27 красавiка 2024, Субота, 2:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт распавёў, чым небяспечны выбух, які здарыўся на Светлагорскім ЦКК

6
Экспэрт распавёў, чым небяспечны выбух, які здарыўся на Светлагорскім ЦКК

Нізкаканцэнтраваныя газы могуць адбіцца на здароўі мясцовых жыхароў.

Сёння ў Светлагорску на цэлюлозна-кардонным камбінаце адбыўся выбух і пажар на ёмістасці з талавай алівай, у выніку чаго адзін работнік загінуў, іншы атрымаў траўмы і шпіталізаваны, пішуць «Сильные новости».

Экспэрт у галіне змены клімату і аховы атмасфернага паветра Андрэй Піліпчук прааналізаваў сітуацыю і распавёў, чаго варта асцерагацца мясцовым жыхарам.

«На фота ў цэнтры бачны содарэгенерацыйны кацёл. На падставе белага колеру дыму з высокай трубы (справа будынка) можна зрабіць выснову, што кацёл працуе на 35-50% нагрузкі на прыродным газе. Белы дым у нізе трубы (унізе лявей высокай трубы) - гэта пар, праз яго не відаць трубы факела абясшкоджвання высокаканцэнтраваных газаў малога аб'ёму. Труба факела бачная з іншых здымкаў, але здымкі досыць дрэннай якасці, немагчыма вызначыць, ці працуе факел абясшкоджвання ВКМА. Белы дым з нізкай ацынкаванай трубы (злева будынка) - гэта наўпроставы скід нізкаканцэнтраваных газаў вялікага аб'ёму без іх абясшкоджвання і ачысткі, з чаго таксама вынікае, што содарэгенерацыйны кацёл працуе на нагрузцы, меншай за 55% (менш за 160 тон пара на гадзіну), чорны шчолак на катле не спальваецца», - разважае Андрэй.

Экспэрт сцвярджае, што нізкаканцэнтраваныя газы вялікага аб'ёму (мецілмеркаптан, эцілмеркаптан і дзімецілдзісульфід у канцэнтрацыі 83 мг/м3 (у пераліку на серу)) цяпер наўпрост без ачысткі выкідваюцца ў атмасфернае паветра.

Андрэй Піліпчук падрабязна распавёў, чым небяспечныя нізкаканцэнтраваныя газы і як гэта можа адбіцца на здароўе.

«Тэхналагічна ў выніку варэння дранкі атрымліваецца два прадукты: нябеленая цэлюлоза і нізкаканцэнтраваны чорны шчолак (раствораны лігнін і іншыя прадукты) з тэмпературай 112 градусаў. Нізкаканцэнтраваны чорны шчолак падаецца на выпарныя калоны, дзе ўтвараюцца дзве плыні - газавая сумесь высокаканцэнтраваных газаў малога аб'ёму (ВКМА) і забруджаны кандэнсат (вельмі высокая канцэнтрацыя раствораных лятучых рэчываў).

ВКМА з адпарнай калоны забруджанага кандэнсату і з блокаў выпарвання нізкаканцэнтраванага чорнага шчолаку накіроўваюцца альбо ў гарэлку содарэгенерацыйнага катла (толькі калі ён працуе на шчолак) альбо ў рэзервовую гарэлку (факел). Іншымі словамі, пры аварыйных сітуацыях існуе сістэма факельнага абясшкоджвання ВКМА. На фота вызначыць, ці працуе факел немагчыма, ён схаваны за парай каля вялікай трубы.

Нізкаканцэнтраваныя газы вялікага аб'ёму (НКВА) утвараюцца на трох асноўных тэхналагічных стадыях - кандэнсацыя газаў варачнага катла, прамыванне нябеленай цэлюлозы, выпарка чорнага шчолаку. Асаблівасцю гэтых газаў з'яўляецца вельмі высокая вільготнасць і яны не могуць паводле тэхналогіі спальвацца ў содарэгенерацыйным катле, пакуль ён не дасягнуў магутнасці 55% пры працы на шчолак. Сістэма факельнага абясшкоджвання НКВА адсутнічае. Пры нармальным тэхналагічным рэжыме НКВА падмешваюць у троеснае паветра, накіраванае для падтрымання працэсу гарэння ў содарэгенерацыйны кацёл, толькі пры яго працы на чорным шчолаку, і адпаведна, калі кацёл працуе на прыродным газе, то ўсё НКВА з трох тэхналагічных стадый заводзіцца ў асобную трубу і наўпрост без ачысткі выкідваецца ў атмасфернае паветра, якой-небудзь сістэмы ачысткі або рэзервовага спальвання гэтых газаў не прадугледжана.

Мецілмеркаптан - бясколерны гаручы газ з рэзкім непрыемным пахам, у 1,7 разы цяжэйшы за паветра, утварае з паветрам выбухованебяспечныя сумесі. Гранічна дапушчальная канцэнтрацыя ў паветры населеных пунктаў 0,00001 мг/м3. Парог успрымання паху 0,0001-0,0003 мг/м3. З'яўляецца небяспечным пры ўдыху, пападанні ўнутр, кантакце са скурай. Пры канцэнтрацыі звыш 20 мг/м3 узнікае раздражненне слізістых абалонак верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, млоснасць, галавакружэнне, у цяжкіх выпадках курчы, наркатычнае ап'яненне».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках