26 красавiка 2024, Пятніца, 23:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марк Эспер: Пентагон можа пачаць глабальную перастаноўку сіл ужо сёлета

1
Марк Эспер: Пентагон можа пачаць глабальную перастаноўку сіл ужо сёлета
МАРК ЭСПЕР
ФОТА: AFP

Заява міністра абароны ЗША.

Міністр абароны Марк Эспер у чацвер заявіў, што ён ужо ў гэтым годзе можа пачаць даўно чаканую глабальную рэарганізацыю вайсковых сіл у рамках новай стратэгіі Пентагона, у якой гаворыцца пра дзве асноўныя пагрозы для ЗША, што зыходзяць ад ад Расеі і Кітая, паведамляе «Голас Амерыкі».

Эспер заявіў, што ён не хоча ўстанавіць строгія часовыя рамкі для заканчэння так званага «перагляду агульнай абароны». Як чакаецца, перастаноўка амерыканскіх вайсковых сіл па ўсім свеце пачнецца пасля заканчэння гэтага перагляду.

«Перш чым вызначыць дату заканчэння [перагляду], я хачу пераканацца ў тым, што мы будзем знаходзіцца ў найлепшым становішчы да пачатку наступнага фінансавага года [пачынаецца 1 кастрычніка 2020 года -«Голас Амерыкі»]», - заявіў Эспер у гутарцы з журналістамі. Ён пацвердзіў свой намер развязаць гэтае пытанне «дастаткова хутка».

Эспер заявіў пра гэта падчас паездкі ў Маямі. Зараз міністр абароны пачаў перагляд вайсковых місій ЗША ў Лацінскай Амерыцы. Гэта адбываецца ў рамках глабальнага перагляду разгрупавання амерыканскіх вайскоўцаў ва ўсім свеце, што, як спадзяецца міністр, дазволіць Пентагону накіраваць больш вайскоўцаў у Азію і вярнуць частку вайскоўцаў з-за мяжы на радзіму.

Многія экспэрты кажуць, што неабходнасць у такіх пастановах наспела ўжо даўно праз вайсковыя поспехі, якіх Кітай дасягнуў у рэгіёне за апошнія два дзесяцігоддзі, у той час як Амерыка больш канцэнтравалася на контртэрарыстычных аперацыях у Іраку, Афганістане, Сірыі ды іншых краінах.

У той жа час, улічваючы узрослае напружанне ў дачыненнях з Іранам і з ўзброенымі групоўкамі, якія падтрымлівае Тэгеран, незразумела, наколькі вялікія перамены могуць адбыцца - асабліва ў год, калі ў ЗША праходзяць выбары прэзідэнта.

За пераглядам уважліва сочаць прыхільнікі амерыканскай вайсковай прысутнасці ў Лацінскай Амерыцы і Афрыцы. Гэтыя два рэгіёны, як правіла, атрымліваюць найменшае фінансаванне ў плане размяшчэння амерыканскіх вайскоўцаў.

Ацэнка сітуацыі ў Афрыцы пачнецца ў пятніцу. Назіральнікі чакаюць як мінімум сярэдняга скарачэння вайсковай прысутнасці ЗША ў Заходняй Афрыцы, дзе, як асцерагаюцца многія прадстаўнікі адміністрацыі, узмацняюцца сілы ісламістаў. Ніякіх канчатковых пастаноў прынята пакуль не было.

Значнае скарачэнне колькасці вайскоўцаў у складзе Паўднёвага камандавання ЗША можа адбыцца вельмі хутка. Амерыканская вайсковая прысутнасць у Лацінскай Амерыцы цяпер вельмі нязначная. Гаворка ў большасці выпадкаў ідзе пра дзясяткі вайскоўцаў, якія бяруць удзел у вучэннях. У той жа час тысячы вайскоўцаў могуць быць як выведзеныя, так і накіраваны на Блізкі Усход.

Эспер пастараўся развеяць гэты страх у чацвер падчас наведвання штаб-кватэры Паўднёвага камандавання, якая знаходзіцца ў Маямі.

«Усе заўсёды мяркуюць, што, калі мы гаворым пра перагляд, гэта азначае скарачэнне. Неабавязкова... Гэта – адное з паданняў, якія я спрабую развеяць... Хоць гэта можа азначаць змяненне ў памеры [прысутнасці], гэта таксама можа значыць адпраўку дадатковых сіл у рэгіён, калі яны там нам патрэбныя», - заўважыў міністр.

У той час, калі амерыканскія вайскоўцы спрабуюць больш агрэсіўна адказваць на выклікі з боку Кітая, Паўднёвае камандаванне даказвае, што Лацінская Амерыка павінна адыгрываць больш сур'ёзную ролю ў гэтым працэсе.

Паводле звестак Пентагона, за апошнія пяць гадоў колькасць заходаў кітайскіх вайсковых марскіх суднаў у рэгіянальныя порты павялічылася на 70%. Пекін нарошчвае продаж зброі, інвестыцыі ў інфраструктуру і гандлёвы абарот з краінамі Лацінскай Амерыкі.

З падлікаў Паўднёвага камандавання, КНР прадала ў Венесуэлу зброі на 615 млн даляраў толькі за апошняе дзесяцігоддзе.

Зрэшты, застаецца незразумелым, якая менавіта пастанова будзе прынятая кіраўніцтвам Пентагона, улічваючы, што такія тэндэнцыі выяўляюцца цяпер ва ўсім свеце.

Адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі, які гаварыў на ўмовах ананімнасці, заўважыў, што Паўднёвае камандаванне раней ужо зазнавала скарачэнне і пакутавала ад пераразмеркавання сродкаў.

«Проста ў парадку назірання - дзесяць гадоў таму... для мэт выведкі ў нас існавала [выведвальнае] падраздзяленне ў Калумбіі. Цэлая дывізія аналітыкаў, якія працуюць у Калумбіі. Цяпер у нас толькі два аналітыкі, якія займаюцца Калумбіяй», - заўважыла крыніца.

Скарачэнне колькасці аналітыкаў у некаторых кірунках і зрушэнне ўвагі на рост пагрозы з боку Расеі і Кітая азначае, што «мы бяром на сябе рызыку ў шэрагу абласцей, каб справіцца з існай праблемай», - дадаў прадстаўнік адміністрацыі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках