рыста Лінтуры дадае, што, магчыма, сёй-той ужо сёння прымае такія эксперыментальныя лекі, і яны могуць істотна падоўжыць ім жыццё.

Калі гэта адбудзецца, у грамадстве на ўсёй зямлі адбудуцца вялікія змены, бо людзі раптам атрымаюць 20 дадатковых гадоў здаровага жыцця. Гэта можа мець шмат пазітыўных наступстваў, але адначасова паспрыяе павелічэнню прорвы паміж станам здароўя людзей з розных сацыяльных слаёў, а таксама стане праблемай для пенсійнай сістэмы.

«Гэта нечакана моцна паўплывае на нашы пенсіі. Магчыма, пенсіі паменшацца на цэлых 70%», - кажа ён. Каб гэтага не адбылося, давядзецца моцна падняць пенсійны ўзрост. «Каб пенсіі захаваліся на цяперашнім узроўні, пры такім сцэнары пенсійны ўзрост давядзецца падняць гадоў да ста».

Акрамя таго, людзі ва ўладзе змогуць даўжэй весці сваю дзейнасць, калі захаваюць здароўе і будуць даўжэй жыць. «Мы можам толькі здагадвацца, як выглядала б сёння Фінляндыя, калі б Кеканен быў жывы і здаровы і пражыў на 30 гадоў даўжэй», - кажа ён.

Вялікае значэнне дамашняга ачага

Тэхналагічныя змены, якія прадказвае Рыста Лінтуры, тычацца не толькі здароўя, але шмат у чым і паўсядзённага жыцця ў сябе дома.

«Адна з самых вялікіх зменаў палягае ў тым, што мы ўсё больш будзем жыць у віртуальным свеце. Мы будзем надзяваць спецыяльныя акуляры віртуальнай рэальнасці ў асаблівых пакоях з мяккімі сценамі і адпраўляцца, напрыклад, на віртуальную планету пад назвай Пандора».

А яшчэ ў віртуальным свеце мы будзем бачыцца з сябрамі і ўдзельнічаць у дзелавых сустрэчах. Так мяркуе Лінтуры.

Тэхналогіі віртуальнай рэальнасці таксама дадуць магчымасць падарожнічаць у розныя месцы зямлі, не шкодзячы пры гэтым клімату — вы зможаце, напрыклад, адправіцца ў джунглі, на Вялікую кітайскую сцяну або ў нейкае месца, якога больш не існуе, ці нават ніколі не існавала. Многае з гэтага магчымае ўжо цяпер, але ў будучыні гэта стане яшчэ зручнейшым і цікавейшым.

Лінтуры ўжо правёў месяц у віртуальным свеце, вывучыўшы там антычную Грэцыю. «Я ўсюды пагуляў і зазірнуў у розныя будынкі. Было неімаверна цікава паглядзець на старажытнагрэцкі горад Дэльфы з яго храмам ля падножжа гары Парнас», - распавядае ён.

У рэальнасці ён таксама бываў у тых месцах і бачыў руіны. Але ў віртуальным свеце ён апынуўся ў самым гістарычным асяроддзі ва ўсёй яе старажытнай красе і ўбачыў людзей, якія жылі ў той час — кавалёў, жаўнераў і многіх іншых.

«Гэта быў вельмі цікавы досвед. Я правёў 200 гадзін у віртуальным свеце, які прадстаўляе антычную Грэцыю. Фільм я так доўга глядзець дакладна б не змог», - распавядае ён.

Больш аўтаматычнай дастаўкі і робатаў

Ужо ў 2020-х гадах стануць звычайнай справай аўтаматычныя таксоўкі і дроны, якія танна і хутка дастаўляюць ежу і іншыя тавары проста да вас дадому. «Робататэхніка будзе мець вялікае значэнне для развіцця лагістыкі», - кажа Лінтуры.

Прадукты харчавання, магчыма, пачнуць вырабляць проста дома з дапамогай спецыяльных робатаў для вырошчвання гародніны і садавіны, забяспечаных эфектыўнымі святлодыёднымі лямпамі, напрыклад, у выглядзе асаблівых «шафаў-цяпліц», якія стаяць на кухні ці ў склепе шматкватэрных дамоў.

Акрамя таго, мы зможам звяртацца па дапамогу да робатаў, калі нам трэба адрамантаваць дом, памыць вокны, падстрыгчы загарадзь і газон або прыгатаваць ежу. Нам не абавязкова будзе іх набываць - адны і тыя ж робаты будуць працаваць у розных месцах.

«Будучыня надыходзіць хутчэй, чым многія думаюць», - кажа Рыста Лінтуры з энтузіязмам.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках