Спецслужбы ЗША папярэдзілі сенатараў пра новае ўмяшанне РФ у выбары
6- 21.02.2020, 9:28
- 8,414
Масква, сярод іншага, спрабуе ўплываць на праймерыз дэмакратаў.
Спецслужбы ЗША мяркуюць, што Расея ў 2020 годзе ўмешваецца ў выбары прэзідэнта, каб спрыяць перавыбранню Дональда Трампа. Пра гэта паведамілі ў чацвер, 20 лютага, амерыканскія выданні The New York Times, The Washington Post і тэлеканал CNN, паведамляе dw.com. Паводле іх звестак, высокапастаўлены прадстаўнік спецслужбаў апавясціў пра гэта камітэт выведкі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША на канфідэнцыйным брыфінгу. Сярод іншага, спецслужбы мяркуюць, што Масква ўмешваецца ў першасныя выбары дэмакратаў.
Брыфінг адбыўся 13 лютага, а на наступны дзень Трамп выгаварыў выканаўцу абавязкаў дырэктара Нацыянальнай выведкі ЗША Джозэфу Магуайру за тое, што ён дазволіў правесці гэтае мерапрыемства, адзначаюць СМІ. Праз некалькі дзён кіраўнік Белага дому абвесціў, што амбасадар ЗША ў Нямеччыне Рычард Грэнэл зменіць Магуайра.
Між тым удзельніца прэзідэнцкай гонкі 2020 года, сенатарка-дэмакратка ад Масачусэтса Элізабэт Уорэн таксама заявіла, што "Расея зноў умешваецца ў нашы выбары з мэтай дапамагчы абранню дзейнага кіраўніка дзяржавы. Трамп ірве на шматкі вяршэнства закона і цэласнасць нашай дэмакратыі", – дадала Уорэн.
Russia is interfering in our election again to help elect Trump.
— Elizabeth Warren (@ewarren) February 20, 2020
After members of Congress were briefed about this threat, Trump fired the acting Director of National Intelligence.
Trump is shredding the rule of law—and the integrity of our democracy.https://t.co/0P3A4dDueJ
Расследаванне спецпракурора Мюлера
Праз некалькі месяцаў пасля абрання Дональда Трампа прэзідэнтам камісія пад кіраўніцтвам спецпракурора ЗША Роберта Мюлера пачала расследаваць меркаванае ўмяшанне Расеі ў выбары кіраўніка дзяржавы ў 2016 годзе. Даклад Мюлера быў апублікаваны пасля заканчэння расследавання вясной 2019 года.
Спецпракурор выявіў спробы прадстаўнікоў РФ умяшацца ў перадвыбарчую гонку, але не змог даказаць змову перадвыбарчага штаба Трампа з расейскімі ўладамі.