12 верасня 2024, Чацвер, 0:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік САЗ у Беларусі: У вірусу няма межаў і спыніць яго можна будзе намаганнямі ўсіх краінаў

12
Кіраўнік САЗ у Беларусі: У вірусу няма межаў і спыніць яго можна будзе намаганнямі ўсіх краінаў
ФОТА: TUT.BY

Навошта патрэбная самаізаляцыя і як правільна гэта зрабіць.

Пра тое, чаму важная самаізаляцыя і якой яна павінна быць, tut.by пагутарыў з прадстаўніком Сусветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батырам Бердыклычавым.

Сацыяльнае дыстанцыяванне запавольвае распаўсюд вірусу

Мяркуецца, што запаволіць распаўсюджванне інфекцыі дапамагае сацыяльнае дыстанцыяванне. Напрыклад, САЗ рэкамендуе ў грамадскіх месцах стаяць адно ад аднаго на адлегласці не меншай за метр. Гэта трэба для таго, каб інфекцыя не перадалася пры чханні і кашлі інфекцыяванага чалавека. Захварэламу пры гэтым важна прыкрываць рот локцем або насоўкай.

У залежнасці ад развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі могуць рэкамендавацца і ўводзіцца больш строгія захады сацыяльнага дыстанцыявання: ненаведванне месцаў збору людзей, абмежаванне або забарона на правядзенне масавых мерапрыемстваў, праца аддалена, карантын у дзіцячых садках, школах, ВНУ і ўстановах, забарона выходзіць з дому на вуліцу з магчымасцю зрабіць гэта толькі ў пэўныя гадзіны.

– Захады сацыяльнага дыстанцыявання запавольваюць распаўсюд інфекцыі і зніжаюць верагоднасць хуткага росту вялікай колькасці пацыентаў. Гэта дае магчымасць сістэме аховы здароўя падрыхтавацца да такой нестандартнай сітуацыі. Пры такім падыходзе колькасць пацыентаў, якім, магчыма, за адзін раз будзе неабходная шпіталізацыя і асабліва інтэнсіўная медыцынская дапамога, зніжаецца, а колькасць захварэлых размяркоўваецца ў часе. Гэта дазволіць сістэме аховы здароўя прыняць на сябе выраслую нагрузку і прапанаваць якасную дапамогу. Таму захаванне рэкамендацый у сацыяльным дыстанцыяванні сапраўды важнае. Гэта асабліва актуальна для людзей, старэйшых за 60 гадоў і людзей з спадарожнымі і хранічнымі захворваннямі, – кажа прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.

Bыходзіць на шпацыры, захоўваючы дыстанцыю не меншую за 1 метр

– Як правільна самаізалявацца?

– Калі афіцыйна карантын не абвешчаны, а сям'я на час пандэміі пастанавіла самаізалявацца: дарослыя перайшлі на дыстанцыйную працу, а дзеці таксама засталіся дома, але пры гэтым у сям'і ўсе здаровыя, ніхто не выязджаў у апошні час за мяжу i не кантактаваў з хворымі на каранавірус, – то ўсе могуць спакойна знаходзіцца дома ў адной кватэры, асобныя пакоі для кожнага не патрэбныя. Пры гэтым можна выйсці ў краму па прадукты, пашпацыраваць. Аднак тут важна не забывацца пра захаванне дыстанцыі паміж людзьмі не меншай за 1 метр у грамадскіх месцах.

Пастанову пра больш строгія карантынныя захады прымае ўрад краіны ў залежнасці ад развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі. Важна выконваць рэкамендаваныя захады прафілактыкі і сацыяльнага дыстанцыявання. Для гэтага, магчыма, неабходна перагледзець некаторыя звычкі і планы, адкласці наведванне грамадскіх мерапрыемстваў. Не забывацца пра фізічную актыўнасць і правільнае харчаванне, – кажа Батыр Бердыклычаў. – Нават знаходзячыся ва ўмовах строгага карантыну, неабходна адшукаць магчымасць для тых самых фізічных практыкаванняў, пазбягаць пры магчымасці стрэсаў.

Пры павышэнні тэмпературы, кашлі, цяжкім дыханні трэба неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

На думку прадстаўніка САЗ у Беларусі, захады сацыяльнага дыстанцыявання павінны карэктавацца ў залежнасці ад развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі. Пры гэтым сацыяльнага дыстанцыявання недастаткова, каб спыніць інфекцыю. Вельмі важна прадаўжаць выяўленне, тэставанне, лекаванне і адсочванне кантактаў хворых.

У вірусу няма межаў і спыніць яго можна будзе намаганнямі ўсіх краінаў

Калі каранавірус спыніцца? На гэтае пытанне, на думку Батыра Бердыклычава, цяпер пэўна ніхто не адкажа. Ёсць розныя экспертныя меркаванні: ад некалькіх месяцаў да, магчыма, двух гадоў, як мяркуюць у Нямеччыне ў інстытуце імя Роберта Коха.

– У Кітаі з эпідэміяй практычна здолелі справіцца. Цяпер у іх няма новых мясцовых выпадкаў і рызыка заражэння і з'яўлення новых выпадкаў пераважна за кошт тых, хто прыязджае ў краіну. У той самы час сітуацыя ў еўрапейскіх краінах прадаўжае пагаршацца. Вялікую занепакоенасць выклікаюць краіны са слабымі сістэмамі аховы здароўя і іх магчымасці справіцца з эпідэміяй. Развіццё сітуацыі будзе залежаць як ад паводзінаў вірусу, так і ад захадаў у стрымліванні інфекцыі, якія робяць краіны. Далейшае павелічэнне колькасці новых выпадкаў прагназавальнае, гэта заканамерны ход развіцця эпідэмічнага працэсу. На цяперашні момант важна прадаўжаць стрымлівальныя мерапрыемствы ў выяўленні, тэставанні, лекаванні і адсочванні кантактаў з нарошчваннем захадаў сацыяльнага дыстанцыявання з зменай эпідсітуацыі. Пандэмія – гэта агульны выклік, бо ў вірусу няма межаў і спыніць яго можна будзе намаганнямі ўсіх краінаў, – рэзюмуе Батыр Бердыклычаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках