27 красавiка 2024, Субота, 18:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пагромы на поўдні Казахстана: Уладам выгадна націскаць на гэтую «кнопку»?

Пагромы на поўдні Казахстана: Уладам выгадна націскаць на гэтую «кнопку»?

Гэта можа быць звязана з барацьбой за ўладу паміж пераемнікамі Назарбаева.

Восем чалавек загінулі, 40 параненыя ў выніку беспарадкаў у шэрагу населеных пунктаў на поўдні Казахстана. Спаленыя дзясяткі дамоў. Улады падаюць гэта як «побытавы канфлікт». Аднак, паводле словаў Жанары Ахметавай, сябры аргкамітэта руху Дэмакратычны выбар Казахстана, якая добрая знаёмая з рэгіёнам і ведае рэальную сітуацыю, усё значна складаней.

– Гэта зусім не «побытавы канфлікт», якім яго падаюць казахстанскія ўлады. Але ён і не міжэтнічны, якім яна ж яго падае цішком. Гэта сацыяльны канфлікт, у якога ёсць палітычныя прычыны, – апавядае Жанар Ахметава M.News World.

ЖАНАР АХМЕТАВА

Фармальна канфлікт мае прыкметы міжэтнічнага. Таму што сутыкнуліся прадстаўнікі дзвюх этнічных групаў, дунгане і казахі.

Для пачатку трэба зразумець, што гэта за народ, што гэта за рэгіён і якая там сацыяльная сітуацыя. Дунгане – народ, які селіцца і жыве суполкамі. Яны гэта называюць «махаля». Народ надзвычай ісламізаваны. Раннія шлюбы, шматжонства, дзяўчаткі пагалоўна ходзяць у школу ў хіджабе. Рэлігійныя забабоны, нізкі адукацыйны ўзровень.

У сувязі з супольным ладам жыцця засяленне дунганамі рэгіёну адбывалася вельмі інтэнсіўна. У нейкі момант з лёгкай рукі нашых уладаў рэгіён стаў, у сутнасці, монаэтнічны. Што, натуральна, не выклікала радасці ў карэннага насельніцтва. Карэннае насельніцтва апынулася ў горшым становішчы. Казахі не ўмеюць жыць суполкамі, у нас так не прынята. Дунгане, якія жывуць суполкай, становяцца манапалістамі ў розных сферах. У сельскай гаспадарцы, гандлі, увогуле ў бізнэсе. Працоўныя месцы яны даюць сваім. Шлюбы заключаюцца паміж сваімі. Увогуле любыя сацыяльныя ўзаемадзеянні адбываюцца перш за ўсё паміж сваімі. Паступова яны выцясняюць карэннае насельніцтва. Напрыклад, суполка дунганаў можа задзіраць кошты на зямлю. І нягледзячы на аддаленасць рэгіёну, карэнныя жыхары проста не могуць сабе дазволіць яе набыць. Бедныя там усе. Але беднай суполцы лягчэй выжыць, чым разрозненым бедным людзям. Вось гэтыя апошнія бедныя беспрасветна. Што нараджае сацыяльную варожасць і нянавісць. Плюс непісьменнасць, неразуменне першапрычынаў таго, што адбываецца.

Вінаватая тут, безумоўна, улада. Яна наскрозь карумпаваная. Усе акімы (кіраўнікі адміністрацый) набытыя. Вельмі цесны звязак акімаў з імамаў (духоўнымі лідарамі). І ў гэтай звязцы яны робяць што хочуць. Усталёўваюць правілы, якія супярэчаць законам Казахстана. Тое самае шматжонства або раннія шлюбы. Школьніцы ў хіджабе. Ва ўсіх астатніх рэгіёнах Казахстана гэта выклікала б грамадскія пратэсты, але не тут. Тут гэтая ісламізацыя насаджаецца. Акімы на яе заплюшчваюць вочы за хабар. І гэты этнас, у якога апынаецца «ўсё схоплена», ён атрымлівае рэальныя сацыяльныя перавагі. А карэннае насельніцтва адчувае сябе на другіх ролях. Што і выліваецца ў канфлікты, адзін з якіх мы цяпер і назіраем.

Я не думаю, што, як некаторыя мяркуюць, гэтая канкрэтная сітуацыя была створаная штучна. Усе перадумовы, сацыяльна-палітычныя перадумовы, замяшаныя на карупцыі, для яе былі створаны. Успыхнуць гэты пажар мог у любы момант. Ён можа ўспыхваць зноў і зноў у падобных умовах.

Улады пачалі выкарыстоўваць гэты канфлікт на сваю карысць. Імгненна адрэагаваў Такаеў. Што не характэрна ні для яго асабіста, ні ўвогуле для казахстанскіх уладаў. Ён такі прыгожы, у белым паліто, кажа правільныя рэчы. Палітык, якога ў дысідэнцкіх колах празвалі «мэбляй» праз ягоны фактычны статус месцазахавальніка і крэслатрымальніка, раптам раздзімаецца да маштабу катэгарычнага кіраўніка. Пры гэтым, што цікава, заяўляецца, што рэжым НС не патрэбны, таму што нічога страшнага не адбываецца, усяго толькі «побытавы канфлікт». Пры тым, што там рэальныя пагромы, чалавечыя ахвяры, спаленыя хаты, маса бежанцаў.

Як яны выкарыстоўваюць гэты канфлікт? Па-першае, для ўзмацнення свайго аўтарытэту – як адзінага арбітра і гаранта міжнацыянальнага міру. У цэлым, зыходныя ад уладаў пасылы выглядалі жорсткімі і, скажам так, цалкам адэкватнымі. У той самы час, ні рыторыка ўладаў, ні іх дзеянні не накіраваныя на развязанне прычынаў утворанай праблемы. Яны кажуць пра сімптомы і лячыць збіраюцца сімптомы, але не прычыны хваробы.

Але калі адна рука ўкараняе міжнацыянальны мір, то іншая адначасова распальвае міжнацыянальную варожасць. З падачы ўладаў, а канкрэтна КНБ (Камітэта нацыянальнай бяспекі), укідваюцца заклікі выгнаць дунганаў з казахскай зямлі. Канфлікт праз прыкормленых, марыянетачных нацыяналістаў тлумачыцца выключна ў этнічных тэрмінах, тэрмінах крыві і глебы.

Гэта адбываецца на фоне сацыяльнага напалу ў казахстанскім грамадстве, росту незадаволенасці палітыкай уладаў, звязанага з падзеннем узроўню жыцця, пагаршэннем сацыяльнай інфраструктуры, ростам карупцыі і г.д. Напярэдадні вялікай акцыі пратэсту, якую арганізуе ДВК.

Гэты канфлікт – зручны інструмент для таго, каб каналізаваць грамадскі гнеў. Акрамя таго, гэта інструмент запалохвання і атамізацыі грамадства, драбнення паводле нацыянальнай прыкметы. А заадно, як вішанька на торце, гэта выдатная нагода для ўзмацнення 174 артыкула Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Казахстан (распальванне сацыяльнай, нацыянальнай, родавай, расавай, саслоўнай ці рэлігійнай варожасці), дзе ўладам найбольш цікавы сацыяльны складнік, таму што любая крытыка ўладаў можа быць падагнаная пад гэта.

Нарэшце, гэта выгадна Дарызе Назарбаевай, прэтэндэнтцы на найвышэйшую пасаду ў краіне, якая пакуль чакае зручнага моманту ўбаку. Выгадна, таму што з яе імем звязаныя шматлікія скандалы. Напрыклад, нядаўнія заявы яе сына, Айсултана, што ён не ўнук Нурсултана Назарбаева, а ягоны сын.

Ёсць тут яшчэ адзін вельмі цікавы момант – як адгукнецца гэты канфлікт ў Кітаі. У КНР блізу дзесяці мільёнаў кітаямоўных мусульманаў хуэйцзу, народа, роднаснага дунганам. Стаўленне кітайскіх уладаў да мусульманаў, пераважна ўйгураў і казахаў, добра вядомае, пра яго шмат гаворыцца на міжнародным узроўні, яно выклікае рэзка негатыўную рэакцыю ў казахскай грамадстве, спараджаючы антыкітайскія настрою.

Дунганскія пагромы ў Казахстане – гэта падарунак кітайскім уладам, кітайскай прапагандзе. Якая рэтранслюе гэты мэсэдж для мусульманскай меншасці – глядзіце, маўляў, якія там зверствы дзеюцца. Гэта падарунак і для казахстанскіх уладаў: яны ж нічога не рабілі, каб абараніць казахскую меншасць у Кітаі, замест гэтага ішлі за Кітаем, у тым ліку пераследуючы казахскіх праваабаронцаў, якія ўздымалі гэтую тэму, і гэта выклікала грамадскае раздражненне. Таму ім вельмі выгадна цяпер выклікаць нянавісць да народа, які выйшаў з Кітая і вызнае іслам.

Такім чынам, казахстанская і кітайская прапаганды аб'ядналіся ў адзіным парыве ў сувязі з гэтым канфліктам. Аднолькава працуючы на распальванне міжнацыянальнай нянавісці ў інтарэсах уладаў. У выгодзе апынулася вось гэтая счэпка аўтарытарных рэжымаў. Яны карыстаюцца сітуацыяй, яна ім цікавая. І таму яна нікуды не знікне. Улады добра зразумелі, што можна націскаць на гэтую «кнопку».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках