27 красавiка 2024, Субота, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крама аўтарскіх падарункаў выпусціла футболкі супраць «Табакерак»

7
Крама аўтарскіх падарункаў выпусціла футболкі супраць «Табакерак»

Беларусы выкарыстоўваюць розныя спосабы барацьбы супраць тытунёвых шапікаў.

Крама аўтарскіх падарункаў «Хмарачос» выпусціў лімітаваную серыю футболак з надпісам «“Табакерка”. Не ў маім горадзе». Прадстаўнікі крамы патлумачылі сваю пазіцыю ў сацсетках.

У краме ўспомнілі, што з 2008 года вуліцы Менска вызвалялі ад шапікаў, каб палепшыць аблічча горада, а заадно і абмежаваць даступнасць цыгарэтаў. З канца ж 2018 года шапікі «Табакерка» пачалі актыўна ўсталёўваць у рэгіёнах краіны – плануецца паставіць 2500 кіёскаў. Там адзначаюць, што «Табакеркі» ўжо стаяць на скрыжаванні вуліцаў Кальцова і Мірашнічэнкі, каля Менскага гандлёвага каледжа, побач з вялізным інтэрнатам, на вуліцы Асіповіцкай, дзе знаходзяцца сярэдняя школа № 35 і гімназія № 34, каля Кіеўскага сквера.

«У нашым горадзе мы не хочам бачыць “Табакеркі”! #неўмаімгорадзе», – сказана ў паведамленні. Крама прапануе футболкі за 25 рублёў за штуку, атрымаць іх можна паводле перадзамовы.

У сталіцы «Табакеркі» сталі ўсталёўваць з сярэдзіны ліпеня, да гэтага шапікі з'явіліся ў іншых рэгіёнах краіны. Ужо не раз шапікі апісвалі і пашкоджвалі. Ці заўсёды гэта было звязана з клопатам пра здароўе – пытанне адкрытае. У Менску стварылі электронную петыцыю з патрабаваннем прыбраць «Табакеркі», якую падпісала больш за шэсць тысячаў чалавек. Акрамя таго, беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі прапанавалі даць і ім права вярнуць свае шапікі на вуліцы сталіцы. Бо, на іхнюю думку, у сітуацыі з «Табакеркамі» відавочная выбіральнасць заканадаўства.

Нагадаем, «Табакеркі» па ўсёй краіне ўсталёўвае падкантрольная бізнэсмэну Аляксею Алексіну кампанія «Энэргія-Ойл», якая рэалізуе інвестпраект у стварэнні недзяржаўнай сеткі гандлю тытунёвымі вырабамі. У рэгіёнах працэс ідзе яшчэ з канца 2018 года, але для Менска гэтая справа была асабліва балючай.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках