8 траўня 2024, Серада, 11:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Калінкавічах старшыня выканкама загадаў прымусіць «дармаедаў» прыбіраць фермы і могілкі

59
У Калінкавічах старшыня выканкама загадаў прымусіць «дармаедаў» прыбіраць фермы і могілкі
СЯРГЕЙ ГВОЗДЗЬ.
ФОТА: KALINKOVICHI.GOV.BY

Гэта незаконна.

Кіраўнік Калінкавіцкага райвыканкама назваў людзей, якія не маюць афіцыйнага месца працы, лайдакамі і загадаў прымусіць іх працаваць, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Як паведаміла раённая газета «Калінкавіцкія навіны», на аператыўнай нарадзе ў Калінкавіцкім райвыканкаме ягоны старшыня Сяргей Гвоздзь запатрабаваў ад кіраўнікоў Капліцкага і Ліпаўскага «сельсаветаў» Генадзя Кавальчука і Любові Бакіноўскай змусіць непрацоўных жыхароў адпаведных тэрыторый да працы ў навядзенні парадку на фермах і цывільных могілках.

У ходзе нарады старшыні «сельсаветаў», якія адначасова з'яўляюцца і старшынямі грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, давалі справаздачу пра працу гэтых пунктаў. Сяргей Гвоздзь застаўся незадаволены працай у папярэджанні правапарушэнняў і намаганнямі кіраўнікоў органаў мясцовага кіравання ў гэтым кірунку. Сваё дрэннае ўражанне ён звязаў з наяўнасцю ў вёсках дзясяткаў беспрацоўных.

«П'янства і дармаедства квітнеюць, а на фермах працаваць няма каму», – абурыўся Сяргей Гвоздзь.

Як адзначае «Палеская Вясна», пры гэтым у інфармацыі раённай газеты не называюцца паказнікі крымінагеннай сітуацыі ў гэтых сельсаветах і колькасць правапарушэнняў, якія здзейснілі непрацоўныя.

«Збярыце ўсіх гультаёў ды прывядзіце хоць адну ферму ў парадак або разам з імі навядзіце парадак на цывільных могілках», – загадаў Сяргей Гвоздзь старшыням «сельсаветаў».

Але ці законна такое патрабаванне старшыні райвыканкама?

Паводле словаў праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, магчымы толькі адзіны законны варыянт змушэння да працы беспрацоўных жыхароў згаданых сельсаветаў.

«Калі праз пункты занятасці насельніцтва, напрыклад, будуць прапаноўвацца такія вакансіі, з заключэннем дамовы падраду і з адпаведнай аплатай такой працы, то тады гэта будзе законна. У астатніх выпадках – гэта прымусовая праца і яна незаконная. Мы чарговы раз нагадваем, што ніхто не мае права прымусова змушаць грамадзянаў да працы».

Стэфановіч падкрэслівае, што ў выпадку, калі беспрацоўныя жыхары Калінкавіцкага раёна ўсё ж такі будуць змушаныя да ўборкі могілак і фермы, то гэты выпадак будзе зафіксаваны як чарговы прыклад прымусовай працы ў Беларусі. Такія выпадкі праваабаронцы традыцыйна фіксуюць і крытыкуюць у альтэрнатыўных дакладах у дамоўныя органы Арганізацыі аб'яднаных нацый, сярод іншага ў Камітэт сацыяльна-эканамічных і культурных правоў і ў Камітэт правоў чалавека. Дарэчы цяпер падрыхтаваная альтэрнатыўная справаздача ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду, у якім таксама ёсць раздзел пра выкарыстанне прымусовай працы ў Беларусі.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках