12 верасня 2024, Чацвер, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абаронца беларускага суверэнітэту шукае падтрымкі ў ААН

2
Абаронца беларускага суверэнітэту шукае падтрымкі ў ААН

Мая Навумава абвінаваціла беларускія ўлады ў парушэнні яе права на мірныя сходы.

21 сакавіка актывістка з Менска Мая Навумава звярнулася з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН у правах чалавека. На міжнародным узроўні яна ўзняла пытанне сістэматычнага пераследу за ўдзел у акцыях пратэсту супраць паглыбленай «інтэграцыі» з Расеяй, піша «Гомельская весна».

У снежні мінулага года суддзя Першамайскага раёна Менска Ганна Ігнацьева двойчы выпісала ёй максімальныя штрафы па 50 базавых на агульную суму 2625 руб за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту.

Жанчына мяркуе, што беларускія ўлады двойчы парушылі яе права на мірныя сходы і выказванне меркавання.

«Нават калі я ўзяла ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, суд быў абавязаны ацаніць мае дзеянні зыходзячы ў першую чаргу з міжнародных абавязацельстваў нашай краіны ў галіне правоў чалавека, а менавіта, давесці прапарцыянальнасць і мэтазгоднасць уведзеных на мае правы абмежаванняў», - заяўляе Мая Навумава

Праваабаронца і кіраўнік Цэнтра стратэгічных цяжбаў у Гомелі Леанід Судаленка, які вядзе справу актывісткі на міжнародным узроўні, адзначае, што менавіта на дзяржаве кожны раз ляжыць абавязак давесці прапарцыйнасць і мэтазгоднасць уведзеных на мае правы абмежаванняў. Датуль, пакуль такога кшталту сход, няхай нават і несанкцыянаваны, праходзіць мірна, улада наогул не мае права ў яго ўмешвацца.

«Галоўнай праблемай нашай краіны сёння з'яўляецца поўнае ігнараванне з боку судовай улады асноўных правоў чалавека. Кейс Навумавай найбольш яскрава пацвярджае мае словы, суддзі смела бяруць на сябе адказнасць не толькі за парушэнне міжнароднага права, але нават уласнага закона, як у гэтым выпадку», - падкрэсліў юрыст.

Мая Навумава просіць Камітэт ААН устанавіць факт парушэння яе правоў на мірныя сходы і выказванне меркавання. Яна таксама просіць абавязаць беларускі ўрад прывесці нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах і практыку яго выкарыстання ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі краіны.

Нагадаем, гэта не першая скарга актывісткі на міжнародным узроўні. Цяпер у Камітэце ААН правоў чалавека на разглядзе знаходзіцца яе скарга на пераслед за стыхійны мітынг, які прайшоў пасля абвяшчэння прысуду паводле справы лідараў прафзвязу РЭП ля будынка Дома правасуддзя ў Менску. Тады Мая Навумава разгарнула бел-чырвона-белы сцяг, іншыя ўдзельнікі трымалі сцягі прафзвязу РЭП і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Прыкладна праз 10 хвілін да іх пад'ехаў чырвоны аўтобус з супрацоўнікамі АМАП, якія затрымалі актыўных мітынгоўцаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках