16 кастрычнiка 2019, Серада, 6:29
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Алегу Сянцову ўручылі Шаўчэнкаўскую прэмію

Алегу Сянцову ўручылі Шаўчэнкаўскую прэмію
АЛЕГ СЯНЦОЎ
ФОТА: GETTY IMAGES

Яе прысудзілі яшчэ ў 2016-м годзе.

Вызваленаму з расейскага палону ўкраінскаму рэжысёру Алегу Сянцову ўручылі Нацыянальную прэмію імя Тараса Шаўчэнкі, прысуджаную ў 2016 годзе.

Як піша Крым.Реалии, пра гэта паведамляе Камітэт Нацыянальнай прэміі Украіны імя Тараса Шаўчэнкі ў Facebook.

«У Шаўчэнкаўскім камітэце адбылася сустрэча старшыні камітэта пісьменніка Юрыя Шчарбака з лаўрэатам Нацыянальнай прэміі-2016 кінарэжысёрам Алегам Сянцовым. Заслужаная ўзнагарода чакала лаўрэата. Неўзабаве яе ўручаць мастаку», – гаворыцца ў паведамленні.

У 2016 годзе Сянцову, які ў той час знаходзіўся ў расейскай калоніі, прысудзілі Нацыянальную прэмію імя Тараса Шаўчэнкі ў катэгорыі «Кінематаграфія» за фільмы «Гамер» і «Насарог» (няскончаная праца).

Нацыянальны звяз журналістаў Украіны, высоўваючы кінатворы Алега Сянцова на спашуканне Нацыянальнай прэміі ў кірунку «Кінематаграфія», адзначыў ягоную грамадзянскую пазіцыю ў пытаннях захавання тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, адстойвання правоў і свабодаў насельніцтва Аўтаномнай Рэспублікі Крым, асуджэння анэксіі паўвострава Расеяй, зацвярджэння дэмакратыі ва ўкраінскім грамадстве, развіцця нацыянальнай культуры.

Справа Сянцова і Кольчанкі

Крымскага рэжысёра Алега Сянцова і анархіста Аляксандра Кольчанку затрымалі прадстаўнікі расейскіх спецслужбаў у Крыме ў траўні 2014 года паводле абвінавачвання ў арганізацыі тэрактаў на паўвостраве. У жніўні 2015 года Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне асудзіў Сянцова да 20 гадоў калоніі строгага рэжыму паводле абвінавачання ў тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Крыма. Кольчанка атрымаў 10 гадоў калоніі. Абодва сваю віну не прызналі.

Алег Сянцоў адбываў пакаранне ў горадзе Лабытнангі, на поўначы Расеі. Аляксандр Кольчанка знаходзіўся ў калоніі горада Капейск, на Урале.

Летась Сянцоў галадаў цягам 145 дзён з патрабаваннем вызваліць усіх украінскіх палітвязняў. Пасля гэтага ён «пiсьмова пагадзіўся на прыём ежы». Сянцоў назваў гэта «вымушаным захадам праз пагрозу гвалтоўнага кармлення». Amnesty International заявіла, што прымусовае кармленне з'яўляецца катаваннем. 25 кастрычніка 2018 года Сянцову прысудзілі прэмію Еўрапарламента «За свабоду думкі» імя Сахарава.

Праваабарончы цэнтр «Мемарыял» унёс Сянцова і Кольчанку ў спіс палітвязняў. Петыцыю на сайце Белага дому з заклікам выратаваць асуджанага ў Расеі Алега Сянцова падпісалі больш за 100 тысячаў чалавек.

7 верасня 2019 года Сянцоў і Кольчанка былі вызваленыя з расейскіх калоній у выніку вялікага абмену.