27 красавiка 2024, Субота, 2:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эх, Францавiч...

145
Эх, Францавiч...
Андрэй Саннікаў

Менавіта ён сканструяваў Франкенштэйна, з якім цяпер змагаецца беларускі народ.

Святлана Ціханоўская, выказваючы ў сваім тэлеграм-канале спачуванні родным Вячаслава Кебіча, заявіла, што «прадоўжыць ягоную справу».

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былы палітвязень Андрэй Саннікаў апублікаваў у «Фэйсбуку» нататку, якая дапамагае зразумець, што адбывалася з Беларуссю ў эпоху прэм'ерства Кебіча і як ён сам сканструяваў «Франкенштэйна» Лукашэнку, адняўшы ў беларусаў 26 гадоў гісторыі і развіцця.

Эх, Францавіч...

Самы пачатак лета 1993 года. Прадстаўнічы міжнародны форум у Швэйцарыі, у гарах. Я працую ў нашай місіі пры ААН, займаюся арганізацыяй візіту дэлегацыі на чале з прэм'ер-міністрам, Кебічам. Дэлегацыя прыбыла, размясцілася, і нейкія дробязі спатрэбіліся, тыпу батарэек і прыстойных гальштукаў да касцюмаў. Форум праходзіў у курортным мястэчку, і крамкі там былі своеасаблівыя, дарагія, а асартымент – абы што. Надумалі з'ездзіць у горад непадалёк, каб усё неабходнае набыць і на разумныя кошты.

Трэба разумець, як мы тады працавалі, дыпламаты. Грошай – з камароў нос. Штат – ніякі. Мне даводзілася працаваць і самым галоўным дыпламатам, і самым галоўным кіроўцам. Быў нейкі кіроўца, але ён не тое што мовы, нават літараў лацінскіх не ведаў. Як такому даверыць урадавую дэлегацыю?

Вось і сядаў я за абаранак.

Улезлі мы ў старэнькі пасольскі «Пежо» і паехалі. Я за рулём, Кебіч ззаду, як належыць, праз дыяганаль ад кіроўцы, побач з ім кіраўнік банка, а побач са мной на пасажырскім сядзенні – адзін з міністраў.

Едзем, надвор'е абмяркоўваем, і раптам на даволі стромкім павароце на серпантын педаль тормазу без усялякага супраціву мякка так сыходзіць у падлогу. Машына віляе, хуткасці не збаўляе, заграбае коламі жвір з збочыны.. Старэнькая ж. Я сутаргава пачынаю тармазіць рухавіком, то-бок пераключаць хуткасці на паніжэнне, добра, скрынка перадачаў механічная. Ззаду тоненька віскнуў банкір, справа рэзка збялеў міністр. Кебіч коратка рагатнуў і прадоўжыў гаварыць, як нічога не было.

Я той яшчэ механік, але дзесьці чуў, што трэба «прапампаваць тармазы». Некалькі разоў націснуў і адпусціў падатлівую педаль тормазу, і – о, цуд! – яна стала зноў пругкай, і тармазная функцыя вярнулася.

На найбліжэйшай стаянцы я спыніўся, выйшаў з машыны, запаліў, проста каб вызначыць, што рабіць. Падышоў Кебіч: «Даеду, на такіх тармазах?»

«Спадзяюся», – сказаў я.

«Тады паехалі».

Потым не раз перасякаўся з ім і бачыў, як ён мяняўся. На жаль, не ў лепшы бок. А ў беларускай палітыцы ж ён з'явіўся як рэфарматар. Тэхнакрат, галоўны інжынер перадавога станкабудаўнічага завода.

А яшчэ я добра памятаў ягоны ўчынак, калі ён выйшаў на плошчу да статысячнай дэманстрацыі працоўных у красавіку 1991 года. Старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей перапалохаўся і схаваўся ў кабінеце, а прэм'ер Кебіч выйшаў.

Але Вячаслаў Францавіч Кебіч быў проста эталонным савецкім наменклатурнікам, якія трапілі ў новую сітуацыю незалежнасці былой савецкай рэспублікі. Далася яму тая незалежнасць, тым больш што ніякіх эканамічных праблемаў яна не развязвала, а, наадварот, толькі дадавала галаўнога болю.

Ён нават не спрабаваў выбудоўваць эканоміку незалежнай дзяржавы, свята верачы ў тое, што шлях да шчасця ляжыць толькі праз Крэмль. Ён хацеў улады, яго не задавальнялі стан нявызначанасці і неабходнасць дзяліць уладу са старшынёй Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам. Аднак ягонае ўяўленне пра ўладу абмяжоўвалася ўзроўнем кіраўніка рэспублікі, залежнай ад Масквы і ёй падначаленай.

Ягоныя няздольнасць і нежаданне выкарыстоўваць незалежны статус Беларусі для рэфармавання эканомікі хутка прывялі да стагнацыі ўсёй сістэмы.

А яшчэ ён катастрафічна не ўмеў падбіраць кадры, затое меркаваў сябе абавязаным захоўваць ім вернасць, нават тым, хто за ягонай спінай яго адкрыта здаваў.

Чаго каштуюць хоць бы два ягоныя найбліжэйшыя паплечнікі, якія нават не паспеўшы пераапрануцца пасля выбарчай кампаніі, апынуліся ў камандзе Лукашэнкі, ягонага галоўнага спаборніка на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года. Адным з іх быў кіраўнік ягонага штаба Міхаіл Мясніковіч, а другім – ідэолаг Уладзімір Замяталін, цяпер нябожчык. Абодва разам са сваім новым шэфам шмат шкоды прынеслі Беларусі.

Галоўная віна Кебіча перад беларускім народам ў тым, што менавіта ён сканструяваў Лукашэнку.

Праз сваё хаценне стаць самым галоўным кіраўніком у Беларусі ён стварыў гэтага Франкенштэйна, які яго і зжор.

Хоць мог ён і ўладу скарыстаць, каб не дапусціць Лукашэнку да выбараў. Мог даць ход сама менш дзвюм крымінальным справам супраць заўзятага спаборніка, рэальным, а не надуманым, якія сёння нахабна кляпае Лукашэнка.

Кебіч не стаў пэцкацца, хоць гісторыя яму даравала б.

Ягонае галоўнае адрозненне ад Лукашэнкі ў тым, што ён не быў подлым. Можа, і хацеў бы, але не дазваляў сабе дзейнічаць подлымі метадамі нават супраць нахабнага гарлапана Лукашэнкі.

А вось што было б, калі б ён перамог?

Хутчэй за ўсё, было б дрэнна, але нядоўга...

А потым прапампавалі б тармазы і выкіравалі на нармальную дарогу!

Напісаць каментар 145

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках