ЗША мяняюць правілы выдачы грын-кард
4- 24.02.2020, 9:47
- 15,519
Атрымаць іх будзе цяжэй.
З 24 лютага ЗША ўводзяць новыя правілы выдачы дазволаў на сталае жыхарства ў краіне (так званых грын-кард).
Новыя правілы зробяць больш жорсткай працэдуру атрымання грын-кард для тых замежнікаў, якія спадзяюцца на дзяржаўныя дапамогi, паведамілі ў Белым доме.
«Гэта адновіць асноватворны прававы прынцып, паводле якога новыя чальцы грамадства павінны быць фінансава самастойнымі і не залежаць ад шчодрасці падаткаплацельнікаў ЗША», – гаворыцца ў паведамленні.
Ініцыятыву ў жніўні 2019 высунуў памочнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стывен Мілер.
Цяпер ЗША могуць адмовіць ва ўездзе або выдачы грын-кард, зыходзячы з узроўню прыбыткаў або таго, як часта чалавек карыстаецца праграмамі сацыяльнай дапамогі.
Сярод іншага, негатыўнымі чыннікамі пры разглядзе заяўкі на атрыманне грын-кард будуць уважацца карыстанне льготным медстрахаваннем Medicaid, удзел у праграме атрымання прадуктовых талонаў і льготнай пакупкі жылля. Таксама праблемы з атрыманнем дазволаў на сталае жыхарства могуць з’явіцца ў людзей, якія пакутуюць ад «захворвання, якое можа запатрабаваць сур'ёзнага лекавання» і «перашкодзіць замежніку забяспечваць сябе, наведваць школу або працу».
Адмоўнымі характарыстыкамі стануць таксама адсутнасць прыватнай медыцынскай страхоўкі і недастатковы ўзровень валодання ангельскай мовай.
Правілы павінны былі пачаць дзеянне ў сярэдзіне кастрычніка 2019 года, аднак тады яны былі абскарджаныя ў судзе.
Раней у ЗША абвесцілі пра новыя правілы атрымання візаў цяжарнымі. Яны накіраваныя на выкараненне «радзільнага турызму» – практыкі, калі жанчыны прыязджаюць нараджаць у Злучаныя Штаты, каб іх дзіця аўтаматычна атрымала амерыканскае грамадзянства.