27 красавiка 2024, Субота, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя падрабязнасці бойкі двух міліцыянтаў у бары ў Докшыцах

Сталі вядомыя падрабязнасці бойкі двух міліцыянтаў у бары ў Докшыцах
ІВАН ХІЛЬКО

19-гадовы ўчастковы ў коме.

31 жніўня ў Докшыцкім бары «Сфера» ўчастковага Івана Хілько ўдарыў іншы міліцыянт, Аляксандр Жданько. Ён працуе ў аддзеле барацьбы з наркотыкамі. Для Хілько ўсё скончылася трэпанацыяй чэрапа і комай, піша nn.by.

У бары «Сфера» пацвердзілі факт здарэння: сказалі, што выклікалі хуткую і рабілі першую дапамогу пацярпеламу, пакуль ехалі дактары.

Знаёмыя сям'і пацярпелага апавялі вядомую ім версію падзей.

Прычынай бойкі нібыта стала 23-гадовая нараджэнка Докшыцаў Дар'я Ж. Яе ніяк не маглі падзяліць Аляксандр Жданько і старэйшы брат 19-гадовага Івана, апавядаюць вяскоўцы з Несцераўшчыны (там жывуць бацькі Івана Хілько).

«У Вані Хілько два старэйшыя браты, блізнюкі. Адзін брат жанаты ўжо, другі пакуль халасты. І вось тая Дар'я была то з тым халастым братам, то са Жданько.

Увечары ў суботу Жданько ўсе назвоньваў Ваню: маўляў, прыходзь у бар “Сфера” пагутарыць. Бацька адгаворваў Ваню, але дарэмна – той усё роўна пайшоў.

У “Сферы” быў п'яны Жданько. Ён пачаў Ваню пагражаць, казаць, што і яму пакажа, і ягонаму брату... Пасля ўдарыў Ваню. Ударыў толькі адзін раз. Ваня ўпаў, потым падняўся, плюнуў крывёю і зноў упаў. Больш ужо не ўставаў.

Хуткая на рэанімабілі адвезла яго ў Віцебск. Там пастанавілі, што хлопца трэба пераводзіць у Менск. Цяпер ён там у шпіталі. Быў у коме, яму ўскрывалі чэрап. Кажуць, што ўчора яму стала лепш, прыйшоў у прытомнасць, нават размаўляў... А сёння яму зноў стала горш.

Ваня такі ўжо добры хлопец, мы тут усёй вёскай молімся за яго.

Ён са звычайнай сям'і: бацька – кіроўца на пошце, мама працуе ў вясковай краме. Усе добрыя, працавітыя, і дзеці ў іх такія. Сям'я вялікая: ёсць старэйшая дачка, два сыны і малодшы Ваня.

Сам Ваня адслужыў у войску, быў там кінолагам. Пасля войска пайшоў у міліцыю. Усё нармальна было: узялі Ваню ўчастковым, абслугоўваць Ваўкалацкі сельсавет, далі пакой у інтэрнаце ў Докшыцах, бацькі яму машыну ўзялі ў крэдыт... і тут такое», – апавялі знаёмыя сям'і Хілько.

Журналісты звязаліся з бацькамі Івана, але яны адмовіліся ад каментароў.

«Я зла нікому не хачу, нават Жданько. Хачу толькі, каб мой Ваня выжыў. Застанецца жывым, тады ўсё раскажу, што ведаю. А пакуль – прабачце», – паведаміла маці Івана.

Яна пацвердзіла, што сын пакуль у рэанімацыі.

Аляксандра Жданько затрымалі. Цяпер ён пад вартай. Хлопцу 22 гады. Ён скончыў Акадэмію МУС, апошні год працаваў у мясцовым наркакантролі.

Старэйшы брат Аляксандра таксама сілавік, працуе ў Следчым камітэце.

АЛЯКСАНДР ЖДАНЬКО

Бацька Аляксандра таксама не захацеў каментаваць выпадак.

Журналісты звязаліся і з Дар'яй Ж. Кажуць, дзяўчына была разам са Жданько ў бары, калі ён ударыў Івана. Але яна таксама не захацела нічога казаць.

Знаёмыя сям'і пацярпелага апавядаюць, што нібыта Жданько ў вечар трагедыі прызнаў віну. Маўляў, ён паведаміў, што меў намер збіць Івана. Але на наступны дзень працверазеў і пачаў казаць, што ўвогуле нікога не біў. Праўда гэта ці чуткі – пакуль невядома.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках