Інфляцыя блізка
17- 21.11.2020, 13:50
- 42,670
Расейскія фуры не проста так прыязджалі да Нацбанка.
У двары сховішча Нацбанка ўчора раніцай было заўважана некалькі фураў з расейскімі нумарамі 67 рэгіёну (Смаленская вобласць), з надпісам «Спецсувязь».
А ўжо праз пару гадзінаў у абменніках зноў з'явіліся свежанадрукаваныя купюры. Супадзенне? Не думаем! І зараз растлумачым чаму, піша тэлеграм-канал Нехта Live.
Валюта самай «суверэннай» дзяржавы друкуецца ў Расеі. Напрыклад 5 і 10-рублёвыя купюры штампуюцца ў Пермі, на прадпрыемстве «Дзяржзнак». За дастаўку грошай адказвае тая самая «Спецсувязь», чые машыны сёння былі заўважаныя каля будынка Нацбанка.
Адпаведна, улады зноў папрасілі сваіх усходніх дабрадзеяў надрукаваць свежых грашанятаў для самай «ненахіляльнай» эканомікі ў свеце. І неадкладна пусцілі іх у зварот.
Такія штукі не праходзяць проста так. Бесперапынна працоўны друкарскі станок прыводзіць да абясцэньвання і без таго не надта моцнай валюты – да інфляцыі. І мяркуючы з таго, як няспынна фуры «Спецсувязі» ганяюць у Беларусь – доўга сябе чакаць інфляцыя не прымусіць.
Адна з прычынаў узнікнення інфляцыі – усталяванне ўзроўню коштаў дзяржструктурамі без уліку рэальнай эканамічнай сітуацыі ў краіне. А паколькі лукашысцкай дзяржавай ігнаруецца не толькі рэальная эканамічная сітуацыя, але і любы разумны сэнс, выснова напрошваецца сама сабой – збядненне насельніцтва і іншыя фінансавыя калапсы спыняцца толькі, калі ў кіраўніцтве з'явяцца нармальныя спецыялісты, а не ўсялякія паслухмяныя «Кукі» і «Масандры». Гэта значыць – пасля падзення рэжыму Лукашэнкі.