27 красавiка 2024, Субота, 0:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшчэ адна прычына перамагчы

5
Яшчэ адна прычына перамагчы
ФОТА: «Наша Ніва»

Не азіраймася, беларусы – толькі наперад!

Тэлеграм-канал МКБ звярнуўся да грамадзянаў нашай краіны:

– Дарагія беларусы! Нашы з вамі суайчыннікі загінулі ў гэтай барацьбе – мы ўжо шмат пісалі пра гэта. Любое жыццё ўяўляе з сябе найвышэйшую каштоўнасць і незаменную страту.

У нашых загінулых суайчыннікаў засталіся тут бацькі, жонкі, дзеці. Мы выказвалі і выказваем ім усім глыбокія спачуванні.

І гэта – тыя людзі, якім з гэтай уладай асабліва не па дарозе. Яны не могуць сабе дазволіць існаваць з гэтай уладай у адной і той рэальнасці. І мы не можам дазволіць, каб гэта здарылася, бо на іх месцы, як і на месцы загінулых, мог бы і, страшна пра гэта думаць, але калі здарыцца неверагоднае і ўлада ўтрымаецца – можа апынуцца любы з нас. Мы ўсе адзіныя.

Нашы з вамі суайчыннікі, нашы браты і сёстры ў няшчасці, сядзяць у турме. Гэта сумленныя і смелыя людзі, вязні сумлення. Яны вельмі хочуць дадому да сваіх сем'яў. І іх сем'і таксама вельмі чакаюць іх.

І любы з нас мог бы і можа апынуцца на іх месцы.

Мы проста не можам гэтага дазволіць, не можам дазволіць, каб яны засталіся ў турме, каб не вярнуліся дадому, каб жахлівае беззаконне ў нашай з вамі краіне, у мірнай Беларусі, у нашым агульным любімым доме, прадоўжылася.

У турме павінны сядзець зусім іншыя людзі, якія, разгульваючы на волі, "ахоўваюць" наш з вамі правапарадак – гэта значыць, прадаўжаюць нас збіваць і здзекавацца з нас за нашы з вамі ўласныя падаткі.

Успомніце гісторыю Аляксандра Віхора і ягонай мамы, Дар'і Лосік – жонкі палітвязня Ігара Лосіка, Максіма Харошына. Гэта ўсё не проста літары ў навінавых артыкулах на экранах вашых манітораў – гэта жывыя людзі, нашы з вамі суайчыннікі і іх рэальныя жыццёвыя гісторыі, якія адбыліся таму, што ў краіне робіцца поўнае беззаконне. І мы, як грамадства, як грамадзяне гэтай краіны, таксама нясем за гэта сваю частку адказнасці.

Пачытайце яшчэ раз лісты палітвязняў.

Успомніце ўсе іншыя гісторыі і падумайце, колькі іх, і колькі іх не трапіла ў СМІ. У 21-м стагоддзі, у мірны час такое проста немагчыма сабе ўявіць... і ніяк немагчыма забыць і дараваць.

Чужых праблемаў не бывае. Так ці інакш, рана ці позна, але гэта ўжо тычыцца ці закране кожнага. І самае галоўнае – падобнае зло, гістарычна і паводле ўсіх законаў сусвету, асуджанае на паразу.

І сёння мы з вамі не можам больш гэтага трываць і дазваляць так абыходзіцца з сабой і з нашымі суайчыннікамі! Не азіраемся, беларусы, – толькі наперад! Нас – большасць, за намі праўда, і мы пераможам, бо дабро перамагае зло!

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках