28 красавiка 2024, Нядзеля, 18:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Афганскі ўдар Трампа па Крамлі

1
Афганскі ўдар Трампа па Крамлі

Што адбываецца ў падбрушшы РФ?

Амерыканцы і NATO 20 гадоў гарантуюць бяспеку рэгіёна Цэнтральнай Азіі - мяккага падбрушша Расеі. Сітуацыя зменіцца не на карысць Крамля, калі Дональду Трампу ўдасца вывесці сілы ЗША з Афганістана. Разам з заканчэннем самай доўгай вайны Амерыкі можа скончыцца і спакой на паўднёвай мяжы былога СССР, паведамляе «Белсат».

З дамовай з «Талібанам» ці без яе – ЗША будуць скарачаць сваю вайсковую прысутнасць у Афганістане.

4 лютага Дональд Трамп у звароце да Кангрэсу ЗША пад воплескі заявіў: «Мы працуем над тым, каб скончыць самую доўгую вайну Амерыкі і вярнуць нашы войскі дадому».

Пачатковы план - адразу на траціну: з 12 000 жаўнераў да 8 000. Дональд Трамп рыхтуецца да перавыбараў, і, нарэшце, вызначыў выканаць абяцанне, агучанае яшчэ падчас сваёй першай кампаніі, у 2016 годзе. Канец «рашучай падтрымкі» (такую назву носіць ваенная аперацыя сіл NATO і хаўруснікаў ЗША ў Афганістане) можа мець непрадказальныя наступствы для стабільнасці ўнутры краіны і для цэлага рэгіёну.

Мухамад Шарыф Хасаньяр, дырэктар «Ariana News TV», Кабул, Афганістан каментуе для «Белсата»: Без паслядоўнага мірнага працэсу выхад міжнароднай кааліцыі з Афганістана створыць шмат праблем. «Талібан» разам з іншымі тэрарыстычнымі групоўкамі захопяць краіну. З выхадам войскаў будзе абрэзаная і фінансавая дапамога. Гэта выклікае вялікую занепакоенасць унутры Афганістана. Людзі хочуць міру, але з прысутнасцю міжнародных сіл».

Пасля заяў ЗША тэма Афганістана стала адной з дзвюх асноўных падчас сустрэчы міністраў абароны краін NATO 12-13 лютага ў Брусэлі. Генеральны сакратар Альянсу Енс Столтэнберг быў стрыманы ў ацэнцы перспектыў, якія адкрыюцца пасля выхаду з Афганістана войскаў NATO і хаўруснікаў, але з ягоных слоў было зразумела, што NATO толькі рэагуе. Пастановы ж прымаюць не ў Брусэлі, а ў Вашынгтоне.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў: «Устойлівы мір у Афганістане можа быць дасягнуты толькі з дапамогай межафганскага дыялогу. Так што гэта не справа NATO – развязваць сітуацыю, афганцы самі павінны вызначаць. Мы хочам толькі стварыць умовы для гэтага міжафганскага дыялогу. З нашага боку галоўнай будзе падтрымка гэтага дыялогу, каб «Талібан» зразумеў, што яны не перамогуць на полі бітвы, а толькі сапраўдным жаданнем знізіць ваенную актыўнасць».

Калі амерыканцы пачнуць выходзіць з Афганістана, разваліцца і кааліцыя. Без ЗША ніводная іншая краіна, з якія ўваходзяць у «рашучую падтрымку», не будзе ў стане несці цяжар адказнасці за мір у Афганістане. Выводзіць войскі пачнуць і іншыя.

Каментуе Пётр Лукасевіч, экс-пасол Польшчы ў Афганістане, палкоўнік запасу: «Гісторыя вялікіх вывадаў войскаў з Афганістана, спачатку саветаў у 1980-х, пазней амерыканцаў у 1990-х, даводзіць, што без увагі вялікіх краін Афганістан адразу апускаецца ў хаос і грамадзянскую вайну. Ці будзе так і цяпер? Афганцы стаміліся ад доўгай вайны, але войны не звяртаюць увагі на такія рэчы. Ці будзе вайна? Гэта залежацьме ад інтарэсаў мясцовых уладных груп».

Перамовы, якія ЗША вядуць з тэрарыстычным па сваёй сутнасці рухам «Талібан», маюць некалькі слабых бакоў. Першая - «Талібан», не аднастайная структура: некаторыя кірункі гэтай арганізацыі амаль не супрацоўнічаюць з іншымі часткамі. І другая -дамовы могуць прывесці да нейкага часовага прымірэння, дазволяць кааліцыі спакойна вывесці войскі, але не зменяць сутнасці «Талібану» і ягоных памкненняў. Стратэгічная мэта талібаў - не замірэнне, а захоп улады ў Афганістане, астатнія рухі - толькі тактыка.

Кажа Андрэй Сярэнка, дырэктар Цэнтра вывучэння сучаснага Афганістана, Расея: «Джыхад - гэта адзіная форма існавання «Талібану». Ніякай іншай формы ў якасці свайго існавання «Талібан» не дапускае. Гэта не палітычная арганізацыя, не грамадская арганізацыя, гэта не таварыства аматараў кактусаў, гэта тэрарыстычная джыхадзісцкая арганізацыя. Яна не прыстасаваная да працы ў свеце, яна прыстасаваная да вядзення джыхаду»

Экспэрты перакананыя, што падрыхтаваныя інструктарамі NATO афганскія сілы спецыяльных аперацый здольныя процідзейнічаць тэрарыстычным групоўкам унутры краіны, але рабіць гэта яны могуць толькі пры фінансавай і тэхнічнай падтрымцы звонку і толькі нейкі час. Да таго ж аслаблены кантроль пераўтворыць Афганістан у цэнтр прыцягнення радыкальных ісламістаў з усяго рэгіёну і можа стварыць умовы для адраджэння клону «Ісламскай дзяржавы». У мінусе застануцца ўсе, але першымі вынік адчуе, як гэта ні парадаксальна, Расея.

«Пры ўсёй антынатаўскай і антыамерыканскай рыторыцы Маскву задавальняе статус-кво, калі амерыканцы і NATO цягам 20 гадоў гарантуе бяспеку рэгіёну Цэнтральнай Азіі – мяккага падбрушша Расеі», – прадаўжае Андрэй Сярэнка.

Згодна з папярэдняй дамовай з ЗША, найбліжэйшы тыдзень будзе праверкай для руху «Талібан», ці змогуць яны ўстрымацца ад нападаў на ўрадавыя войскі. І нават калі ў сакавіку будзе падпісанае нейкае пагадненне, працэс вываду войскаў расцягнецца мінімум на год, а то і на паўтара. За гэты час можа здарыцца што заўгодна: Трамп можа пераабрацца і перадумаць, а «Талібан» - парушыць дамову. Калі ж Афганістан рэальна застанецца без міжнароднага кантынгенту, то першым, каму варта задумацца аб наступствах, будзе Крэмль.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках