26 красавiка 2024, Пятніца, 22:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Ціханоўская абвесціла Лукашэнку ўльтыматум

188
Святлана Ціханоўская абвесціла Лукашэнку ўльтыматум
Фота: EPA

Улада павінна выканаць тры ўмовы.

Святлана Ціханоўская абвесціла Лукашэнку ўльтыматум, паведамляе тэлеграм-канал «Баста!»:

«Два месяцы таму мы прачнуліся, як у звычайны выхадны дзень, і паехалі галасаваць. І мы ўсе прагаласавалі за перамены. Два месяцы таму быў наш апошні звычайны выхадны. Мы выйшлі на вуліцы, каб вярнуць свае галасы, і атрымалі за гэта кулі, дубінкі, турэмныя камеры і цынічную хлусню рэжыму. Яны пытаюцца нас падчас удараў: “Вы хацелі пераменаў?” Яны кажуць нам: “Вось вам перамены”.

Мы адкажам: гэта – не перамены. Вы саджалі нас заўсёды, а цяпер сталі саджаць яшчэ больш. Вы запалохвалі нас заўсёды, а цяпер сталі запалохваць яшчэ больш. Вы заўсёды білі мужчынаў, а цяпер б'яце яшчэ жанчынаў, дзяцей і старых. Не спрабуйце выдаваць гэта за дыялог. Гэта дзяржаўны тэрор. І кожны, хто яшчэ не прыняў пастанову перайсці на бок народа – суўдзельнік тэрору. Заявіце публічна пра тое, што больш не падтрымліваеце рэжым. Звярніцеся да нас праз фонды, лісты ці нават знаёмых. Калі вы не зробіце гэтага – значыць гэта вашымі рукамі зараз збіваюць нашых бабуляў і дзядуляў. Гэта праз вас ім учора пагражалі зброяй – магчыма, упершыню з іх страшнага ваеннага дзяцінства.

Мы шмат разоў казалі, што гатовыя да дыялогу і перамоваў. Але гутарка за кратамі – гэта не дыялог. Збіваць свой народ пасля заяваў пра гатоўнасць да перамоваў – не дыялог. Лукашэнка забівае сваю будучыню і спрабуе зацягнуць за сабой чыноўнікаў, сілавікоў і ўвесь беларускі народ. Але мы гэтага не дапусцім.

Прайшло два месяцы палітычнага крызісу, гвалту і беззаконня – і з нас досыць. 25 кастрычніка мы абвяшчаем Народны Ультыматум.

У рэжыму ёсць 13 дзён, каб выканаць тры абавязковыя патрабаванні:

1. Лукашэнка павінен абвесціць пра сыход.

2. Гвалт на вуліцах павінен спыніцца цалкам.

3. Усе палітвязні павінны быць вызваленыя.

Калі да 25 кастрычніка нашы патрабаванні не будуць выкананыя, уся краіна мірна выйдзе на вуліцы з Народным Ультыматумам. І 26 кастрычніка пачнецца нацыянальная забастоўка ўсіх прадпрыемстваў, блакаванне ўсіх дарог, крах продажаў у дзяржаўных крамах. У вас ёсць 13 дзён, каб выканаць тры ўмовы. У нас ёсць 13 дзён, каб падрыхтавацца, і ўвесь гэты час беларусы будуць прадаўжаць свой мірны і настойлівы пратэст.

Вы спрабуеце паралізаваць жыццё нашай краіны, не разумеючы, што Беларусь больш моцная, чым рэжым. Раз вы чакалі загаду – то вось загад. І тэрмін ягонага выканання – да 25 кастрычніка».

Напісаць каментар 188

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках