28 красавiка 2024, Нядзеля, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэбют Зяленскага ў Мюнхене: прыйшоў, убачыў, здзівіў

75
Дэбют Зяленскага ў Мюнхене: прыйшоў, убачыў, здзівіў

Прэзідэнт Украіны атрымаў на Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы тое, чаго не было ў ягонага папярэдніка.

Ці можна казаць пра вайну, жартаваць і пры гэтым выглядаць годна? Уладзімір Зяленскі паказаў у Мюнхене, што валодае гэтым няпростым мастацтвам. Новы прэзідэнт Украіны ўпершыню ўзяў удзел у прэстыжнай Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы, прычым ва ўмовах, пра якія ягонаму папярэдніку Пятру Парашэнку ў папярэднія гады даводзілася толькі марыць, паведамляе dw.com.

Арганізатары адвялі Зяленскаму для выступу адзін з найлепшых адрэзкаў часу - блізу поўдня ў суботу, 15 лютага. Зяленскі атрымаў у Мюнхене асобную гадзінную дыскусію што да Украіны, чаго яшчэ не было ніколі. Для параўнання: Парашэнка быў удзельнікам абмеркаванняў з іншымі лідарамі на тэмы Усходняй Еўропы ці коратка выступаў адзін, але позна вечарам і нярэдка ў апусцелай галоўнай зале. Нарэшце, дыскусію з Зяленскім трансляваў амерыканскі тэлеканал CNN, а вяла яе вядомая вядоўца Крысціян Аманпур.

Пра што казаў Зяленскі ў Мюнхене

Размова з Зяленскім праходзіла ў новым для Мюнхенскай канферэнцыі фармаце, падобным на ток-шоў, калі госць сядзіць не на подыуме, а ў цэнтры невялікай залы. Ахвотных паслухаць украінскага прэзідэнта было больш, чым магло змясціць невялікае памяшканне.

Праз зачыненыя дзвяры былі чутныя пратэсты тых, каму не выстарчыла месца. У зале сабраліся блізу 100 чалавек, у асноўным паплечнікі Зяленскага, а таксама некалькі адстаўных і цяперашніх заходніх палітыкаў, напрыклад, былая дзяржсакратарка ЗША Мадлен Олбрайт. Але агулам палітычных цяжкавагавікоў не было. Парашэнка, які ўпершыню прыехаў у Мюнхен ў якасці экс-прэзідэнта, на ток-шоў з Зяленскім не прыйшоў.

Фотa: DW

Падчас выступу з кароткай прамовай Уладзімір Зяленскі паскардзіўся, што ў дакладзе Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы Украіна згадваецца ўсяго восем разоў, а ў прагнозе патэнцыйных гарачых пунктаў апусцілася з 9-га на 10-е месца. «Усе пачалі супакойвацца», - крытыкаваў украінскі прэзідэнт. Ён паўтарыў раней агучаныя тэзісы аб жаданні дасягнуць міру на Данбасе, складаных перамовах з Расеяй і імкненні правесці мясцовыя выбары на ўсходзе краіны, у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей, у кастрычніку, але пры ўмове спынення агню і захавання ўкраінскіх законаў. Не забыў ён і пра Крым, заклікаўшы ЗША садзейнічаць абмеркаванню тэмы з Расеяй.

Незвычайна выглядаў пасаж у канцы ягонай прамовы, у якім ён крытыкаваў вялікія і ўплывовыя краіны і пазіцыянаваў сябе, былога актора, як голас звычайных людзей ва ўсім свеце. Гучала гэта месцамі занадта напышліва, хоць агулам новаму прэзідэнту Украіны ўдалося пазбегнуць пафасу, да якога быў схільны ягоны папярэднік Парашэнка.

Сігнал Зяленскага свету: не верце дакументах, верце войску

Дыскусія з вядоўцай, а фактычна - інтэрв'ю, атрымалася вельмі жывой, Зяленскі шмат жартаваў. Калі Аманпур спыталася ў яго, чаму ён не заменіць вялікія навушнікі з пераходам на невялікі непрыкметны навушнік у адно вуха, прэзідэнт сказаў, што слухае музыку.

ФОТА: AP

Аманпур маментальна парыравала: «Мой голас для вас гучыць, як музыка». Такіх момантаў было шмат. Прафесійны шоўмэн Зяленскі раз-пораз устаўляў жарты, але гэта не перашкаджала сур'ёзнай гутарцы. Прэзідэнт Украіны выглядаў шчыра, калі казаў пра вайну і яе ахвяры. Ён раз-пораз пераходзіў з украінскай на ангельскую і наадварот.

У разліку на амерыканскую аўдыторыю вядоўца задавала шмат пытанняў аб няўдалай спробе імпічменту прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, звязанай з тэлефоннай размовай з Зяленскім. Але прэзідэнт Украіны адказваў дыпламатычна, спрабуючы не сапсаваць дачыненні з Вашынгтонам.

Адным з самых моцных месцаў у дыскусіі быў, мабыць, той момант, калі Зяленскі казаў аб парушэнні Расеяй Будапешцкага мемарандума 1994 года, які гарантаваў Украіне тэрытарыяльную цэласнасць у абмен на адмову ад ядзернай зброі. «На жаль, моцнае войска, ядзерная зброя і NATO могуць абараніць краіну, ніякія дакументы не абараняюць», - сказаў прэзідэнт Украіны. Ён адзначыў, што на аснове ўкраінскага досведу не верыць ні ў якія дакументы, і заклікаў да гэтага іншыя краіны. Зала сустрэла гэты пасаж маўчаннем, бо Захад спрабуе захаваць значэнне міжнародных дамоваў.

Цёплы душ для прэзідэнта Украіны

Па іроніі лёсу, Зяленскі, які шмат у чым спрабуе дыстанцыявацца ад Парашэнкі, у Мюнхене паўтарыў тэзіс свайго папярэдніка аб тым, што Украіна абараняе не толькі сябе, але і Еўропу. «Гэта не вайна ва Украіне, гэта вайна ў Еўропе», - сказаў ён.

Заходнія палітыкі і экспэрты, якія выступілі пад канец, абсыпалі яго кампліментамі і апладысментамі - хтосьці, як амерыканскія сенатары Рон Томас Джонсан і Крыс Мэрфі, былі ў захапленні ад ягоных рэформаў. Хтосьці, як генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, быў рады, што развядзенне сіл на асобных адрэзках фронту зрушыла з мёртвага пункту ўрэгулявання канфлікту на Данбасе. Крытыкі ў гэты дзень у Мюнхене Зяленскі не пачуў.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках