Наста Гусева: Улады баяцца салідарнасці са Змітром Паліенкам
2- 25.09.2019, 21:26
- 11,461
Суд - закрыты, парушаныя ўсе правы актывіста на адкрытае і сумленнае разбіральніцтва.
Дзяўчына Змітра Паліенкі Наста Гусева пракаментавала прэс-службе «Еўрапейскай Беларусі» перанос даты суда над ім:
- Тое, што «захварэў» суддзя - гэта прадказальна для беларускіх судоў, але наогул - вельмі смешна. Абсалютна. Я не разумею на што яны разлічваюць. Таму што калі яны мяркуюць, што перанеслі з сённяшняга дня «суд», то не будзе салідарнасці, то не прыйдуць людзі, то людзі ўсё роўна прыйдуць, прыйдуць яшчэ і больш. Я не разумею, чаму яны ладзяць гэтыя перфомансы з «хваробамі» - гэта смешна. Гэта яшчэ раз даводзіць, тое, што справа - палітычная.
Я не разумею, чаму Зміцер, дагэтуль не прызнаны палітычным зняволеным. Усе акалічнасці гэтай справы паказваюць менавіта на гэта. Я не разумею, якія яшчэ патрэбныя доказы, каб прызнаць яго палітычным вязнем? Што яшчэ трэба?! Народу ўсё ўжо зразумела. Што яшчэ трэба праваабаронцам, чаго яны чакаюць, я не разумею.
Суд - закрыты, парушаныя ўсе правы Паліенкі на адкрытае і сумленнае разбіральніцтва. Нікога з праваабаронцаў, назіральнікаў, СМІ - нікога не падпусцяць нават блізка. Ніякіх матэрыялаў справы мы не ўбачым. Ніякіх высноў на падставе нейкіх паперак, якія яны напішуць мы таксама зрабіць не зможам. Гэта самая палітычная справа з якім я сутыкалася, тут ніякіх пытанняў узнікаць наогул не павінна. І я не разумею, чаму некаторыя людзі абмяркоўваюць усё яшчэ нейкую «хуліганку»? Ёсць факт таго, што чалавека ўдарылі, на яго напалі. Ён абараняў сваё жыццё, сваё здароўе, гэта ў вольным доступе нібыта. Абараняў сваё жыццё - кожны чалавек мае на гэта права.
Я заклікаю ўсіх да салідарнасці, заклікаю прыйсці на наступнае пасяджэнне. Каб людзей было ўдвая, утрая, у пяць разоў больш чым сёння. Гэта адзінае, што мы можам для Змітра зараз зрабіць. Гэта вельмі важна напраўду. Мы бачым, як рэагуе сістэма, бачым з іх боку правакацыі. Мы бачым, як яны рэагуюць на салідарнасць людзей - яны проста пачынаюць іх ужо баяцца.
Нагадаем, сёння на пікеце «Еўрапейскай Беларусі» па збору подпісаў выказалі салідарнасць са Змітром Паліенкам.