27 красавiка 2024, Субота, 4:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці надоўга ў «таракана» хопіць грошай?

10
Ці надоўга ў «таракана» хопіць грошай?

Крэдыты ў абмен на пацалункі скончыліся.

Выданне «Наша Ніва» папрасіла экспертаў спрагназаваць, як гвалт і беззаконне паўплываюць на эканоміку і ці могуць у бюджэце скончыцца грошы.

«Расея становіцца безальтэрнатыўнай крэдыторкай»

Палітычны крызіс пасля выбараў на эканоміцы яшчэ не паспеў адбіцца: падобныя рэчы дзейнічаюць не імгненна. Праблемы, якія мы бачым цяпер, з’явіліся пад уплывам іншых чыннікаў – адсутнасць паставак нафты, пандэмія каранавірусу, хранічныя праблемы.

«Да чаго прывялі палітычныя падзеі? Да непрызнання рэжыму большасцю развітых эканамічна краінаў. Гэта азначае, што займаць грошы ў міжнародных фінансавых арганізацый мы больш не зможам. Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады ў нас ніяк не складваўся дыялог з МВФ, выдаваліся інфраструктурныя крэдыты такімі арганізацыямі, як Сусветны банк або Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, – тлумачыць старэйшы аналітык “Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб. – Мы не зможам прывабліваць сродкі на заходніх рынках. Тэарэтычна нават калі атрымаецца такое арганізаваць, гэта будзе празмерна дорага – браць пад стаўку 10% у валюце наўрад ці мае сэнс».

Што тычыцца абяцаных Расеяй $ 1,5 млрд, то гэтыя сродкі пойдуць на тое, каб выплаціць пазыкі перад расейскімі кампаніямі, банкамі або Мінфінам. Пакуль ні на што іншае там грошай не выдаюць.

Чым трэба гандляваць, каб атрымаць новы крэдыт ад Пуціна, складана адгадаць.

«Грошы ў абмен на пацалункі, здаецца, ужо скончыліся. Адзінае, што засталося прадаць, – гэта суверэнітэт. Ці пачне рэжым гандляваць суверэнітэтам, я прагназаваць не вазьмуся. А без гэтага сур'ёзныя падарункі наўрад ці будуць. Максімум – падтрымка на рэфінансаванне сваіх жа пазык. І нават за гэта давядзецца чымсьці плаціць. На самай справе мы нават не ведаем, што за ўжо абяцаныя $ 1,5 млрд павінен Маскве Лукашэнка», – разважае эксперт.

Штогод на выплату пазык – асноўнай сумы і адсоткаў – Беларусі трэба $ 3,5 млрд. Золатавалютных рэзерваў на стан кастрычніка – блізу $ 7,3 млрд.

Ад еўрапейскіх грошай Беларусь, трэба сказаць, істотна не залежыць. Пад 70% нашай дзяржаўнай знешняй пазыкі – гэта абавязак перад Расеяй, Еўразійскім звязам і Кітаем.

«Адмова Захаду ў крэдытах – гэта не вельмі прыемна, але фактычна толькі абвастрае пытанне, ці магчыма будзе перакрэдытавацца ў Расеі. І гэта будзе павялічваць пазыковую залежнасць ад яе. Перамоўныя пазіцыі Расеі ў гэтым пытанні адназначна вырастаюць вельмі істотна, бо яна становіцца безальтэрнатыўнай крэдыторкай», – заўважае эканаміст Дзмітрый Крук.

«Заробкі сілавікоў – апошняе, на чым будзе эканоміць рэжым»

Рэакцыяй на гвалт і беззаконне стаў масавы зыход айцішнікаў. Вядома, што ўжо 1200 высакакласных спецыялістаў з'ехала ва Украіну, 800 – у Польшчу.

«ІТ-сектар – гэта блізу $ 1,5-2 млрд валюты, якую яны прываблівалі ў год у краіну, – кажа Вадзім Іосуб. – Гэта не тыя грошы, без якіх заўтра эканоміка абваліцца. Але ІТ – адзіная галіна ў дынамічным развіцці эканомікі. І калі б яна расла тымі ж тэмпамі, можна было б чакаць цягам некалькіх гадоў нашмат большай аддачы ў маштабах краіны. Цяпер стаўку на ІТ-сектар рабіць нельга, застаецца рабіць стаўку на вытворчасць кардону», – іранізуе Вадзім Іосуб.

Бюджэту ў цяперашніх умовах давядзецца абмежаваць сябе. Ужо ідзе недабор у падатках, напрыклад, у падатку на прыбытак. У Расеі прадаўжаецца падатковы манеўр, значыць, і ў наступным годзе паступленні ў бюджэт за кошт гэтага артыкула будуць меншыя. Беларускі палітычны крызіс будзе накладацца на агульнасусветны, завязаны з пандэміяй, які і так прыводзіць да скарачэння знешняга гандлю.

«Безумоўна, бюджэту давядзецца на нечым эканоміць. Заробкі сілавікоў – апошняе, на чым будзе эканоміць рэжым. У першую чаргу пачнуць абразаць сацыяльныя выдаткі ўсім астатнім», – мяркуе аналітык.

«Фінансавыя стрэсы могуць абвастрыцца ў любы момант»

У канцы жніўня – пачатку верасня на валютным рынку назіралася моцнае напружанне. І пытанне, наколькі ў рэжыму хопіць грошай (у сэнсе рэзерваў Нацбанка), каб падтрымліваць курс і фінансавы рынак у нармальным стане, было істотным. А потым улады перайгралі сітуацыю.

«Яны спрабуюць перанакіраваць праблемы, якія пачаліся ў фінансавай сферы, у рэчышча рэальнай эканомікі. Гэта значыць перакласці іх значную частку на прадпрыемствы і людзей. Тут больш дарэчнае пытанне «наколькі хопіць грошай у людзей», – кажа Зміцер Крук. – У гэтай новай сітуацыі асноўныя выклікі – скарачэнне прыбыткаў, больш глыбокі спад ВУП. І галоўны чыннік, на мой погляд, чаму ўлады схіляюцца да такога сцэнару, таму што тады праблемы менш відавочныя. Іх адчуванне не настолькі яркае, як гэта было б з рэзкім абясцэньваннем рубля, павелічэннем інфляцыі»

Запаволенне заробкаў і зніжэнне дабрабыту ўжо паступова адбываецца. Статыстыка выдае негатыўныя тэндэнцыі ў спажыванні і інвестыцыйным попыце. Казаць пра эканамічную катастрофу пакуль не выпадае, але рана ці позна назапашванне праблемаў пагражае фінансавымі катаклізмамі. Палітычны складнік толькі пагаршае сітуацыю.

«Калі – важнае пытанне, але дакладнага адказу ніхто не ў стане даць. Нават калі б уся карціна была адлюстраваная ў статыстыцы належным чынам, усё роўна ёсць шэраг чыннікаў, якія на сітуацыю ўплываюць. Дзяржава любіць рэструктурызаваць, хаваць пазыкі ў розных кішэнях. Таму фінансавыя стрэсы могуць перайсці ў абвостраную стадыю амаль у любы момант. Гэта пытанне некалькі месяцаў ці нават тыдняў», – мяркуе эканаміст.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках