1 снежня 2020, aўторак, 15:20
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Казлоў – супрацоўнікам МУС: Надоўга схавацца пад балаклавамі не атрымаецца

43
Мікола Казлоў – супрацоўнікам МУС: Надоўга схавацца пад балаклавамі не атрымаецца
МІКОЛА КАЗЛОЎ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Перамены ў Беларусі неўнікнёныя.

Пра гэта в.а. старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў заявіў у інтэрв'ю «Свабодным навінам плюс».

– У гэтыя дні шмат кажуць пра падзеі ў Кыргызстане. Можна іх спраектаваць на Беларусь?

– Вядома, нам хочацца ўсяго і найхутчэй. Як у гэтай далёкай сярэднеазіяцкай краіне...

Перамены ў Беларусі неўнікнёныя, яны будуць, але трэба браць да ўвагі адну істотную акалічнасць. Вертыкаль, хоць і знаходзіцца ў меншасці (гэта я магу сказаць абсалютна дакладна), згуртавалася і настроеная вельмі агрэсіўна. Сілавыя структуры – таксама. Чаму сведчаннем зладжанае імі на вуліцах беззаконне. Ведаю і веру размовам, што ім цяпер плацяць значна больш, чым звычайна. Для таго каб істотна павялічыць рэальны заробак, неабавязкова павялічваць аклад. Існуе маса іншых спосабаў – прэміі, надбаўкі, перапрацоўка.

Што тычыцца Кыргызстана, то ў нас зусім розныя сітуацыі. Там было тры рэвалюцыі, і ўжо памянялася пяць прэзідэнтаў.

У Кыргызстане зусім іншая гісторыя – супрацьстаянне поўдня і поўначы, розных кланаў. Сілавікам там амаль індыферэнтна, хто кіруе краінай. У нас жа ўводзяць у вушы, што іхні дабрабыт цалкам залежыць ад аднаго чалавека.

Значная частка сілавікоў вельмі далёка зайшла ў сваім беззаконні і зверствах. У нежаданні заводзіць крымінальныя справы, хоць распачынаць іх абавязаныя без усялякіх агаворак, так бы мовіць, паводле факту, а не дачынення да канкрэтнага парушальніка закона.

Не трэба ствараць ніякіх камісій. Проста – пачніце справу, знайдзіце, пакарайце.

– На нешта ж яны тады спадзяюцца?

– Шчыра кажучы, не разумею.

На што, да прыкладу, можа спадзявацца следчы, які вядзе «справу Ціханоўскага», калі ўсе бачылі грубую правакацыю?

А былы генеральны пракурор Канюк? Ён таксама ўсё бачыў і добра ведае, каго павінна абараняць пракуратура...

Гвалтоўнае ўтрыманне ўлады – гэта грубае парушэнне закона, за яго давядзецца адказаць. Сілавікі выдатна разумеюць, што Лукашэнка не перамог на гэтых выбарах. Яны не могуць гэтага не разумець.

– Тыя, хто хавае твары пад балаклавамі, таксама гэта разумеюць?

– У пераважнай большасці.

– Але ж, калі ўсё скончыцца, будуць разборкі?

– Натуральна.

Я 17 гадоў працаваў операм у крымінальным вышуку. Ні разу з боку бандыта, якога я злавіў і даказаў ягоную віну, да мяне не было прэтэнзій. Ён выпраўляўся на зону, а я – лавіць злачынцаў. Кожны справядліва атрымліваў сваё.

Тут жа сітуацыя іншая. І яны гэта ведаюць.

Калі бяруць невінаватага чалавека і пачынаюць катаваць у следчым ізалятары ці выпраўляюць на Акрэсціна, дзе яшчэ і здзекуюцца, гэта застаецца ў яго шнарам на ўсё жыццё. Чалавек хоча справядлівасці, каб пакаралі таго праваахоўніка, які сам стаў бандытам.

Балаклава можа выратаваць толькі ад таго, каб суседзі, знаёмыя, аднакласнікі не далі чосу проста цяпер, калі амапавец дубасіць дзяўчыну, падлетка, пенсіянера ці проста мінака. Балаклава для таго, каб не пачалі тыкаць пальцамі і не ганьбілі дзяцей і жонак адразу ж. Надоўга пад ёй схавацца немагчыма. Пра ўсіх усё вядома.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».