27 красавiка 2024, Субота, 5:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як сям'я Афанасьевых ходзіць на пратэсты ў Магілёве

1
Як сям'я Афанасьевых ходзіць на пратэсты ў Магілёве
МАЯ З БАЦЬКАМ АЛЯКСАНДРАМ
ФОТА: «БЕЛСАТ»

"Не сорамна будзе ўнукам ў вочы глядзець».

30 верасня Мая прыйшла на суд да мужа разам з бацькам. Такой кампаніяй яны і ходзяць на пратэсты ў Магілёве. 27 верасня ў Ленінскім РАУС склалі пратаколы за ўдзел у акцыі пратэсту на ўсіх траіх, але Маю з бацькам адпусцілі дадому, а мужа адправілі чакаць суда ў ізалятар. 30 верасня суд Ленінскага раёна Магілёва прысудзіў Арцёма Афанасьева да 7 дзён арышту, паведамляе «Белсат».

Справу разглядала суддзя Ксенія Урублеўская. Сам Арцём прысутнічаў на працэсе віртуальна - праз скайп. Зараз у магілёўскіх судах справы паводле арт. 23.34 КоАП, калі абвінавачаны ўжо змешчаны ў ізалятар, у абсалютнай большасці выпадкаў разглядаюцца праз скайп. Маўляў, праз цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыі так больш бяспечна. Але ўсе астатнія могуць папрысутнічаць на разглядзе справы ў кабінеце суддзі і нават без масак.

Перад Арцёмам гэтая ж суддзя разглядала аналагічную справу: хлопца затрымалі 27 верасня на пратэсце, абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і ў «непадпарадкаванні» супрацоўнікам міліцыі і вынеслі прысуд - 12 дзён. Здаецца, вынік справы Арцёма ужо вядомы. Але родныя - жонка Мая і цесць Аляксандр не страчваюць надзеі.

Суддзя пачынае разгляд справы. Арцём бачыць у акенцы скайпа толькі твар суддзі і нават не здагадваецца, што ў кабінеце прысутнічаюць яшчэ людзі, у тым ліку ягоныя родных. Суддзя зачытвае, у чым абвінавачваецца Арцём: «Рухаўся ў калоне людзей, якая выкрыквала лозунгі і меў апазіцыйную сімволіку» - гэта ч.1. арт. 23.34 КоАП. І «адмовіўся выканаць законныя патрабаванні супрацоўніка міліцыі спыніць шэсце і разысціся» - арт. 23.4 КоАП. За гэта і іншае прадугледжанае пакаранне ў выглядзе штрафу або арышту.

Арцём адкрыта кажа: «Так, у шэсці браў удзел, бо хацеў выказаць салідарнасць. Я не згодны з вынікамі выбараў прэзідэнта 9 жніўня. Ведаў, што шэсце несанкцыянаванае». Далей Арцём апісвае момант свайго затрымання. Маўляў, на плошчы Арджанікідзэ ён пачуў выбух або стрэл, пасля АМАП пачаў працаваць дубінкамі.

«Супрацоўнікі ўдарылі мяне па спіне, ад удараў я ўпаў на зямлю. У мяне выпаў мабільны тэлефон і ключы. Мне загадалі пакласці рукі за спіну, я адразу не зразумеў і паклаў іх за галаву. Пасля гэтага мяне падхапілі ў мікрааўтобус», - успомніў Арцём на судзе.

Але паводле тлумачэння сведкі-міліцыянта, усё было зусім інакш. "27 верасня я заступіў на службу для аховы грамадскага парадку. У цэнтры горада пачалі збірацца людзі, якія выказвалі пратэстныя настроі. На плошчы Арджанікідзэ грамадзяне не рэагавалі на просьбы спыніць несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і разысціся. Іх папярэджвалі з мегафонам, неаднаразова, але людзі і канкрэтна Арцём Афанасьеў не разыходзіліся», - сказаў нейкі Курносенка.

Арцём заявіў, што на месцы падзей не чуў, каб супрацоўнікі прасілі людзей разысціся. Гэтыя словы ён пачуў толькі ў Ленінскім РАУС, калі перачытваў аператыўнае відэа.

Цесць Арцёма Аляксандр Новікаў, які таксама быў затрыманы на тым жа самым месцы 27 верасня, таксама не памятае, каб нехта прасіў разысціся.

«Я пачуў толькі нейкі вокліч, быццам каманду, «б'ём!». І АМАП адразу панёсся на нас. Паколькі сярод пратэстоўцаў былі жанчыны, то мужчыны сталі ў счэпку, каб іх абараніць. Канкрэтна мне прыляцела: спачатку ўдарылі дубінкай па назе, потым было некалькі удараў берцамі ў жывот, далей - білі па руках і па галаве. Вядома, я стараўся ўхіліцца ад удараў і таму было цяжка разгледзець, хто іх наносіць. Запомніліся толькі вочы - поўныя нянавісці», - кажа Аляксандр.

Зараз на целе мужчыны яшчэ засталіся сінякі і ўдары. Мая падчас затрыманняў падбегла да таты, каб яго абараніць - у мужчыны 2-я група інваліднасці. Але не змагла. Мужчыну паднялі і панеслі ў аўтазак. Падчас гэтага парвалі кашулю і рэмень.

Пасля такога нападу Мая не магла пакінуць бацьку па-за ўвагай. Дзяўчына сама падышла да амапаўцаў, каб той пусціў яе ў аўтазак. Яна сказала: «Пакажыце, што з маім бацькам усё добра». Той адмовіў. Але дзяўчына намагала і ў рэшце яе ўсё ж пусцілі ў аўтазак і прывезлі ў Ленінскі РАУС разам з іншымі затрыманымі. Там, у РАУС на Арцёма, Аляксандра і Маю склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння, але ў ізалятар забралі толькі Арцёма. Маю адпусцілі дадому, бо у яе малалетняе дзіця, а Аляксандра праз ягоную інваліднасць. Але ў суд іх яшчэ абавязкова паклічуць.

«Гэта нейкі абсурд. Я не разумею, як можна судзіць чалавека за тое, што ён надумаў выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Чаму маю сям'ю збіваў АМАП, а судзяць нас - тых, каго збівалі?» - задае рытарычнае пытанне Мая.

Звычайна людзі хвалююцца, калі іх затрымліваюць або судзяць, а Аляксандр кажа пра гэтыя падзеі з радасцю. «Быццам камень з душы зваліўся! Нарэшце адзначылі і мяне. Цяпер хоць не сорамна будзе ўнукам ў вочы глядзець. Зараз я ўжо магу казаць, што не застаўся ў баку, а таксама зрабіў свой унёсак - мяне пабілі, затрымалі і яшчэ будуць судзіць за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту», - цешыцца Аляксандр.

Тым часам суддзя надумала вярнуць пратакол паводле арт. 23.4 у дачыненні да Арцёма Афанасьева назад у РАУС на дапрацоўку і вынесла пастанову толькі за ўдзел у акцыі пратэсту. Арцёму Афанасьеву прысудзілі 7 дзён арышту, 3 з іх ён ужо адседзеў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках