27 красавiка 2024, Субота, 18:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Завод можа беспакарана выкідваць колькі заўгодна свінцу, мыш'яку, сернай кіслаты»

15
«Завод можа беспакарана выкідваць колькі заўгодна свінцу, мыш'яку, сернай кіслаты»
ФОТА: B-G.BY

Змагары з акумулятарным заводам у Берасці абураныя падтасоўкай вынікаў маніторынгу.

Больш за 100 чалавек выйшлі днём 16 лютага на плошчу Леніна ў Берасці, каб пакарміць галубоў і тым самым чарговы раз паказаць, што яны супраць акумулятарнага завода побач з горадам, піша «Брестская газета».

ФОТА: B-G.BY

Галоўнай тэмай абмеркавання быў распачаты судовы працэс паводле крымінальнай справы аб службовым падлогу, апавёў берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк. Нагадаем, пасяджэнне было прызначанае на 14 лютага, аднак абвінавачаная ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 427 КК, Юлія Якаўчык у суд не з'явілася. Яе адвакатка паведаміла, што напярэдадні жанчыну паклалі ў шпіталь і папрасіла адкласці разгляд справы да акрыяння падабароннай. Суд хадайніцтва задаволіў.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы Якаўчык, займаючы кіраўнічую пасаду ў Берасцейскай абласной лабараторыі аналітычнага кантролю ГУ «Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне навакольнага асяроддзя», двойчы ў розныя перыяды часу ўнесла заведама лжывыя звесткі і запісы ў пратакол правядзення вымярэнняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, якія пацвярджаюць факт парушэння акумулятарным заводам ТАА «АйПаўэр» заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове навакольнага асяроддзя i рацыянальным выкарыстаннi прыродных рэсурсаў.

Актывісты кажуць, што гэтыя два эпізоды службовага падлогу дэманструюць слабасць усёй сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя. На іх думку, калі вынікі аналізаў падтасоўваюцца, завод можа беспакарана выкідваць колькі заўгодна свінцу, мыш'яку, сернай кіслаты.

Яшчэ адной тэмай абмеркавання стала тое, што «АйПаўэр» рыхтуе круглыя сталы з грамадскасцю.

ФОТА: B-G.BY

«Людзі абураныя, што замест сапраўдных грамадскіх абмеркаванняў прадпрыемства робіць іх імітацыю», – перадае Кісляк словы змагароў з заводам, якія ў нядзелю выйшлі на плошчу.

Пасля кармлення галубоў праціўнікі завода традыцыйна прайшлі па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».

ФОТА: B-G.BY

Будаўніцтва акумулятарнага завода «АйПаўэр» на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст» пачалося ў канцы 2017 года. Ягоны запуск першапачаткова планаваўся ў жніўні 2018 года, потым у канцы 2018 года. У 2019-м тэрміны таксама не раз падаўжаліся. У эксплуатацыю завод дагэтуль не ўведзены – у чэрвені 2019 года пастановай старшыні Берасцейскага аблвыканкама рэалізацыя праекта была прыпыненая да ліквідацыі наяўных парушэнняў.

Адначасова з будоўляй у Берасцейскім рэгіёне пачалася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ гэтага прадпрыемства. Цягам усяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі заяўляюць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта.

Пачынаючы з 4 сакавіка пазамінулага года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць завода. За гэта многіх з іх не раз затрымлівалі і штрафавалі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках