12 верасня 2024, Чацвер, 0:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ганна Севярынец: Настаўнікі дазваляюць сабе абразлівыя каментары ў бок вучняў у масках

81
Ганна Севярынец: Настаўнікі дазваляюць сабе абразлівыя каментары ў бок вучняў у масках
ГАННА СЕВЯРЫНЕЦ

Каранавірус выявіў самыя цёмныя бакі беларускай сістэмы адукацыі.

Вядомая ў Беларусі настаўніца Ганна Севярынец распавяла «Радыё Свабода» пра праблему каранавіруса ў сферы адукацыі і выхавання:

Адно з самых непрыемных уражанняў апошніх дзён - уражанне ад таго, як у школах рэагуюць на спробы некаторых бацькоў рабіць смелыя захады супраць пандэміі. Мне асабіста шмат пішуць, я сачу за паведамленнямі ў «Фэйсбуку», я назіраю за сітуацыямі вакол тых знаёмых мне дзяцей, якія сышлі цяпер на самастойнае навучанне ці проста ходзяць у школу ў масках.

І я чую і бачу.

Я бачу, як некаторыя настаўнікі дазваляюць сабе абразлівыя каментары ў бок вучняў у масках.

Я бачу нават, як дарослыя з задавальненнем арганізуюць цкаванне такіх «панікёраў».

Я ведаю, што існуе цвёрдая пазіцыя школ не распавядаць бацькам аб іх праве забраць дзяцей на карантын без рэгламентацыі дзён пропускаў (гэта значыць па даведку ў паліклініку потым ісці не трэба).

Я ведаю, што ёсць выпадкі, калі асобныя настаўнікі ці нават адміністрацыя школы прымушаюць дзяцей на самакарантыне прыходзіць у школы, каб здаць той ці іншы прадмет, матывуючы такія візіты «канцом чвэрці».

Я ведаю, што некаторых бацькоў шантажуюць праблемамі з вучобай, калі яны забяруць дзіцяці са школы на карантын.

Вядома таксама, што на гэтым тыдні ў некаторых школах прайшлі праверкі наведвання навучэнцамі ўрокаў, і па выніках такіх праверак класныя кіраўнікі разаслалі бацькам смс-паведамленні з патрабаваннем прыйсці ў панядзелак у школы.

Я бачыла на свае вочы настаўнікаў з сухім кашлем і чырвонымі вачыма на працоўным месцы: маўляў, гэта звычайная прастуда, што я буду сядзець з ёй дома, лепш прайдуся туды-сюды, яна хутчэй скончыцца.

Я хацела б нагадаць сваім калегам, якія, безумоўна, думаюць, што робяць святую справу для «нераспаўсюджання панічных настрояў», пра прычыны, праз якія бацькі пішуць заявы аб свабодным карантыне.

Прычыны вельмі простыя. Гэтыя дзеці і іх адказныя бацькі зніжаюць нагрузку на сістэму аховы здароўя. Так, хутчэй за ўсё, дзеці лягчэй пераносяць каранавірус. Але яны не перастаюць ад гэтага чапляць іншыя хваробы.

Гэтыя самаізаляваныя дзеці, не захварэюць ангінамі і ВРВІ, не будуць сядзець у чэргах да лекараў і не будуць адымаць час на сябе. Гэтыя дзеці зберагуць для вас і вашых блізкіх сілы медперсаналу, бо не будуць хадзіць у паліклінікі па даведкі. Гэтыя дзеці зменшаць колькасць чалавек у класах, і дазволяць нам, настаўнікам, якія знаходзяцца ў групе рызыкі каранавіруса, захоўваць патрэбную дыстанцыю паміж людзьмі ў закрытым памяшканні.

Скажыце, няўжо вы і сёння думаеце, што ваш погляд на свет і яго выклікі - адзіна правільны для ўсіх? Калі вы мяркуеце, што маска - гэта прыкмета панікі, проста не насіце яе. Калі вы мяркуеце, што дзеці павінны сядзець у школе - адпраўляйце туды сваіх дзяцей.

У вас няма нават мінімальнага права выказваць публічна на адрас людзей, якія не парушаюць закон, свае ацэнкі і меркаванні, выдаючы іх за агульнапрынятыя каштоўнасці.

Цкаваць, маніпуляваць, прымушаць, хаваць інфармацыю, пераходзіць на асобы - нельга ў кожным выпадку, і не толькі падчас пандэміі.

І я нешта моцна сумняваюся, што непарушны адукацыйны працэс, своечасова напісаныя кантрольныя - гэта тое, чым можна потым апраўдацца перад вечнасцю, дыхаючы праз апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках