27 красавiка 2024, Субота, 6:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хачу падтрымаць смелых беларусаў»: Супрацоўнік Генпракуратуры сышоў са службы

20
«Хачу падтрымаць смелых беларусаў»: Супрацоўнік Генпракуратуры сышоў са службы
Фото: tut.by

Алег Талерчык адпрацаваў у пракуратуры 19 гадоў.

Як стала вядома tut.by, за апошні час з Генпракуратуры звольніліся адразу некалькі высакакласных спецыялістаў. Прычына – нязгода з тым, якую пазіцыю заняла ўстанова ў дачыненні да грамадзянаў, якіх пераследуюць за выказванне меркавання, у тым ліку да пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў. Нагадаем, у следчыя органы паступіла больш за 1800 заяваў, аднак невядома ні пра адну крымінальную справу.

Алег Талерчык 19 гадоў адпрацаваў у пракуратуры, апошнія дзевяць гадоў – у Генпракуратуры, быў старшым пракурорам управы нагляду за выкананнем заканадаўства Следчага камітэта. Да 20-гадовага стажу дзяржслужбоўцы, які дае права на павышаную пенсію, яму заставалася крыху больш за год. Алег пагадзіўся каротка пракаментаваць сваю пастанову:

– Гэта быў унутраны экзамен для самога сябе, – растлумачыў суразмоўца. – Я пастанавіў расказаць пра сваю пастанову, каб сімвалічна падтрымаць смелых беларусаў, якія падпалі пад рэпрэсіі. Як прафесіянал у сітуацыі, якая склалася, я ім дапамагчы, на жаль, не змог.

Паводле словаў Алега, кіраўніцтва не перашкаджала ягонай пастанове, служба спыненая паводле пагаднення бакоў. Як складзецца далейшая кар'ера, былы пракурор пакуль не ведае.

Паводле інфармацыі tut.by, якую пацвердзілі некалькі крыніцаў, гэта не адзінкавы выпадак звальнення ў Генеральнай пракуратуры. За апошні месяц службу пакінулі адразу некалькі высакакласных спецыялістаў, у тым ліку кіраўнікі аддзелаў і намеснікі кіраўнікоў управаў. Кім іх заменяць, пакуль адкрытае пытанне, знайсці юрыстаў такой кваліфікацыі няпроста.

Нагадаем, 9 верасня быў прызначаны новы генеральны пракурор, ім стаў Андрэй Швед. З 2006 да 2010 года Швед працаваў кіраўніком юрыдычнай управы Дзяржаўнага сакратарыята Рады бяспекі, потым год займаў пасаду намесніка генеральнага пракурора. У 2012 годзе заняў пасаду першага намесніка старшыні Следчага камітэта, а праз год стаў старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Беларусі. Андрэй Швед вядомы тым, што ўзначальваў камісію, якая расследуе акалічнасці выбуху ў метро ў красавіку 2011 года – тады ён займаў пасаду намесніка генеральнага пракурора.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках