26 красавiка 2024, Пятніца, 23:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна гатовая ўступаць у NATO

8
Украіна гатовая ўступаць у NATO
ФОТА: GETTY IMAGES

Краіна мае адно з самых магутных войскаў у Еўропе.

На ўрадавым партале Украіны з'явілася заява віцэ-прэм'ер-міністра Украіны ў пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Дзмітрыя Кулеба, піша Міхаіл Самусь, намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў войска, канверсіі і раззбраення, адмыслова для «Апострафа».

У ёй ён заклікаў NATO афіцыйна прыступіць да разгляду заяўкі Украіны на далучэнне да Праграмы пашыраных магчымасцяў Альянсу (Enhance Opportunity Program - EOP). Кулеба акцэнтаваў увагу на тым, што гэтая Праграма важная для атрымання выведвальнай інфармацыі ў крызісных выпадках, напрыклад, у сітуацыі, якая ўзнікла ў сувязі з катастрофай самалёта МАУ ў Іране.

Праграма мае такое ж значэнне, што і План дзеяння што да сяброўства ў NATO (ПДУ), але пазбаўленая палітычнага складніка. Далучэнне Украіны да яе можа адбыцца найбліжэйшым часам. Гэта дапаможа Кіеву развіваць войска ў адпаведнасці са стандартамі Альянсу.

Кажучы аб'ектыўна і сумленна, украінскае войска з'яўляецца адным з самых магутных у Еўропе. У ЕЗ фактычна аніводнае войска не гатовае да баявых дзеянняў, магчыма, акрамя французскага, якое пастаянна ўдзельнічае ў аперацыях у сваіх былых калоніях, а таксама войска Польшчы, Італіі і Вялікабрытаніі. Усе астатнія не гатовыя. А ўкраінскае войска ваюе.

Я б таксама не ідэалізавала абсталяванне і якасць вайсковай тэхнікі войска Еўропы, бо яны засталіся з часоў халоднай вайны. Напрыклад, Нямеччына на працягу 30 гадоў пасля развалу Савецкага Саюза наогул не звяртала ўвагі на абарону. Фактычна такая ж сітуацыя склалася ва ўсіх еўрапейскіх краінах. На мяжы 2009-2011 гадоў бюджэтнае фінансаванне на абарону там штогод змяншалася на 40-50%. Аднаўленне фінансавання адбылося толькі ў 2014 годзе.

Украіна ўжо цяпер фактычна гатовая ўступаць у NATO. Альянс - гэта ваенна-палітычная арганізацыя, створаная для арганізацыі сумеснай абароны яе сябраў. Украіна гатовая да выканання гэтай функцыі. Трэба яшчэ папрацаваць над параметрамі сумяшчальнасці стандартаў і штабоў. Аднак Праграма пашыраных магчымасцяў, пра якую заявіў Кулеба, як раз і накіраваная на развязанне практычных пытанняў для таго, каб Украіна ўжо на практычным узроўні была гатовая да сумесных аперацый з хаўруснікамі.

Праграма пашыраных магчымасцяў - гэта фактычна Membership Action Plan, гэта значыць, План дзеянняў па сяброўству ў NATO, але без абвяшчэння палітычнага рашэння. Але цяпер і не час для палітычных заяў. Праз вайны з Расеяй, менавіта ўнутры Альянсу існуюць праціўнікі таго, каб дэманстраваць Украіне якую-небудзь перспектыву, не кажучы ўжо пра пачатак практычнай працэдуры ўступлення ў NATO.

Нядаўна ўкраінскі Генштаб апублікаваў сваё бачанне рэформы ўкраінскага войска на 2020-2030 гады. Там апісана, як будуць мяняцца штабы, як будзе стварацца аператыўнае камандаванне і адбывацца падрыхтоўка. Адпаведна, усё будзе мяняцца ў адпаведнасці са стандартамі NATO. У гэтым бачанні прапісаны канкрэтныя справы, у тым ліку тое, што будзе рэалізоўвацца ў рамках ЕОР. Краіны NATO будуць дапамагаць кіраўніцтву Украіны выконваць запланаваныя змены.

Я думаю, што пастанова аб прыцягненні Украіны да Праграмы пашыраных магчымасцяў цяпер фактычна ўжо прынятая. Гэта пытанне абмяркоўвалася яшчэ напярэдадні снежаньскага саміту ў Лондане. Таму, я думаю, што далучэнне да гэтай Праграмы адбудзецца найбліжэйшым часам, калі будуць развязаныя пытанні з некаторымі суседзямі Украіны, у тым ліку з Вугоршчынай.

У красавіку 2008 года ў мемарандуме бухарэсцкага саміту NATO выразна было напісана, што Украіна і Грузія будуць сябрамі NATO. Ужо тады Альянс быў гатовы нас прыняць, але Пуцін пераканаў Францыю і Нямеччыну ў тым, што гэта не выгадна. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і цяпер спрабуе рабіць рэверансы ў бок Масквы, але я думаю, што гэта праява жадання Францыі заняць становішча лідара ў галіне бяспекі, абароны і знешнепалітычнай сферы ЕЗ. Але гэта не супярэчыць жаданню Парыжа быць лідарам па садзейнічанні набліжэнню Украіны да NATO. Такія вось супярэчлівыя пункту гледжання, але яны ўкладваюцца ў канцэпцыю французскай палітыкі.

Адным з жыццёва важных інтарэсаў Масквы гэта не дапусціць выхаду Украіны з-пад кантролю Расеі. Таму Крэмль будзе прымаць усе магчымыя меры для таго, каб перашкаджаць збліжэнню Кіева з NATO ў рамках ЕОР. Будуць раздзьмухвацца спрэчкі паміж Украінай і краінамі NATO, будуць прымяняцца спецслужбы, дыпламатыя, інфармацыйныя аперацыі. Могуць успомніць і напружаныя стасункі з Вугоршчынай. Таму ў інтарэсах Украіны паляпшаць стасункі з усімі сябрамі NATO, бо ўсе рашэнні там прымаюцца кансэнсусам, а галасы ЗША і ўмоўнай Эстоніі маюць аднолькавую вагу.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках