29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пампея: Літва - энэргічная, квітнеючая дэмакратыя, якая стала магутным сімвалам поспеху

1
Пампея: Літва - энэргічная, квітнеючая дэмакратыя, якая стала магутным сімвалам поспеху

ЗША павіншавалі Літву з 102-й гадавінай незалежнасці.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампея накіраваў віншаванне з нагоды Дня аднаўлення Літоўскай дзяржавы, у якім выказаў надзею на ўмацаванне партнёрскіх стасункаў ЗША і Літвы, паведамляе «Голос Америки».

«Ад імя народа і ўрада ЗША я хачу павіншаваць Літву са 102-й гадавінай вашай незалежнасці», - гаворыцца ў звароце Пампея, апублікаваным Дзярждэпартаментам у нядзелю.

«У 2019 годзе мы адзначалі 30-ю гадавіну рэвалюцый 1989 года, уключаючы акцыю «Балтыйскі шлях» і падзенне Бэрлінскага мура, і ўшаноўвалі свабоды, якія мы здабылі разам за апошнія тры дзесяцігоддзі, - нагадаў кіраўнік амерыканскай дыпламатыі. - Летась прадстаўнікі ўрада ЗША з гонарам узялі ўдзел у рэканструкцыі акцыі «Балтыйскі шлях», арганізаванай пасольствам Літвы ў ЗША. Да іх далучыліся прадстаўнікі Эстоніі, Латвіі і сябры нашай актыўнай дыяспары амерыканцаў з балтыйскімі каранямі, дзякуючы намаганням Сумеснага балтыйска-амерыканскага нацыянальнага камітэта».

Пампея нагадаў, што сёлета адзначаецца 80 гадоў дэкларацыі Уэлеса 1940 года, якая, з яго слоў, стала сведчаннем непахіснай падтрымкі незалежнасці Літвы з боку ЗША.

Дзяржсакратар назваў сучасную Літву «энэргічнай, квітнеючай дэмакратыяй», якая стала «магутным сімвалам поспеху і крэпасці» трансатлантычнай супольнасці і перамогі свабоды асобы над аўтарытарызмам.

«Літва з'яўляецца чальцом абранай групы сябраў NATO, якія выконваюць абяцанне выдаткоўваць на абарону 2 адсоткі свайго ВУП, - адзначыў Пампея. - Літва таксама з'яўляецца адным з самых непахісных і дасведчаных партнёраў у барацьбе са зламысным уплывам Расеі. Мы дзякуем Літву за яе важкі ўклад у глабальную бяспеку».

«Вы ўжо шмат чаго дасягнулі, але мы ведаем, што лепшае яшчэ наперадзе. ЗША разлічваюць на далейшае ўмацаванне партнёрства з нашым саюзнікам Літвой», - рэзюмаваў кіраўнік Дзярждэпартамента.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках