27 красавiка 2024, Субота, 1:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы вызначылі ўплыў COVID-19 на разумовыя здольнасці чалавека

9
Навукоўцы вызначылі ўплыў COVID-19 на разумовыя здольнасці чалавека

Навукоўцы прасачылі за зменамі ў вастрыні памяці і разумовых здольнасцяў прыкладна ў 84 тысяч брытанцаў.

У людзей, якія перахварэлі на каранавірус, можа парушацца праца памяці, а таксама пагаршацца іншыя інтэлектуальныя здольнасці. Да такой высновы прыйшлі брытанскія нейрафізіёлагі і медыкі пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Імперскага каледжа Лондана Адама Хэмпшыра пасля даследавання 84 тысяч чалавек. Іх артыкул з апісаннем працы апублікавала электронная навуковая бібліятэка medRxiv, паведамляе korrespondent.net.

"Наша даследаванне чарговым разам прадэманстравала, што ў каранавіруснай інфекцыі ёсць доўгатэрміновыя наступствы. Брытанцы, якія перахварэлі на COVID-19, спраўляліся з кагнітыўнымі тэстамі значна горш, чым іх здаровыя аднагодкі. Прычым узровень гэтых адрозненняў быў наўпрост звязаны з цяжарам перанесенай хваробы", - пішуць навукоўцы.

Пры траплянні каранавіруса SARS-CoV-2 у арганізм чалавека з'яўляецца мноства сімптомаў – напрыклад, страта нюху і пагаршэнне здольнасці распазнаваць смак ежы. Назіранні за хворымі ў Еўропе паказваюць, што такія праблемы ўзнікалі практычна ва ўсіх пацыентаў з COVID-19.

Прычына гэтага можа палягаць у тым, што нюхальныя рэцэптары ў слізістай абалонцы носа вірус выкарыстоўвае ў якасці своеасаблівай "брамы". Праз яе ён можа патрапіць у мозг чалавека і распаўсюдзіцца па нервовай сістэме. Таму навукоўцы, якія асцерагаюцца, што доўгатэрміновыя наступствы COVID-19 могуць закрануць тканкі мозгу, дэталёва даследуюць гэты працэс.

Навукоўцы прасачылі за зменамі ў вастрыні памяці і разумовых здольнасцяў прыкладна ў 84 тысяч брытанцаў, якія пагадзіліся прайсці онлайн некалькі тэстаў на кемлівасць. Значная частка гэтых добраахвотнікаў або ляжалі ў шпіталях з цяжкай формай COVID-19, ці ж перанеслі лёгкую форму каранавіруснай інфекцыі.

Вынікі тэстаў навукоўцы супаставілі са звесткамі праекта Great British Intelligence Test, падчас якога на разумовыя здольнасці тэстуюць усіх жыхароў краіны. Дзякуючы гэтаму даследнікі маглі параўнаць інтэлектуальныя здольнасці і вастрыню памяці ў перахварэлых на COVID-19 з тыповымі вынікамі аналагічных тэстаў для іх узроставых і дэмаграфічных груп.

Выявілася, што брытанцы, якія перанеслі цяжкія формы каранавіруснай інфекцыі, саступалі ў гэтых паказчыках прыкладна 65% астатніх жыхароў краіны. У іншых катэгорый хворых інтэлектуальныя здольнасці ўпалі ў крыху меншай ступені. Як тлумачаць даследчыкі, вынікі тэсту эквівалентныя таму, калі б гэтыя хворыя пастарэлі прыкладна на 10 гадоў.

Асабліва моцна перанесеная хвароба ўплывала на тэсты, звязаныя з рашэннем задач на разуменне тэксту і сэнсу слоў, а на ўспрыманне эмоцый, прасторавую памяць і здольнасць запамінаць розныя колькасці амаль не ўплывала. Навукоўцы пакуль не могуць сказаць, з чым гэта звязана. Аднак яны спадзяюцца, што наступныя назіранні і вывучэнне характару працы мозгу ў людзей, якія перанеслі цяжкую форму COVID-19, дасць адказ на гэтае пытанне.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках