27 красавiка 2024, Субота, 2:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты прадказалі перамогу ЗША над Расеяй на рынку ЗПГ

3
Эксперты прадказалі перамогу ЗША над Расеяй на рынку ЗПГ
ФОТА: ІА REGNUM

ЗША праз 10 гадоў павялічаць вытворчасць звадкаванага прыроднага газу ў пяць разоў.

Да 2028 года на сусветным рынку газу застануцца ўсяго тры найбуйнейшыя вытворцы, якія будуць паміж сабой канкураваць за спажыўцоў, заявіў старшы навуковы супрацоўнік праграмы энергетыкі і нацыянальнай бяспекі Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (The Center for Strategic and International Studies, месціцца ў Вашынгтоне) Нікас Цафас. РБК пазнаёміўся з ягоным даследаваннем.

Сусветны лідар на рынку звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) Катар за дзесяць гадоў павялічыць вытворчасць у паўтара раза, захаваўшы першае месца, – 150 млрд куб. м (ці 109 млн т) у 2028 годзе за кошт уласных праектаў і дзеляў у ЗПГ-заводах у ЗША, гаворыцца ў даследаванні. А ЗША, якія цяпер нават не ўваходзяць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў і саступаюць Расеі ў пастаўках ЗПГ у Азію і Еўропу, павялічаць выпуск і экспарт адразу ў пяць разоў, з 28 млрд куб. м у 2018 годзе да 140 млрд куб. м (блізу 101 млн тон) у 2028 годзе за кошт уводу новых праектаў. Пры падрыхтоўцы прагнозу эксперт бярэ да ўвагі толькі тыя праекты, датычна якіх ужо прынятая інвестыцыйная пастанова, вынікае з дакумента.

Вытворчасць ЗПГ у Расеі за той самы тэрмін вырасце толькі ў 2,7 разы, з 25 млрд да 68 млрд куб. м (блізу 50 млн т), дазволіўшы ёй стаць трэцім ЗПГ-вытворцам у свеце. Падкантрольны «Газпраму» завод «Сахалін-2», запушчаны ў 2009 годзе, у 2018 годзе вырабіў 11,4 млн т ЗПГ. З выхадам на поўную магутнасць першай вытворчасці НАВАТЭКа «Ямал ЗПГ» (у снежні 2018 года былі запушчаныя ўсе тры чаргі агульнай магутнасцю 16,5 млн т) і запускам другога завода кампаніі «Арктык ЗПГ-2» (канчатковая інвестпастанова прынятая 5 верасня, да 2026 года чакаецца старт трэцяй чаргі, агульная магутнасць прадпрыемства складзе 19,8 млн т) і яшчэ двух малатанажных праектаў экспарт ЗПГ з Расеі амаль патроіцца, зазначае Цафас.

У 2018 годзе, паводле звестак вашынгтонскага цэнтра, у свеце было шэсць найбуйнейшых вытворцаў газу, на якіх прыпадала больш за 60% сусветнага экспарту. Акрамя Катара, ЗША і Расеі ў іх лік уваходзілі Аўстралія, Нарвегія і Канада. Але гэтыя краіны маюць абмежаваны кароткатэрміновы патэнцыял росту паставак газу і ў асноўным забяспечваюць нейкі адзін рэгіён – Азію, Еўропу ці Паўночную Амерыку адпаведна, паказвае эксперт. А тры будучыя найбуйнейшыя вытворцы маюць вялікія планы пашырэння магутнасцяў і могуць пастаўляць звадкаваны газ адразу ў некалькі рэгіёнаў, удакладняе ён.

Расея захавае першае месца ў свеце ў агульным экспарце газу, піша Цафас. У 2018 годзе Масква экспартавала 248 млрд куб. м (з іх 25 млрд куб. м – ЗПГ), а ў 2028 годзе павялічыць гэты паказнік на 50%, да 372 млрд куб. м, прагназуе Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў. «Газпрам», які валодае манаполіяй на экспарт трубаправоднага газу з Расеі, дабудоўвае газаправод «Сіла Сібіры» ў Кітай (38 млрд куб. м) і два трубаправоды ў Еўропу – «Паўночны струмень-2» па дне Балтыйскага мора (55 млрд куб. м) і «Турэцкі струмень» у Чорным моры (31,5 млрд куб. м). Дзякуючы гэтым праектам і новым ЗПГ-магутнасцям экспартны патэнцыял Расеі можа вырасці нават больш – прыкладна на 168 млрд куб. м, вынікуе эксперт.

Прадстаўнікі Мінэнэрга, НАВАТЭКа, «Газпрама», а таксама «Раснафты», што анансавала будаўніцтва ЗПГ завода на Далёкім Усходзе, не адказалі на запыты РБК.

Кансерватыўны прагноз

Мінэканамразвіцця чакае, што патраенне вытворчасці ЗПГ у Расеі адбудзецца ўдвая хутчэй – за пяць гадоў. Згодна з макраэканамічным прагнозам установы, да 2024 года вытворчасць звадкаванага газу вырасце ў краіне да 47,9 млн т. А старшыня кіравання і суўладальнік НОВАТЭКа Леанід Міхельсон яшчэ ў красавіку 2019 года прапанаваў замацаваць на дзяржаўным узроўні мэту стварэння ЗПГ-кластара магутнасцю да 140 млн т у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. «Толькі рэсурсная база Ямала і Гыдана дазволіць вырабляць 140 млн т ЗПГ за год. Тэхналагічна, мы мяркум, мы ўжо гатовыя ставіць перад сабой такія маштабныя мэты», – сказаў ён, выступаючы на штогадовай калегіі Мінэнэрга. Паводле ягоных словаў, гэта дазволіць забяспечыць Расеі да 20% сусветнага рынку ЗПГ.

Падчас запуску трэцяй чаргі «Ямал ЗПГ» у снежні 2018 года Міхельсон абяцаў, што толькі НОВАТЭК будзе вырабляць 55–60 млн т ЗПГ за год да 2030 года, а потым сказаў, што кампанія можа перагледзець сваю стратэгію, каб да 2030 года дасягнуць вытворчасці 70 млн т за год.

Кіраўнік Мінэнэрга Аляксандр Новак у ходзе Усходняга эканамічнага форуму ў верасні сказаў, што пасля запуску «Арктык ЗПГ-2» дзель Расеі на сусветным рынку звадкаванага прыроднага газу можа вырасці з 9 да 14%. Ён выказаў меркаванне, што ў перспектыве краіна можа вырабляць 120–140 млн т ЗПГ. Да 2035 года, паводле прагнозаў Мінэнэрга, сусветны попыт на ЗПГ складзе 600 млн т (рост удвая да цяперашняга ўзроўню), гэта значыць, Расея можа заняць нават больш за 20% рынку.

Прагноз вашынгтонскага цэнтра даследаванняў можна ўважаць даволі кансерватыўным, сцвярджае аналітык у газе Цэнтра энэргетыкі Маскоўскай школы кіравання «СКОЛКАВА» Сяргей Капітонаў. У гэтым даследаванні бяруцца да ўвагі толькі існыя магутнасці «Сахаліна-2», а таксама «Ямал ЗПГ», «Арктык ЗПГ-2» НОВАТЭКа і двух малатанажных заводаў, але перспектывы вытворчасці ЗПГ у Расеі больш спадзеўныя. На думку Капітонава, да гэтага спісу неабходна таксама дадаць праект «Газпрама» і «РусГазздабычы» ў порце Усць-Луга (магутнасць 13 млн т), які нядаўна атрымаў першы крэдыт ад ЗЭБа, ЗПГ-завод у рамках «Сахаліна-1» магутнасцю 6,2 млн т, пра які заявіў кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын у пачатку верасня, трэцюю чаргу «Сахаліна-2» (магутнасць 5,4 млн т), а таксама яшчэ адзін буйны завод НОВАТЭКа на Ямале «Арктык ЗПГ-3» (19,5 млн т) і ягоны ж невялікі праект «Обскі ЗПГ» (4,8 млн т, інвестыцыйная пастанова датычна яго чакаецца ў пачатку 2020 года). У суме гэтыя праекты, увод якіх у эксплуатацыю запланаваны да 2028 года, дадуць яшчэ амаль 50 млн т ЗПГ за год (ці 66,5 млрд куб. м), што павялічыць вытворчасць звадкаванага газу ў Расеі да 100 млн т. У выпадку ажыццяўлення гэтых планаў Масква будзе спрачацца за другое месца з ЗША.

Але Капітонаў прызнае, што рэалізацыя часткі гэтых праектаў спалучаная з цяжкасцямі: у трэцяй чаргі «Сахаліна-2» пакуль не развязанае пытанне з рэсурснай базай, у праекта «Раснафты» з партнёрамі на Далёкім Усходзе няма ні тэрмінаў, ні канфігурацыі, ні інвестыцый. Да таго ж пасля змены канцэпцыі «Балтыйскага ЗПГ» у Усць-Лузе і сыходу з праекта Shell паўстала пытанне пра тэхналогіі звадкаванні для гэтага завода.

Галоўная рызыка развіцця ЗПГ-галіны ў Расеі – тэхналагічныя санкцыі, паколькі краіна пакуль захоўвае залежнасць ад заходніх тэхналогій, хоць НАВАТЭК і спрабуе дамагчыся максімальнай іх лакалізацыі, указаў старэйшы дырэктар аддзела карпарацый Fitch Дзмітрый Марынчанка. А на думку кіраўніка кірунку ЗПГ ICIS Heren Рамана Казьміна, рэалізацыю некаторых ЗПГ-праектаў у Расеі могуць тармазіць іхнія замежныя інвестары. «Shell і Exxon, акрамя ўдзелу ў праектах на Сахаліне, развіваюць уласныя ЗПГ-праекты ў ЗША, таму ў іх могуць узнікнуць канфлікты інтарэсаў у выпадку перавытворчасці на рынку», – заўважыў ён.

«Мы не можам каментаваць неабгрунтаваныя тэорыі. Як мы ўжо неаднаразова казалі раней, мы зацікаўленыя ў пашырэнні магутнасці завода ЗПГ праекту «Сахалін-2», якое залежыць ад пацверджання крыніцы сыравіннага газу, і не бачым сувязі або канфлікту з нашымі магчымымі праектамі ў ЗША», – заявіў прадстаўнік Shell. Прадстаўнік Exxon у Расеі адмовіўся ад каментароў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках