27 красавiка 2024, Субота, 3:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін і Эрдаган павышаюць стаўкі

4
Пуцін і Эрдаган павышаюць стаўкі

Хто пераможа ў Ідлібе?

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў, што 5 сакавіка мае намер чарговы раз абавязкова сустрэцца з Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць вельмі небяспечную сітуацыю ў сірыйскай правінцыі Ідліб. Пасля пачатку наступу сілаў Башара Асада на горад расейскія і турэцкія вайскоўцы ўжо амаль штодня ўдзельнічаюць у баях з розных бакоў – і ў любы момант могуць наўпрост сутыкнуцца адзін з адным. Аднак прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў кажа, што пра новую сустрэчу двух прэзідэнтаў пакуль у Маскве нічога не вядома.

Баі ў "зоне дээскалацыі" ў правінцыі Ідліб на паўночным захадзе Сірыі, якая застаецца апошняй апорай розных сілаў, якія супрацьстаяць рэжыму Башара Асада, з кожным днём становяцца ўсё больш жорсткімі. Расея і Турцыя, якія падтрымліваюць супрацьлеглыя лагеры ў гэтым канфлікце, пакуль так і не змаглі дамовіцца пра перамір'е, нягледзячы на частыя сустрэчы сваіх вайскоўцаў і дыпламатаў. Армія Асада надыходзіць гэтак імкліва, што гэта прымусіла яшчэ амаль 700 тысячаў чалавек бегчы да турэцкай мяжы, якая для іх зачыненая. Турцыя, якая ўжо прыняла 3,6 мільёна сірыйскіх бежанцаў, папярэджвае, што больш нікога да сябе не прапусціць.

Пры гэтым у апошні месяц у раёне Ідліб былі забітыя і параненыя некалькі дзясяткаў турэцкіх вайскоўцаў – у адказ заўсёды адкрывалі агонь па пазіцыях войскаў Асада. Сірыйская ўрадавая армія і падтрымныя разнастайныя атрады, дасланыя Іранам, у выніку гэтых удараў, а таксама контратак паўстанцаў у сваю чаргу страцілі забітымі і параненымі вялікую колькасць байцоў – і выклікалі на дапамогу расейскую авіяцыю, артылерыю і спецназ. Аднак проста па турэцкіх пазіцыях Расея пакуль не нанесла ні аднаго ўдару.

Афіцыйная Анкара перыядычна паўтарае, што яе войска не супрацьстаіць у Ідлібе Расеі і што яе праціўнікам з'яўляюцца толькі сілы Асада. Пры гэтым, паводле словаў турэцкага міністра абароны Хулусі Акара, ягоная краіна цяпер разглядае магчымасць папрасіць у ЗША паставіць ёй зенітна-ракетныя комплексы Patriot, праз тэарэтычныя пагрозы з боку ВКС Расеі. Нядаўна Анкара набыла ў Масквы сістэмы С-400, але яны яшчэ не пастаўленыя на баявую варту.

Нядаўна Рэджэп Эрдаган заявіў, што аперацыя ўзброеных сілаў Турцыі супраць арміі Башара Асада ў правінцыі Ідліб – толькі пытанне часу. Выступаючы на мінулым тыдні перад сваімі прыхільнікамі ў Стамбуле, Эрдаган адзначыў, што перамовы з Расеяй пакуль не прынеслі жаданага выніку і што Турцыя гатовая забяспечыць бяспеку ў Ідлібе "любым коштам". Ён таксама паведаміў, што абмеркаваў магчымыя варыянты далейшага развіцця падзей з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам – і заручыўся ягонай падтрымкай.

Пра ўсе рызыкі абвастрэння пад Ідлібам цяпер, напярэдадні 9-гадовай гадавіны пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі, у інтэрв'ю Радыё Свабода разважае палітолаг-усходазнавец, старшы выкладчык дэпартамента палітычнай навукі Найвышэйшай школы эканомікі ў Маскве Леанід Ісаеў:

– Хутка спаўняецца 9 гадоў з пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі. Хтосьці мог уявіць тады, што гэты канфлікт настолькі задоўжыцца, што ён стане міжнародным і паўплывае на ўвесь свет?

– Не думаю, што хоць нейкія аналітыкі маглі тады спрагназаваць будучы характар сірыйскага канфлікту. Але выказаць здагадку, што Сірыя з вялікай верагоднасцю ператворыцца ў failed state, можна было, таму што ўжо быў досвед суседняга Ірака. Тады яшчэ гаварылася, што калі масавыя паўстанні і пратэсты, выкліканыя "арабскай вясной", будуць распаўсюджвацца па ўсім арабскім свеце, то Лівія і Емен могуць ператварыцца ў краіны, якія пацерпяць ад доўгай грамадзянскай вайны. Але да Сірыі гэта, напэўна, адносілася ў меншай ступені. І ў 2011 годзе пераважная большасць экспертаў і саміх арабаў меркавалі, што, якой бы ні была будучыня Сірыі, яна, хутчэй за ўсё, з вялікай верагоднасцю стане складвацца без Башара Асада.

– Такім чынам, сёння Башар Асад пры падтрымцы Масквы і Тэгерана здолеў канчаткова перамагчы. Ці не ўсё так проста? І тая ж зона Ідліба, апошняя, якая яму яшчэ не належыць, можа стаць месцам, адкуль гэтая вайна выверне, можа быць, на новы, яшчэ больш небяспечны паварот?

– Асад, безумоўна, здолеў перамагчы ў грамадзянскай вайне, выйсці пераможцам з супрацьстаяння з апазіцыяй, і ўвогуле атрымалася, вядома, не без дапамогі знешніх хаўруснікаў, паспяхова супрацьстаяць і знешняму націску на ягоны рэжым. Але пры ўсім гэтым наўрад ці ягоная перамога прывядзе да таго, што будуць развязаныя ўсе тыя праблемы, якія і спарадзілі гэты канфлікт. Людзі ж у 2011 годзе выйшлі на вуліцы не проста так. Падзеі, што адбываюцца ў Каіры на плошчы Тахрыр, скіданне Бэн Алі ў Тунісе – усё гэта таксама паслужыла нейкім каталізатарам, каб людзі выйшлі на вуліцы і ў Сірыі. Але, тым не менш, была вялікая колькасць унутраных прычынаў, якія выклікалі пратэст сірыйскага насельніцтва. І ўсе гэтыя праблемы засталіся.

Да таго ж, незалежна ад таго, як Расея і Турцыя цяпер дамовяцца пра Ідліб, рана ці позна Башар Асад, вельмі верагодна, і гэты горад возьме пад кантроль. І на сёння большую частку тэрыторыі Сірыі ён, вядома, кантралюе. І вось той факт, што Башар Асад выйшаў пераможцам у гэтым супрацьстаянні, уся сітуацыя – усё гэта наводзіць мяне на думку пра тое, што, адчуваючы сябе героем, ён наўрад ці прыступіць да тых рэформаў, якія маглі б развязаць усе тыя праблемы, якія ў свой час прымусілі людзей выйсці на вуліцу. З гэтага пункту гледжання тое, што мы цяпер бачым у Сірыі, гэта бомба запаволенага дзеяння. У кароткатэрміновай перспектыве ў Асада атрымалася дамагчыся стабільнасці. Але ў доўгатэрміновай перспектыве ўсе балючыя праблемы калісьці зноў азавуцца, прычым з яшчэ большай, небяспечнай сілай.

– Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў толькі што заявіў, што любыя размовы пра якое-небудзь перамір'е ў раёне Ідліб – гэта "капітуляцыя перад тэрарыстамі". Гэта значыць, што войскі Асада пры падтрымцы Крамля пойдуць у гэтай бітве да канца. А яны ўсведамляюць усе рызыкі?

– Тут трэба ўсё ж такі аддзяляць рыторыку ад сапраўдных інтарэсаў і дзеянняў, на якія гатовая пайсці Расея. Тое самае адносіцца да заяваў прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана – відавочна, што мы бачым нейкую гульню на павышэнне ставак, як з боку Анкары, так і з боку Масквы. Турцыя ж таксама пачала ўпершыню за многія гады разгортваць сваю ваенную інфраструктуру непасрэдна на тэрыторыі Сірыі, і яна дае зразумець, што для яе Ідліб – таксама пытанне, якое мае прынцыповае значэнне. І што згаджацца на тыя ўмовы, якія прапануе ёй Крэмль, Анкара не гатовая. Але я не думаю, што справа можа дайсці да прамога канфлікту паміж Расеяй і Турцыяй. Усё ж такі гэта нейкая задача-мінімум, якую Пуцін і Эрдаган спрабуюць развязаць. Я мяркую, што Ідліб для іх абодвух абсалютна не варты таго, каб двухбаковыя стасункі, якія ўсталяваліся паміж Расеяй і Турцыяй, ставіць пад пагрозу. Гэта тыповая слоўная гульня, і мне здаецца, што ўсе супярэчнасці з вялікай верагоднасцю атрымаецца развязаць пры чарговай вочнай сустрэчы спадара Пуціна і спадара Эрдагана.

– Але ўжо такіх сустрэчаў было шмат, і ўсе яны праходзілі напружана. Калі Пуцін прымаў пастанову ўвогуле ўмешвацца ў вайну ў Сірыі, ці мог ён падумаць, што сапраўднай сілай, якая ўстане ўрэшце ў яго на шляху, апынецца Турцыя?

– Не ведаю, ці думаў пра гэта асабіста ён ці не. Але гэта было абсалютна відавочна, асабліва ў той момант. Турцыя ў 2015 годзе ўжо гуляла адну з ключавых роляў у сірыйскім канфлікце, гэта была адна з галоўных знешніх сілаў, якая не хавала сваіх амбіцый і інтарэсаў у адносінах да Сірыі. Таму было б зусім неабдуманым не ўсведамляць ужо тады тое, што ў асобе Турцыі Расея атрымае моцную канкурэнтку. Расейскае ўмяшанне ў Сірыі, з пункту гледжання Турцыі, раўнацэннае таму, як калі б Турцыя ўмяшалася б у канфлікт ва Украіне на баку Кіева. Можна ўявіць сабе рэакцыю, якая магла б адбыцца ў такім выпадку з боку Масквы! Пуцін павінен быў гэта прадбачыць – паколькі калі не прадбачыў, то гэта проста каласальны знешнепалітычны пралік.

З іншага боку, канфлікт, які паміж дзвюма краінамі ўзнік у канцы 2015 года праз збіты расейскі самалёт, крыху ацверазіў як Маскву, так і Анкару. Пры ўсёй той напружанасці, з якой праходзяць сустрэчы Пуціна і Эрдагана, пакуль у абодвух лідараў усё ж такі атрымлівалася дасягаць кампрамісу і ў пытанні Ідліба ў 2018 годзе, і ў пытанні паўночнага ўсходу Сірыі летась, у кастрычніку. Пры тым, вядома, што гэтыя перамовы доўга рыхтаваліся, і было шмат і правальных дыскусій, на больш нізкім узроўні. Але тым не менш, да пагадненняў яны прыходзілі.

– Нават калі цяпер зноў кампраміс будзе дасягнуты, мне здаецца, ён будзе вельмі невялікім і часовым. Таму што іх пазіцыі непрымірэнчыя. Датычна таго ж Ідліба і Пуцін, і Эрдаган прама кажуць: "Мы не адступім ні на пядзю, і мы пойдзем да канца". У любым выпадку ёсць меркаванне, што Пуцін цяпер асуджаны яшчэ вельмі доўгі час абараняць Асада ад магчымага ваеннага нападу на яго Турцыі, а гэта значыць – рызыкаваць сутыкненнем з адной з наймацнейшых краінаў NATO.

– Так, калі кампраміс будзе дасягнуты, то гэта будзе, хутчэй, нейкая разрадка той сітуацыі, якая цяпер склалася, а не агульнае развязанне ідлібскай праблемы. Але ў гэтым і сутнасць усяго пуцінскага падыходу да Блізкага Усходу. Які зводзіцца да простай формулы: "Трэба развязваць праблемы у чарзе іх паступлення". Таму калі цяпер яму трэба дасягнуць разрадкі ва ўзаемаадносінах Расеі і Турцыі, то, напэўна, будзе лепш захаваць існы статус-кво, замарозіць на нейкі час канфлікт – і глядзець, як сітуацыя будзе развівацца далей. Можа быць, у будучыні для Асада ўмовы будуць больш спрыяльныя, для таго каб развіваць наступальную аперацыю ў Ідлібе?

Пуцін, вядома, з'яўляецца закладнікам сваёй жорсткай і папулісцкай пазіцыі ў дачыненні да Асада і ягонай легітымнасці, як і ўся Расея, – і выйсці з гэтага канфлікту, як бы Масква ні хацела, яна на сёння не можа. І незразумела, калі ўвогуле выйдзе, нягледзячы на тое, што Сяргей Лаўроў шмат разоў казаў, што "мы развязалі праблему тэрарызму" ў дачыненні да тэрарыстычнай групоўкі "Ісламская дзяржава", і нягледзячы на тое, што сам Уладзімір Пуцін ужо тройчы казаў, што "мы закончылі нашу ваенную місію там". Тут праблема больш фундаментальная – праблема адсутнасці змяняльнасці ўлады ў самой Расеі. Гэта пытанне арэолу бязгрэшнасці, які расейская ўлада ў апошнія гады стварала ў дачыненні да ўласных пастановаў. Ну, хто будзе прызнаваць памылкі, калі ўлада не мяняецца дзесяцігоддзямі? Не будзе ж спадар Пуцін, як і спадар Лаўроў, як і спадар Шайгу, прызнаваць уласныя памылкі і пралікі – у сірыйскім канфлікце і на Блізкім Усходзе ў цэлым.

Безумоўна, мы назіралі цэлую чараду вельмі рэактыўных пастановаў, якія прымае Крэмль, пасля чаго – наступную плынь яшчэ больш рэактыўных пастановаў, якія ўсё больш і больш цэментуюць расейскую палітыку ў дачыненні да Блізкага Усходу, робяць яе ўсё менш і менш гнуткай. Можа быць, у кароткатэрміновай перспектыве, як і ў Асада пад Ідлібам, у расейскага рэжыму і атрымаецца развязаць нейкія тактычныя задачы. Але ў доўгатэрміновай перспектыве, я думаю, гэта самым негатыўным чынам адаб'ецца на палітыцы Расеі ў дачыненні да рэгіёну і яе прысутнасці там.

– А Рэджэп Эрдаган, умешваючыся ў сірыйскія справы, гэтак жа відавочна разумеў, каму ён кідае выклік? Што не толькі Асаду? Яму сапраўды так важны лёс сірыйскіх туркаманаў або іншых сірыйскіх адзінаверцаў-сунітаў, і ён сапраўды так баіцца новых мільёнаў бежанцаў з Сірыі? Або значна важней для яго пагуляць у вялікія геапалітычныя гульні паміж Вашынгтонам і Масквой, і Еўразвязам заадно, палохаючы і раздражняючы то адных, то іншых?

– З аднаго боку, праблема бежанцаў абсалютна аб'ектыўная, і яна сапраўды з'яўляецца сур'ёзнай пагрозай для Турэцкай Рэспублікі. Акрамя бежанцаў ёсць яшчэ і праблема мясцовых і прышлых джыхадыстаў, якія ў свой час далучыліся да тэрарыстычных структураў у Сірыі і якія з зніжэннем напалу баявых дзеянняў там, так ці інакш, будуць з Сірыі з'язджаць некуды яшчэ. Нескладана выказаць здагадку, што многія з іх адправяцца менавіта ў Турцыю, пры такой даўжыні агульнай мяжы, – гэта сур'ёзны дэстабілізоўны патэнцыял для любой краіны.

Увогуле я не сказаў бы, што Ідліб мае нейкае найважнейшае ваенна-стратэгічнае значэнне для Турцыі, тут пытанне трошкі ў іншым. Вядома, гэта апошні вагар, з дапамогай якога Турцыя яшчэ можа рэальна ўплываць на далейшы ход усяго сірыйскага канфлікту. Але, акрамя гэтага, Эрдагана вельмі моцна раздражняе той факт, што ўсе тыя дамоўленасці, якія прымаюцца ім разам з Пуціным, раз за разам апошнім парушаюцца. Мы бачым, як бакі дамаўляюцца пра нейкае размежаванне інтарэсаў, сфераў кантролю ў Сірыі – а потым паступова пазіцыі Турцыі слабеюць, яе сілы выцясняюцца. Тут прайшла ваенная аперацыя сірыйскага рэжыму, там пачалася чарговая аперацыя сірыйскага рэжыму... І адпаведна, сфера ўплыву Турцыі так вось, раз за разам, час ад часу паступова звужаецца. І я думаю, што цяпер Рэджэп Эрдаган ужо, што называецца, пайшоў на прынцып: ён больш не мае намеру безуважна фіксаваць гэты зменлівы статус-кво. Цяпер прэзідэнт Турцыі хоча зафіксаваць мяжу роўна там і так, як яны дамовіліся з Пуціным у Сочы ў 2018 годзе.

Кожны зрыў дамоўленасцяў паміж Масквой і Анкарой, так ці інакш, прыводзіць да таго, што Эрдагана ўнутры самой Турцыі пачынаюць крытыкаваць. Яго называюць слабым чалавекам і слабым палітыкам – за тое, што ён ідзе на повадзе ў Пуціна. І праўда, у канчатковым рахунку, калі ў выніку ягонай палітыкі гінуць турэцкія вайскоўцы, безумоўна, адказнасць кладзецца на самога Эрдагана – бо ён, як мяркуюць усе ягоныя крытыкі, дамаўляецца з чалавекам, які яму перыядычна здраджвае. Падпісвае дамовы з Масквой, якая альбо не можа, альбо не хоча выконваць свае абяцанні. Таму для Эрдагана будучыня Ідліба мае яшчэ і важнае ўнутрыпалітычнае вымярэнне. Адсюль, я думаю, і паходзіць гэтая ягоная жорсткасць і прынцыповасць, якую мы з вамі цяпер назіраем.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках