27 красавiка 2024, Субота, 2:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка павінен сысці»: у Віцебску прайшоў першы пікет збору подпісаў

23
«Лукашэнка павінен сысці»: у Віцебску прайшоў першы пікет збору подпісаў

Людзі разумеюць, што большасць праблем звязаная менавіта з персонай дыктатара.

У цэнтры Віцебску, каля гандлёвага цэнтра «Кантынент», 10 верасня адбыўся першы пікет пад бел-чырвона-белым сцягам для збору подпісаў. Подпісы збіралі за вылучэнне ў якасці «кандыдатаў у дэпутаты» адразу чатырох жыхароў Віцебска. За дзве гадзіны падпісаліся некалькі дзясяткаў чалавек, паведамляе «Витебская весна».

Першым пунктам на плакаце Уладзіміра Кійко, які наважыў удзельнічаць у «парламенцкай кампаніі», пазначана: «Лукашэнка павінен сысці!».

Са слоў Уладзіміра, людзі моцна стаміліся ад рэжыму Лукашэнкі і разумеюць, што большасць праблем звязаная менавіта з гэтай персонай.

«Вядома, можна выступаць за зніжэнне пенсійнага ўзросту, за касаванне дэкрэта аб «дармаедах», падымаць іншыя праблемы, якія хвалююць людзей. Але трэба разумець, што, пакуль дзейны кіраўнік знаходзіцца ва ўладзе, развязаць іх будзе амаль немагчыма», - кажа патэнцыйны «кандыдат у дэпутаты».

Сур'ёзных інцыдэнтаў падчас пікету не адбылося, але тры чалавекі ў цывільным вялі відэазапіс на камеру. Падыходзіў таксама чалавек, які папрасіў паказаць Кійко пашпарт і пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы. Зборшчыкі подпісаў мяркуюць, што гэта падыходзіў супрацоўнік КДБ. Быў вельмі ветлівы і карэктны. Сказаў, што хоча паставіць подпіс, але, праверыўшы дакументы, перадумаў і пайшоў.

Падыходзіў таксама кіраўнік ГЦ «Кантынент». Прадставіўся Валянцінам Кульковым. Цікавіўся, ці санкцыянаваны пікет, і заявіў, што зборшчыкі подпісаў знаходзяцца на прыватнай тэрыторыі, якая належыць гандлёваму комплексу. Папрасіў адысці далей ад будынка.

«Нічога супраць вас не маю, але не хачу, каб заўтра мне патэлефанавалі з КДБ і спыталі, чаму я дапусціў, каб тут знаходзіўся ваш сцяг», - тлумачыў Кулькоў. Атрымаўшы ветлівую адмову, таксама пайшоў.

«Там пра Лукашэнку дрэнна напісана...»

Подпісы на пікеце збіраліся за яшчэ трох магчымых «кандыдатаў» - Уладзіміра Мацкевіча, Алега Паўлава і Святлану Германенку.

Людзі рэагавалі па-рознаму. Хтосьці аддаваў свой подпіс лёгка і без страху, а нехта казаў, што згодны з пазіцыяй кандыдата, але подпіс не паставіць, бо баіцца, што звольняць з працы. Некаторыя прасілі іх не фатаграфаваць і не здымаць на відэа. Адзін малады хлопец патлумачыў, што ставіць свой подпіс, бо не хоча «каб Беларусь увайшла ў склад Расеі». Многія з жыхароў Віцебска назіралі за пікетам здалёк.

«Што тут сказаць - людзі напалоханыя. Я сёння пайшоў у капіравальны цэнтр, каб надрукаваць плакат, скінуў ім файл - усё добра, папрасілі прыйсці праз паўгадзіны. Прыходжу праз 30 хвілін, а яны мне: не, надрукаваць не можам, бо там пра Лукашэнку дрэнна напісана... Зрабіў плакат у іншым месцы, але - чорна-белы», - распавёў Уладзімір Кійко.

Для рэгістрацыі ў якасці кандыдата трэба сабраць як мінімум 1000 подпісаў. На гэта даецца амаль месяц. Са слоў Кійко, чыя ініцыятыўная група складаецца з 39 чалавек, пікеты збору подпісаў будуць праводзіцца штодзень у розных частках горада. Подпісы плануюць збіраць і шляхам абыходу кватэр жыхароў Віцебска.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках