12 верасня 2024, Чацвер, 0:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байдэн, Сандэрс або Трамп: чаго чакаць РФ ад наступнага прэзідэнта ЗША

3
Байдэн, Сандэрс або Трамп: чаго чакаць РФ ад наступнага прэзідэнта ЗША

У кожнага з трох прэтэндэнтаў на месца ў Белым доме ёсць свая гісторыя, звязаная з Расеяй.

У размове аб разгортванні ў ЗША прэзідэнцкай кампаніі назіральнікі сыходзяцца на тым, што на гэты момант засталіся тры прэтэндэнты на крэсла ў Белым доме. Гэта цяперашні ягоны гаспадар рэспубліканец Дональд Трамп, а таксама два дэмакраты - экс-віцэ-прэзідэнт Джо Байдэн (чые шанцы быць намінаваным ад Дэмпартыі дастаткова высокія) і сенатар Берні Сандэрс, піша «Нямецкая хваля».

На першы погляд, яны вельмі падобныя: трое белых мужчын, кожнаму з якім ужо добра за 70. А вось іх погляды на многія прынцыповыя пытанні значна адрозніваюцца. І ў кожнага з гэтай тройкі свая гісторыя, звязаная з Расеяй ці Украінай.

Сандэрс - «вялікае невядомае»

У працэсе праймерыз Дэмакратычнай партыі барацьба звялася ў выніку да супрацьстаяння прадстаўніка яе левага крыла, сенатара ад Вермонта Берні Сандэрса і вылучэнца ад умераных, былога віцэ-прэзідэнта Джо Байдэна. Аб замежнапалітычных поглядах першага інфармацыі няшмат. «Сандэрс - вялікае невядомае. Якой менавіта магла б быць ягоная замежная палітыка, не ведае ніхто», - канстатуе прафесар-амерыканіст з Іенскага ўніверсітэта Міхаэль Драер (Michael Dreyer) і адзначае, што ў сенатара Сандэрса практычна не засталося шанцаў быць намінаваным у якасці кандыдата ад Дэмпартыі.

На сайце Берні Сандэрса, калі гаворка ідзе пра ягоныя погляды на міжнародную палітыку, можна знайсці толькі абяцанне працаваць разам з іншымі краінамі ў абарону дэмакратыі ва ўсім свеце ад «сіл неталерантнасці, карупцыі і аўтарытарызму». У лагеры апошніх ён, відавочна, бачыць і Расею, якую неаднаразова адносіў да аўтарытарных рэжымаў. Падтрымліваў сенатар і санкцыі, уведзеныя ЗША ў дачыненні да Расеі за анэксію Крыма і дапамогу сепаратыстам на Данбасе.

Паказальнай для разумення пазіцыі сенатара з'яўляецца ягоная ініцыятыва канца 1980-х гадоў, калі Сандэрс быў мэрам горада Берлінгтона. Ён устанавіў тады пабрацімскія сувязі паміж Берлінгтонам і Яраслаўлем. Цяпер жа рэспубліканцы абвінавачваюць Сандэрса ў цёплых пачуццях да камунізму, а ягоны перадвыбарчы штаб тлумачыць тую ініцыятыву такім перакананнем Сандэрса: «падчас асабістых сустрэч мы можам зламаць бар'еры і стэрэатыпы, якія падзяляюць як людзей, так і ўрады». Брусэльскі экспэрт Нямецкага фонду Маршала Злучаных Штатаў Бруна Летэ пры гэтым падкрэслівае: «Прасацыялістычныя погляды Сандэрса не азначаюць поглядаў прапуцінскіх».

Байдэн - «ястраб» у палітыцы ў дачыненні да Расеі

Замежнапалітычныя погляды Байдэна, які восем гадоў з'яўляўся віцэ-прэзідэнтам ЗША за адміністрацыяй Барака Абамы, добра вядомыя. Асноўнае яго абяцанне - аднавіць «годнае павагі лідарства ЗША на сусветнай арэне». Летэ тлумачыць, што для Байдэна каштоўнасны аспект нашмат больш важны, чым для Трампа, які разглядае, напрыклад, супрацоўніцтва ў рамках NATO праз прызму «ты - мне, я – табе».

Летэ нагадвае, што Байдэн перажыў нямала расчараванняў з нагоды развіцця стасункаў ЗША і Расеі. Калі ён быў віцэ-прэзідэнтам, тагачасная дзяржсакратарка Хілары Клінтан разам з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым у 2009 годзе націснула кнопку «перазагрузка», маючы на ўвазе новы этап сувязяў з Масквой. «І Байдэн бачыў, як гэтыя намаганні працягнуць Расеі руку сяброўства скончыліся паразай, - дадае экспэрт. - У параўнанні з Сандэрсам пазіцыя Байдэна ў дачыненні да Расеі больш «ястрабіная».

Зрэшты, Байдэн і дэманструе гатоўнасць да дыялогу з РФ. Напрыклад, ён выказаў жаданне падоўжыць дзеянне амерыкана-расейскай дамовы СНУ-III, з чым Трамп пакуль марудзіць. Драер чакае, што Байдэн будзе праводзіць класічную замежную палітыку ЗША: «Вытрымліванне дыстанцыі з Расеяй і Кітаем, але і супрацоўніцтва з імі, бо гэта буйныя дзяржавы. А таксама партнёрства з дзяржавамі, якія падзяляюць каштоўнасці ЗША».

Сувязі Байдэна з Украінай

Украіна мае асаблівае значэнне для Джо Байдэна. Ён адказваў за дачыненні з Кіевам у адміністрацыі Абамы. З іншага боку, праз гэта Байдэн апынуўся ў цэнтры скандалу. У 2014 годзе ягоны сын Хантэр Байдэн увайшоў у назіральную раду ўкраінскай газаздабыўной кампаніі Burisma. Пастанова Байдэна-малодшага, да гэтага ніяк не звязанага з газавым бізнэсам, які атрымліваў у Burisma высокі заробак, адразу выклікала крытыку ў ЗША праз магчымы канфлікт інтарэсаў. А ў 2019 годзе Дональд Трамп паспрабаваў дамагчыся ад новага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага правядзення расследавання ў дачыненні да Байдэнаў.

Цяпер жа ўжо ў кантраляваным рэспубліканцамі Сенаце ЗША пачатае расследаванне што да Байдэнаў і Burisma. Бруна Лэтэ чакае, што на іх паспрабуюць «накапаць пабольш бруду», у што будуць стала ўцягваць Украіну. Бо Дзяржаўнае бюро расследаванняў (ДБР) Украіны таксама распачало справу ў дачыненні да Джо Байдэна.

Міхаэль Драер прагназуе, што Байдэн будзе асцярожны ва ўсім, што тычыцца Украіны. «Але ў вялікіх пытаннях, такіх як акупацыя Крыма і вайна з падтрымоўванымі Расеяй сепаратыстамі, амерыканскія інтарэсы зразумелыя, яны будуць асновай палітыкі Байдэна. Але, магчыма, ён праз канфлікт інтарэсаў адмовіцца займацца Украінай і перадасць гэта свайму дзяржсакратару», - мяркуе Драер.

Ці даруе Трамп Украіне справу аб імпічменце?

У адрозненне ад дэмакратаў, у Рэспубліканскай партыі адразу стаў відавочны пераможца праймерыз. Кандыдатам у прэзідэнты ад яе стане цяперашні гаспадар Белага дома Дональд Трамп. Яшчэ падчас папярэдняй выбарчай кампаніі Трамп казаў пра жаданне ладзіць з Пуціным, але так гэтага і не зрабіў. Адной з прычын аглядальнікі называюць расследаванне сувязяў паміж уладамі Расеі і камандай Трампа ў кантэксце ўмяшання Масквы ў выбары ў ЗША.

Спецпракурор, які праводзіў расследаванне, у выніку змовы не выявіў, і цяпер у Трампа зноў развязаныя рукі. Магчыма, ён зноў паспрабуе знайсці агульную мову з Пуціным. Пры гэтым у перыяд праўлення Трампа ЗША некалькі разоў уводзілі разнастайныя санкцыі ў дачыненні да Расеі. Аднак ініцыятарам санкцый кожны раз выступаў не Трамп, а Кангрэс.

Што тычыцца пазіцыі Трампа аб Украіне, то тут Бруна Летэ нагадвае, што менавіта цяперашняя адміністрацыя пачала пастаўляць смяротную зброю Кіеву. Абама ад гэтага кроку ўстрымаўся. З іншага боку, скандальная тэлефонная размова Трампа з Зяленскім прывяла да таго, што дэмакраты ў Кангрэсе ініцыявалі працэдуру адхілення прэзідэнта ЗША ад улады.

І хоць Сенат прагаласаваў супраць імпічменту Трампа, гэтая гісторыя можа адбіцца на дачыненнях з Кіевам. Бо Уладзіміра Зяленскага дагэтуль не запрасілі ў Белы дом, хоць ён вельмі хацеў атрымаць такое запрашэнне. «Я не ўпэўнены, ці даруе Трамп Украіне тое, што яго злавілі на «гарачым», што яго выставілі на ўвесь свет як чалавека, які вядзе замежную палітыку з дапамогай шантажу», - разважае Драер.

Абодва экспэрты прызнаюць, што прагназаваць, якую палітыку будзе праводзіць Дональд Трамп, немагчыма. «З Трампам няма ніякага пастаянства. Сёння ён можа быць тваім найлепшым сябрам, а заўтра ўвядзе санкцыі супраць цябе», - папярэджвае Драер. У той жа час Лета ўпэўнены: «Я дакладна магу сказаць, што адміністрацыя ЗША і Кангрэс аб Украіне не забудуць, што б ні казаў Белы дом».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках