19 сакавiка 2024, aўторак, 13:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: НПЗ сталі цяжарам для Лукашэнкі

61
Эканаміст: НПЗ сталі цяжарам для Лукашэнкі
ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ

Ніякіх «нафтавых эміратаў» для яго больш не будзе.

Нягледзячы на словы дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа пра магчымасці паставак амерыканскай нафты ў Беларусь паводле «канкурэнтных коштаў», спецыялісты сумняваюцца, што яна зможа замяніць расейскую ў выбудаванай Лукашэнкам «эканамічнай мадэлі».

«Пакуль у пастаўках амерыканскай нафты на беларускі рынак больш пытанняў, чым адказаў. Я не стала б разглядаць амерыканскую нафту як сур'ёзную і сістэмную альтэрнатыву расейскай», – мяркуе экспертка ў пытаннях паліўна-энэргетычнага комплексу Таццяна Манёнак.

Між тым беларускія НПЗ ужо больш за месяц, з 1 студзеня, працуюць у рэжыме мінімальнай загрузкі. Чым гэта можа павярнуцца для нафтахімічнай галіны і для ўсёй эканомікі ў цэлым?

На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:

– Сітуацыя для беларускай нафтаперапрацоўкі выглядае вельмі няпэўна – у сувязі з тым, што на дзяржаўным узроўні з Расеяй так і не дасягнута ніякіх пагадненняў. А пошукі альтэрнатыўнай нафты выглядаюць пакуль спарадычнымі і невялікія пастаўкі прыйшлі толькі з Нарвегіі, усяго толькі 80 тысячаў тонаў.

Ад Гуцырыева паставак таксама не хапае для поўнай загрузкі НПЗ. Там у сярэднім трэба хоць бы 1,5 мільёна тонаў за месяц, каб выйсці на больш-менш прымальны гадавы аб'ём. А ўвогуле для поўнай загрузкі трэба недзе 20 мільёнаў тонаў. Таго, што цяпер ёсць, не хапае, каб нармальна працаваць.

– Чым гэта можа павярнуцца для нафтавай і нафтахімічнай галіны?

– Зразумела, што НПЗ не могуць стаяць, іх трэба ўвесь час загружаць хоць бы мінімальна. Разумееце, калі спыняць нафтаперапрацоўку, то потым яе трэба запускаць цягам нейкага часу, даволі дарагія працэдуры праходзіць. Любыя прыпынкі ўскладняюць перапрацоўку. Перапрацоўка даражэе, калі спрабаваць яе аднавіць пасля прыпынку. Нічога добрага ад гэтага няма.

І галоўнае: ніхто не забараняў нашаму ўраду заключыць дамовы з расейскімі кампаніямі (і не забараняе да гэтага часу), каб атрымаць неабходную колькасць нафты з больш танным коштам, чым нарвежская. Тут праблема можа быць развязаная вельмі проста: узяць і заключыць кантракты з тымі, з кім яны раней складаліся ў Расеі. Таму што гэта не трэба ўзгадняць на найвышэйшым узроўні. Проста дамовіцца з нафтавымі кампаніямі.

Расейскае кіраўніцтва не пярэчыць, калі мы будзем браць столькі нафты, колькі нам трэба, але з коштам троху больш высокім – хоць ён усё роўна будзе ніжэйшы, чым сусветны. Тут праблемы няма. Тут праблема – палітычная, якая вынікае з асаблівасцяў «характару» нашага кіраўніцтва і ягонага метаду «кіравання» краінай.

– І як тады ўлады будуць развязваць праблему НПЗ у сувязі са сваімі «асаблівасцямі»? З'явілася, дарэчы, не пацверджаная пакуль інфармацыя пра гатоўнасць прадаць іх Кітаю...

– Я думаю, што на продаж НПЗ Кітаю яны не пойдуць. Хоць бы таму, што і Кітаю гэта асабліва не трэба, бо перспектывы нашых заводаў вельмі сумнеўныя. Кошты на нафту з Расеі дойдуць да сусветных дзесьці да 2025 года. Кітаю важна, ці будзе высокая прыбытковасць з гэтых заводаў, якая акупіць выдаткі на іх набыццё. І пры росце коштаў на расейскую сыравіну гэтае пытанне здымаецца само сабой.

Ёсць ужо такія прыклады, калі беларускія прадпрыемствы, якія прыносяць страты, ніхто не хоча браць. Напрыклад, цэментны завод у Гарадзенскай вобласці – даўно ўжо стратны, і спробы яго прадаць з якім-небудзь прымальным коштам для беларускага кіраўніцтва не мелі плёну.

Я думаю, што пакуль што размовы, ці патрэбная Кітаю тут перапрацоўка нафты, несур'ёзныя. Па-першае, ён сам набывае нафту. І з Кітая сюды нафту не павязеш: трубаў няма, па моры кошт у выніку будзе даражэйшы за сусветны, даражэйшы за іранскі. Мне здаецца, што гэта пакуль не нашмат больш сур'ёзна, чым пастаўкі нарвежскай нафты. Не варта нават асабліва брыкацца. Гэта, хутчэй за ўсё, проста палітычныя хады.

– Як Вы ў цэлым ацэньваеце страты беларускага бюджэту ад новай нафтагазавай вайны з Расеяй?

– Не скажу, што страты невялікія – але гэта таму, што і прыбыткі ад перапрацоўкі залішняй нафты, калі яна яшчэ паступала з РФ, былі невысокія. Гэта было прыбытковым, калі нафта была да 100 даляраў за бараль (а беларускія ўлады атрымлівалі яе танней) – вось тады быў добры прыбытак.

А цяпер прыбыткі невысокія, таму што абодва заводы – у Мазыры і ў Наваполацку – як той казаў, заточаныя толькі пад перапрацоўку нафтапрадуктаў, паліва, а не якіх-небудзь іншых хімічных прадуктаў, якія патрабуюцца для вытворчасці палімераў, для галіновых прадпрыемстваў хіміі.

Абодва заводы пад гэтую справу перабудоўваць атрымаецца вельмі дорага – увогуле не будзе прыбытку з гэтых НПЗ. Цяпер абодва заводы накіраваныя выключна на вытворчасць нафтапрадуктаў. А іх вытворчасць рэнтабельная, толькі калі спажыўцы знаходзяцца недалёка ад гэтых заводаў.

Калі яны далёка, толькі ў Балтыйскіх партах перавалка, як у нашым выпадку, то кошт не акупіць выдаткі – гэта значыць нерэнтабельная такая лагістыка, занадта далёкі спажывец. Таму наўрад ці цяпер гэтыя два завода патрэбныя, яны сталі цяжарам, і, шчыра кажучы, для Беларусі хапіла б і аднаго.

На карысць гэтага гавораць многія чыннікі: затратная лагістыка, падзенне сусветных коштаў на нафту і бензін. Тое, што нафта праз 3-5 гадоў будзе яшчэ таннейшая, павялічвае верагоднасць перспектывы таго, што два НПЗ Беларусі не патрэбныя.

Таму, беручы да ўвагі ўсе гэтыя верагоднасці і канкрэтную сітуацыю, гэтыя два заводы ніхто і не набудзе – сэнсу няма. Ды і прыбытак ад іх цяпер будзе невялікі. Рэнтабельнасць іх будзе невялікая, не такая высокая як раней. Акрамя таго, так атрымалася, што «мадэрнізацыя» гэтых заводаў панізіла перспектывы эфектыўнасці перапрацоўкі нафты, таму што трэба акупіць выдаткі 2 мільярды, якія леглі на гэтыя заводы, трэба аддаваць гэтыя пазыкі, а іх выплата пабудаваная за кошт знешніх запазычанняў. Гэта значыць, у любым выпадку недзе ў іншым месцы трэба будзе валютай закрываць гэтыя выдаткі. Увогуле, я думаю, што той узровень прыбыткаў ад НПЗ, які быў, ужо не будзе.

– Гэта значыць «нафтавы эмірат» для Лукашэнкі скончыўся?

– Эміраты, строга кажучы, звязаныя са здабычай нафты, а не з яе перапрацоўкай.

Але, сапраўды, глыбіня нашай нафтаперапрацоўкі сёння крыху ніжэйшая, чым сярэдняя ў Расеі. Я маю на ўвазе, што нават пасля «мадэрнізацыі» гэтых заводаў яшчэ не вядома, ці выйдуць яны на сусветны ўзровень глыбіні перапрацоўкі нафты.

Яна цяпер 0,7, а пасля ўкаранення можа быць будзе 0,8–0,85... У Нямеччыне ж нашмат вышэйшы гэты каэфіцыент. І заводы там размешчаныя поруч са спажыўцамі альбо каля партоў, каб таннейшя дастаўка была. У нас жа ўсяго гэтага няма.

Таму ніякіх «эміратаў» для Лукашэнкі больш не будзе – у тым сэнсе, што не будзе высокіх прыбыткаў, звязаных з нафтай.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках