4 траўня 2024, Субота, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыст: Усё глупства дэкрэтаў Лукашэнкі перавандравала ў новы Працоўны кодэкс

58
Юрыст: Усё глупства дэкрэтаў Лукашэнкі перавандравала ў новы Працоўны кодэкс
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА

У першую чаргу трэба скасаваць ганебную кантрактную сістэму.

З 1 студзеня ў Беларусі пачне дзеянне новы Працоўны кодэкс. Чаго цяпер чакаць беларускім працаўнікам ад наймальніка?

Сайт Charter97.org пагутарыў з прававым інспектарам працы незалежнага прафзвязу РЭП Леанідам Судаленкам.

– З 1 студзеня ў Беларусі новы Працоўны кодэкс, які многія эксперты называюць «самым горшым у свеце». Чаму за ім замацавалася такое вызначэнне?

– Гэта цалкам справядліва. І ведаеце, чаму ён зазнае такую жорсткую крытыку?

Таму што гэтыя ўсе нормы часовых дэкрэтаў Лукашэнкі, напрыклад 29-га дэкрэта аб тэрміновых працоўных кантрактах, цяпер перавандравалі ў Працоўны кодэкс.

Адпаведна, гэтыя абсурдныя нормы сталі для нашай краіны ўжо не часовымі нормамі, а сталымі. Гэта значыць, у кодэксе ўжо зафіксаваныя правы працадаўцы заключаць з працаўніком тэрміновыя працоўныя кантракты тэрмінам ад 1 года да 5.

Мы і наш прафзвяз РЭП заўсёды кажам пра тое, што ў кантрактнай сістэмы, як часовай формы занятасці для людзей, ёсць дзве праблемы. Першая праблема: любога працаўніка ў любы час пасля заканчэння кантракта, з любой суб'ектыўнай прычыны – скажам, не спадабаўся супрацоўнік наймальніку – выкідваюць на вуліцу без тлумачэння, чаму гэта адбылося. Напрыклад, як гэта было са мной калісьці ў «Белтрансгазе».

А іншая праблема: наймальнік заключае працоўны кантракт на максімальна магчымы тэрмін і ператварае працаўніка ў «прыгоннага». Ён знаходзіць сабе цягам гэтага часу новую працу, няхай нават больш высокааплатную – а наймальнік яго не адпускае. Пры такой кантрактнай сістэме працаўнік страчвае права на звальненне з уласнага жадання. Атрымліваецца, чалавек фактычна трапляе ў рабства на 5 гадоў: каб звольніцца да заканчэння кантракта яму патрэбная згода наймальніка. А наймальнік не дае згоды, матывуючы тым, што «ў мяне няма каму працаваць». І пры цяперашніх заробках у рэгіёнах гэтае «прыгоннае права» сустракаецца ўсё часцей і часцей.

Гэтыя дзве вострыя праблемы перавандравалі цяпер у новы працоўны кодэкс, чаму мы яго і крытыкуем так жорстка.

– Яшчэ на момант падпісання новага кодэкса Лукашэнкам у людзей выклікала абурэнне, што наймальнік атрымаў магчымасць «перадаваць» (і нават здаваць у арэнду) працаўніка іншаму наймальніку. Як Вы ацэньваеце гэтае «новаўвядзенне»?

– Уласна кажучы, у прамым сэнсе слова гэтая норма так не прапісаная: што наймальнік мае права «перадаваць працаўніка». Наймальнік, у сілу «абгрунтаваных эканамічных вытворчых прычынаў» мае права часова перавесці працаўніка. Пры гэтым у працаўніка ёсць права не пагадзіцца і звольніцца.

Гэта значыць, як такой перадачы без згоды працаўніка не павінна адбывацца. Але паколькі ў цэлым ёсць такая норма, то яна можа пачаць трактавацца наймальнікам па-рознаму. Таму хачу ўсім нагадаць: недапушчальна, калі я ўладкаваўся на працу да аднаго наймальніка, каб мяне пераводзілі без маёй згоды. Падкрэсліваю: гэтая норма ляжыць у плоскасці права працаўніка, а не абавязкаў.

– Яшчэ адзін скандальны момант новага кодэкса: беларусаў пазбаўляюць права звальняцца з уласнага жадання. Як Вы гэта пракаментуеце?

– Так, гэта самае глупства кантрактнай сістэмы, якое перавандравала ў Працоўны кодэкс. Унікнуць гэтага можна, калі працаўнік заключае бестэрміновую працоўную дамову, што ў нашых эканамічных умовах практычна немагчыма, таму што ўсе 100% працаздольнага насельніцтва працуюць паводле кароткіх працоўных кантрактаў.

Пры кантрактнай сістэме працаўнік сапраўды страчвае права на звальненне з уласнага жадання. І гэта – тое самае «прыгоннае права, пра якое я казаў вышэй. Але калі дамагчыся таго, каб з людзьмі заключалася бестэрміновая працоўная дамова, то – калі ласка, за адзін месяц працаўнік пісьмова папярэджвае наймальніка, і ўсё – воля наймальніка праз 30 дзён ужо нікчэмная.

– Новы кодэкс узаконіў «падпрацоўкі падчас адпачынку». Атрымліваецца, улады афіцыйна прызнаюць, што аднаго заробку ў Беларусі недастаткова, пракарміць сябе і сям'ю?

– Я мяркую, што ўлады не ведаюць, як цяпер заняць працаўнікоў. Напрыклад, наш «Гомсельмаш» да 15 студзеня цалкам сышоў на вакацыі. Улада не ведае, як заняць людзей на такіх буйных прадпрыемствах: прадукты, якія яны выпускаюць, не карыстаюцца попытам і не прадаюцца.

Таму працаўнікоў і выпраўляюць як у адпачынкі без утрымання, так і ў адпачынкі з утрыманнем. Фактычна, на многіх прадпрыемствах цяпер няма поўнай занятасці, у нас не ствараюць канкурэнтныя новыя працоўныя месцы, а тыя месцы, якія ёсць, не даюць сёння магчымасці працаўніку пракарміць сваю сям'ю.

Адсюль і ўзнікаюць такія папраўкі ў кодэкс. І, дарэчы, гэта зноў жа палажэнні часовых дэкрэтаў Лукашэнкі, якія перавандравалі ў новую рэдакцыю Працоўнага кодэкса.

Я не раз казаў і паўтару, што такога проста не павінна быць. Сёння рынак працы адкрыты, і беларусы хутчэй за ўсё паедуць працаваць у іншую краіну, чым будуць працаваць тут за міску супу. Людзей не задавальняе «праца за ежу» – для таго, каб толькі выжыць.

– Яшчэ летась асноўныя прафзвязы свету ўнеслі Беларусь у «чорны спіс». Што далей? Як прафзвяз РЭП будзе змагацца за правы беларускіх працаўнікоў з улікам пачатку дзеяння новага Працоўнага кодэкса?

– Прафзвяз РЭП заўсёды паслядоўна змагаўся і прадоўжыць змагацца – у тым ліку і з нестандартнай часовай занятасцю, і з іншымі палажэннямі нацыянальнага працоўнага заканадаўства, якія пагаршаюць становішча працаўнікоў. Мы гэтую працу не спынім і цяпер.

Збольшага, мы цяпер выконваем замест ФПБ і афіцыйных прафзвязаў іх працу. Яны павінны гэта рабіць, абапіраючыся на свае тэрытарыяльныя структуры, якія ўсюды прысутнічаюць, але нічога не робяць.

У выніку Беларусь чарговы раз трапляе ў спісы такіх экзатычных краінаў, дзе пра правы чалавека гавораць толькі шэптам і ноччу.

– Як, на Вашу думку, павінны выглядаць справядлівыя працоўныя стасункі ў Беларусі? Што б Вы памянялі ў Працоўным кодэксе ў першую чаргу?

Безумоўна, прыбраць трэба ў першую чаргу гэтую ганебную кантрактную сістэму найму, калі ўсё эканамічна актыўнае насельніцтва працуе паводле кароткатэрміновых кантрактаў.

Уяўляеце, малады спецыяліст, малады чалавек, з якім кожны год падаўжаюць гэтыя кантракты, элементарна не можа будаваць сваё жыццё. Ён не можа пайсці ў банк і ўзяць крэдыт, таму што ён не ведае, ці будзе мець заўтра працу. Ён не можа ўзяць крэдыт для набыцця жылля, у тым ліку. Ён не можа планаваць даўжэй чым на 2-3 гады, таму што ў любы момант кожны з нас можа апынуцца на вуліцы.

Гэта – самая галоўная праблема, і гэтую праблему трэба прыбіраць. Я думаю, што прыйдзе новая ўлада, новы ўрад – і ўсё гэта будзе прыведзенае ў адпаведнасць з цывілізаваным нормам. Міжнародныя стандарты, якія існуюць ва ўсіх краінах у галіне працы, павінны захавацца, і наадварот – усе гэтыя рудыменты савецкай эпохі, тое, што з дэкрэтаў Лукашэнкі перавандравала ў Працоўны кодэкс, павінна быць прыбранае з яго раз і назаўсёды. Такая мая пазіцыя.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках