26 красавiка 2024, Пятніца, 23:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наступствы «цукровай справы»: Што будзе з галіной у краіне

30
Наступствы «цукровай справы»: Што будзе з галіной у краіне

Экс-дырэктар Слуцкага цукровага завода выказаўся пра нашумелую справу.

Анатоль Купрыяненка, былы дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбіната (кіраваў з 1974 да 2003 года), старшыня Асацыяцыі беларускіх цукравытворцаў, пра «цукровую справу» і пра тое, як яна адаб'ецца на заводзе – у інтэрв'ю «Кур'еру».

Цяпер у Беларусі расследуецца так званая «цукровая справа». Камітэтам дзяржбяспекі затрыманыя дырэктары ўсіх чатырох цукровых заводаў, былы высокапастаўлены супрацоўнік МУС, супрацоўнікі камерцыйных структураў. Прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак паведаміў пра пачатак шэрагу крымінальных справаў за атрыманне і даванне хабару. Паводле версіі КДБ, за некалькі гадоў карупцыянеры скралі мільёны даляраў.

Калі па-простаму: што за схемы былі?

На гэтае ды іншыя пытанні адказвае экс-дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбіната Анатоль Купрыяненка:

– Дырэктараў цукровых заводаў абвінавачваюць у двух грахах: махінацыях з мяшкамі і стварэнні злачыннай кампаніі, а злачыннасці, на мой погляд, у яе стварэнні – ніякай.

Я не магу каментаваць ашуканскія схемы, таму што гэта кампетэнцыя следчых органаў. Што тычыцца поліпрапіленавых мяшкоў, то іх зварот можна ацаніць з таго, што ўсе чатыры цукровыя заводы фасуюць у мяшкі прыкладна 400 тысячаў тонаў цукру за год. На тону цукру выдаткоўваецца 20 мяшкоў. Гэта значыць, атрымліваецца, што заводы за гэты перыяд выкарыстоўвалі 8 млн мяшкоў.

Як апавёў прадстаўнік КДБ, за кожны набыты мяшок належала грашовая ўзнагарода памерам да трох цэнтаў. Ён дадаткова растлумачыў, што «тры цэнты за мех здаецца невялікай сумай, але, улічваючы маштабы паставак, ценевы прыбытак ужо на гэтым этапе вылічаўся сотнямі тысячаў даляраў».

Нескладана палічыць усю суму штогадовага ўзнагароджання на чатыры заводы, зыходзячы з названых расцэнак.

Што тычыцца стварэння Беларускай цукровай кампаніі, якую назвалі «пракладкай», то гісторыя яе ўзнікнення такая. Да яе стварэння кожны завод выходзіў на расейскі рынак самастойна, канкуруючы адзін з адным. Стварэнне кампаніі дазваляла больш цывілізавана і больш кампетэнтна весці экспарт цукру ў Расеі. З гэтай мэтай і была, з ухвалы канцэрна «Белдзяржхарчпрам», створаная Беларуская цукровая кампанія. Заснавальнікамі выступілі цукровыя заводы. Чысты прыбытак, атрыманы кампаніяй, вяртаўся цукровым заводам у выглядзе дывідэндаў.

Што скажаце пра дырэктара?

Я не бяруся меркаваць пра ўчынкі дырэктараў або абмяркоўваць іх асобы. Магу толькі сказаць, што Мікалай Паўлавіч Пруднік – высокакваліфікаваны кіраўнік. Вёў правільную эканамічную і тэхналагічную палітыку. За перыяд ягонай працы завод павялічыў магутнасць у перапрацоўцы буракоў у два разы, удасканальвалася тэхналогія вытворчасці. Слуцкі цукрарафінадны камбінат адзіны не выкарыстаў для свайго развіцця бюджэтныя ўліванні, развіваўся за кошт уласных сродкаў і пакуль адзіны працуе з прыбыткам. Такой культурай вытворчасці, якая цяпер на Слуцкім цукровым камбінаце, не кожны завод у Еўропе можа пахваліцца. Штогод камбінат займае першае месца ў намінацыі «Найлепшае прадпрыемства цукровай галіны ЕАЭС». На належным узроўні развязваліся і сацыяльныя пытанні.

Як «цукровая справа» адаб'ецца на заводзе?

Цяпер вельмі важна, хто менавіта ўзначаліць прадпрыемства – свой чалавек ці іншы. На камбінаце створаны рэзерв кадраў, здольных узначаліць яго. Цукровая вытворчасць вельмі складаная, і досвед прызначэння дырэктарам аднаго з заводаў кандыдата навук з боку прывёў да таго, што за некалькі гадоў завод страціў свае пазіцыі і стаў стратным.

Што будзе з цукровай галіной?

«Цукровая справа», безумоўна, адаб'ецца на працы прадпрыемства. Але гэта не параўнальна з глыбокім крызісам цукровай галіны ў Беларусі. Для захавання галіны патрабуюцца ідэі не толькі на ўзроўні нашага ўраду, але і на ўзроўні ЕАЭС. І ў тым, што ў цукровай галіны праблемы, ёсць расейскі след. Вытворцам расейскага цукру ў два разы танней абыходзіцца газ і на 40% менш абыходзяцца буракі. І тое, і іншае ўплываюць на сабекошт прадукту. Калі з падаражэннем кошту на газ Слуцкі цукровы камбінат яшчэ можа справіцца, перакрыўшы падаражанне сваім высокім тэхнічным узроўнем, то без адзінага коштаўтварэння на сыравіну – не. І гэта праблемы цукровай галіны на ўсёй мытнай прасторы.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках