27 красавiка 2024, Субота, 23:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праціўнікі акумулятарнага завода прайшлі маршам па цэнтральных вуліцах Берасця

2
Праціўнікі акумулятарнага завода прайшлі маршам па цэнтральных вуліцах Берасця

Удзельнікі акцыі дамовіліся сачыць за махінацыямі дзяржавы вакол «экспертызаў» на прадпрыемстве.

Блізу поўдня 16 лютага на плошчы Леніна чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года, паведамляюць naviny.by.

Паводле звестак праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было больш за 100 чалавек.

Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, якія сабраліся на плошчы, абмяркоўвалі пачатак разгляду 14 лютага ў судзе Ленінскага раёна Берасця справы паводле ч.1 арт. 427 КК (службовы падлог) у дачыненні да Юліі Якаўчык.

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаная, займаючы кіраўнічую пасаду ў Берасцейскай абласной лабараторыі аналітычнага кантролю «Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне навакольнага асяроддзя», двойчы ўнесла заведама лжывыя звесткі ў пратакол правядзення вымярэнняў, якія пацвярджаюць факт парушэння акумулятарным заводам ТАА «АйПаўэр» заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя.

Абвінавачаная ў суд не з'явілася. Адвакатка Якаўчык паведаміла, што тая знаходзіцца на лекаванні ў лякарні, і папрасіла адкласці разгляд справы да акрыяння падабароннай. Суд хадайніцтва задаволіў.

Людзі казалі пра тое, што даведаліся пра гэтую крымінальную справу за некалькі дзён да пачатку суда.

«Гэта адна з крымінальных справаў, якія расследавала Генеральная пракуратура ў 2019 годзе. Усе гэтыя справы павінны дайсці да суда і прадэманстраваць, як асобныя чыноўнікі хаваюць небяспеку гэтага прадпрыемства для здароўя людзей, – сказаў Кісляк у каментары БелаПАН. – На заводзе прайшлі толькі пусканаладачныя працы, а ўжо ідзе падтасоўка вынікаў выкідаў шкодных рэчываў. Мы не застрахаваныя ад паўтарэння падобнага ў выпадку запуску прадпрыемства. Калі гэты свінцовы завод не прыбраць, ён будзе нас труціць, а нам будуць апавядаць, што выкідаў амаль няма. Такі завод берасцейцам не патрэбны».

Удзельнікі сённяшняй сустрэчы на плошчы адзначалі, што будуць уважліва сачыць за ходам судовага працэсу і мяркуюць, што фігурантам павінен быць вынесены абвінаваўчы прысуд.

Як заявіў адзін з лідараў грамадскага руху супраць будаўніцтва завода Зміцер Бекалюк, «гэта толькі адзін факт падробкі, а колькі іх не апублікавана». «Як можна пасля гэтага ўвогуле давяраць усёй дзяржаўнай сістэме маніторынгу стану навакольнага асяроддзя?» – сказаў ён.

Таксама Бекалюк звярнуў увагу, што ўсе санітарныя службы падчас пусканаладкі паведамлялі, што «з выкідамі завода ўсё ў норме». «А факты кажуць, што ў працэсе пусканаладкі на акумулятарным заводзе было перавышэнне выкідаў і забруджванне зямлі», – заявіў ён.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках