28 красавiка 2024, Нядзеля, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ў хрысціян два Раствы?

11
Чаму ў хрысціян два Раствы?
ФОТА: EPA

Калі напраўду нарадзіўся Ісус Хрыстос.

Сёння ў Беларусі адзначаецца адно з галоўных хрысціянскіх святаў - Раство Хрыстова. «Гордон» распавядае, калі напраўду нарадзіўся Ісус Хрыстос, чаму хрысціяне святкуюць яго нараджэнне ў розныя дні.

Калі нарадзіўся Ісус Хрыстос?

Гістарычны Ісус Хрыстос, калі ён сапраўды існаваў (а неабвержных доказаў існавання рэальнага прататыпа біблейскага Месіі няма), нарадзіўся паміж 7 годам да нашай эры і 4 годам нашай эры. Дакладная дата яго нараджэння таксама невядомая; хрысціянская царква лічыць, што Хрыстос нарадзіўся 25 снежня - роўна праз дзевяць месяцаў пасля таго, як архангел Гаўрыіл паведаміў Панне Марыі аб бязгрэшным зачацці (свята Звеставання адзначаецца 25 сакавіка).

На 25 снежня паводле юліянскага календара, уведзенага імператарам Юліем Цэзарам у 45 годзе да нашай эры, прыпадала і зімовае сонцастаянне. Аднак да часу, калі святкаванне Раства трывала ўвайшло ў традыцыю (паводле розных звестак, гэта адбылося ў III-IV стагоддзі нашай эры; афіцыйна дата была замацаваная на Эфескім саборы ў 431 годзе), юліянскі каляндар на некалькі дзён адставаў ад астранамічнага. Непасрэдна да Каляд разыходжанне календароў не мела дачыненне, але стварала складанасці пры вызначэнні іншых царкоўных святаў, між іншым галоўнай хрысціянскай урачыстасці - Вялікадня, - дата якога разлічвалася ад дня веснавога раўнадзенства.

Адкуль узялося 7 студзеня?

Несупадзенне прывяло да таго, што ў 1582 годзе Папа Рымскі Рыгор XIII увёў новы каляндар (цяпер яго называюць грыгарыянскім): пасля чацвярга, 4 кастрычніка 1582 года, наступіла пятніца, 15 кастрычніка. Працэс пераходу на грыгарыянскі каляндар моцна расцягнуўся (Вялікабрытанія прыняла новы стыль толькі ў 1752 годзе), і калі на момант увядзення грыгарыянскага календара розніца з юліянскім складала 10 дзён, то да XX стагоддзя яна павялічылася да 13. Тое бок 25 снежня для цэркваў, якія карыстаюцца юліянскім календаром, наступае на 13 дзён пазней, чым паводле грыгарыянскага календара. Уласна, гэтым і тлумачыцца розніца ў датах святкавання Раства.

БАСЬНІЙСКІЯ СЭРБЫ СВЯТКУЮЦЬ РАСТВО, 7 СТУДЗЕНЯ 2020 ГОДА. ФОТА: EPA

«Асаблівая» дата Раства (яна не мае дачынення да розніцы ў календарах) прынятая толькі Армянскай апостальскай царквой, якая адзначае нараджэнне Хрыста 6 студзеня. У армянскай і раннехрысціянскай традыцыі гэта свята Богаяўлення, прысвечанае нараджэнню і хрышчэнню Ісуса Хрыста (у астатніх цэрквах Хрышчэнне цяпер адзначаецца асобна 6 студзеня паводле грыгарыянскага календара і 19-га - паводле юліянскага).

25 снежня – каталіцкае Раство, 7 студзеня - праваслаўнае?

Гэта не так. Сапраўды, да 1582 года, калі Папа Рымскі ўвёў новы каляндар, хрысціянства ўжо падзялілася на каталіцызм і праваслаўе, і хрысціяне ўсходняга абраду, каб не падпарадкоўвацца волі папы, працягвалі карыстацца юліянскім календаром. Тым не менш і каталікі, і праваслаўныя святкавалі Раство ў адну дату, але праз розніцу ў календарах яна прыходзілася на розныя дні. Няма дакладнага канфесійнага падзелу па даце святкавання Раства і цяпер.

Акрамя таго, у 1923 годзе праваслаўная царква правяла каляндарную рэформу: на прапанову канстанцінопальскага патрыярха Мялеція IV замест юліянскага быў уведзены новаюліянскі каляндар (да 2800 года даты цалкам супадаюць з грыгарыянскім). Аднак рашэнне сабора не было выкананае, і некаторыя памесныя праваслаўныя царквы працягваюць карыстацца юліянскім календаром.

Як адзначаў украінскі гісторык Аляксандр Зінчанка, і ў Расейскай імперыі да рэвалюцыі 1917 года, і ў Савецкім Саюзе пасля рэвалюцыі, выходным днём лічылася менавіта 25 снежня, а традыцыя адзначаць Раство 7 студзеня ўстанавілі толькі пасля развалу СССР.

На гэты час грыгарыянскі каляндар выкарыстоўваюць амаль усе цэрквы заходняй традыцыі, грэка-каталікі і праваслаўная царква Фінляндыі; юліянскі - праваслаўныя цэрквы ў Расеі, Украіне, Польшчы, Сербіі і Грузіі, а таксама Ерусалімскі патрыярхат, Украінская грэка-каталіцкая царква; новаюліянскі - Канстанцінопальскі, Александрыйскі, Антыёхійскі патрыярхаты, праваслаўныя цэрквы Румыніі, Балгарыі, Кіпра, часткова Грэцыі і Паўночнай Амерыкі, а таксама румынскія грэка-каталікі. Пратэстанцкія цэрквы таксама адзначаюць Раство па-рознаму. Напрыклад, Англіканская царква і лютэране святкуюць 25 снежня, тады як у баптыстаў-евангелістаў дата вызначаецца кожнай памеснай царквой або суполкай асобна.

КАЛЯНДАР 1911-ГА І 1928 ГАДОЎ. НА ДАРЭВАЛЮЦЫЙНЫМ КАЛЯДНЫЯ ВЫХОДНЫЯ ПРЫПАДАЮЦЬ НА 25-27 СНЕЖНЯ, НА САВЕЦКІМ - НА 25-26-Е. ФОТА: ISTPRAVDA.COM.UA
Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках