12 верасня 2024, Чацвер, 0:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я не баюся заразіцца – баюся заразіць сваіх родных»

2
«Я не баюся заразіцца – баюся заразіць сваіх родных»

Аповед інфекцыяністкі, якая лечыць хворых з COVID-19.

«Сама не баюся захварэць на COVID-19, але баюся заразіць сваіх пажылых і хворых родных», – кажа «Радыё Свабода» інфекцыяністка Кацярына Гашкова. У чатырохгадовым узросце яна пераехала ў Прагу з Кіева разам з сям'ёй. Кацярына скончыла медыцынскі факультэт Карлавага ўніверсітэта, паводле спецыяльнасці яна інфекцыяністка, працуе ў горадзе Усці-над-Лабем у інфекцыйным аддзяленні мясцовай лякарні.

Кацярына расказала пра сваю працу з хворымі на каранавірусную інфекцыю і сваё бачанне таго, як будзе развівацца сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19 у Чэхіі і свеце. Раніцай 20 сакавіка ў Чэхіі было 774 чалавекі, якія заразіліся каранавіруснай інфекцыяй.

«Мы павінны берагчы бацькоў, бабуляў і дзядуляў, а таму абараняць і сябе, каб не занесці інфекцыю»

– Працы стала нашмат больш, даводзіцца дзяжурыць утрох, у разы вырасла колькасць пацыентаў. Персаналу не хапае. Усе вельмі стаміліся. У нашым шпіталі ляжаць і хворыя на каранавірусную інфекцыю, і людзі з падазрэннем на інфікаванне вірусам. У аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі таксама ляжаць пацыенты як з пацверджаным дыягназам, так і з падазрэннем на COVID-19. Цяпер чатыры чалавекі – у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, блізу 18 чалавек з прыкметамі каранавіруснай інфекцыі ў інфекцыйным аддзяленні. Большая частка заражаных мае вельмі памяркоўныя сімптомы, ёсць людзі і зусім без сімптомаў. З цяжкімі сімптомамі – меншасць.

– У якіх умовах працуюць лекары? Якую дапамогу вам робіць адміністрацыя, урад?

– Адміністрацыя робіць усё, што ў яе сілах. Увесь ахоўны рыштунак пераважна ідзе да нас – маскі, рэспіратары. На жаль, дзяржава нас трохі падвяла, недаацаніла сітуацыю, таму ахоўных і дэзынфекцыйных матэрыялаў не хапае. Мы працуем у рэспіратарах, камбінезонах, акулярах і пальчатках.

– Наколькі вам трывожна?

– Трывожна не столькі на працы. Больш трывожна па-за працай, на вуліцы, дзе не ўсе паважаюць адно аднаго і не ўсе носяць маскі.

– Як інфекцыяністка скажыце: чым небяспечны каранавірус?

– Найбольш небяспечны ён для людзей старэйшага ўзросту, з парушэннем імунітэту, з дыябетам. Паколькі ў кожнага з нас ёсць мамы, таты, бабулі і дзядулі, мы павінны іх берагчы – абараняць і сябе, каб не занесці інфекцыю, якая нас, хутчэй за ўсё, не загубіць, але для іх гэтая інфекцыя можа стаць смяротнай.

– На сайце Міністэрства аховы здароўя Чэхіі ёсць вельмі падрабязная статыстыка тых, хто захварэў на каранавірус, і з яе вынікае, што інфікаваныя людзі абсалютна ўсіх узростаў – дзеці, падлеткі, маладыя, пажылыя.

– Заражаюцца ўсе. Крыху большы адсотак мужчынаў, якія заражаюцца. Больш цяжкія сімптомы і формы развіцця інфекцыі ў больш старэйшых людзей.

– Ці сутыкаліся вы калі-небудзь з падобнай сітуацыяй у вашай практыцы?

– Не, але гэта не першая эпідэмія каранавіруснай інфекцыі. У 2002 годзе быў SARS, гэта таксама каранавірус, ад якога была смяротнасць 15%. Потым быў MERS, таксама каранавірус, які быў у краінах Блізкага Усходу. Кожны год падчас эпідэміі грыпу, асабліва калі быў H1N1-грып, была вялікая нагрузка на аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі. Гэта складаная інфекцыя, хвароба цяжка праходзіла, шмат маладых людзей на яе хварэлі, былі смерці.

«Даволі спрэчнае пытанне пра калектыўны імунітэт»

– Цяпер эксперты кажуць, што павінен выпрацавацца так званы калектыўны імунітэт – і тады пандэмія закончыцца і хвароба адступіць. Як хутка ён можа сфармавацца?

– Гэта даволі спрэчнае пытанне – пра калектыўны імунітэт. Сёння ніхто асабліва не ведае, наколькі нас ахоўваюць антыцелы, выпрацаваныя пасля інфекцыі. Відавочна, ёсць выпадкі, калі людзі заражаюцца тым самым каранавірусам другі раз. Магчымасць так званага статкавага імунітэту... не факт, што так будзе.

– Цяжка рабіць прагнозы, але, тым не менш, зыходзячы з вашай практыкі і адукацыі, які вы бачыце перспектыву найбліжэйшых месяцаў? Пойдзе эпідэмія ў Еўропе на спад, як у Кітаі цяпер? Ці ўсіх чакае рэзкае павелічэнне захворвання, як у Італіі?

– Усё залежыць ад нас з вамі. Наколькі мы збярэмся, наколькі будзем паважаць адно аднаго і берагчы здароўе адно аднаго. Ваша маска абараняе мяне, мая маска абараняе вас. І мы павінны згуртавацца і думаць адно пра аднаго, тады ўсё атрымаецца і будзе ўсё добра.

«Лепш перастрахавацца, чым недаацаніць сітуацыю»

– Розныя краіны маюць розныя падыходы. Чэхія, Італія, Гішпанія і іншыя краіны ўвялі жорсткі карантын. Усе суседнія з Беларуссю краіны зачынілі межы. У Беларусі Лукашэнка называе пандэмію каранавірусу «псіхозам» і прапануе лекавацца гарэлкай, саунай або працай на трактары. Які падыход вам як спецыялістцы здаецца найбольш правільным?

– Мы ведаем, як гэта адбывалася ў Кітаі, дзе даволі хутка спахапіліся і ўжылі ўсе неабходныя захады, і наколькі ўсё выйшла з-пад кантролю ў Італіі, дзе цягнулі з ужываннем захадаў і дзе цяпер не хапае месцаў не толькі ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, але і ў трупярнях; трымаюць трупы ў храмах, бо няма дзе складваць мёртвых.

– Дык вы мяркуеце такія жорсткія захады, як цяпер у Чэхіі, найбольш адэкватнымі на гэты момант?

– Я мяркую, што лепш перастрахавацца, чым недаацаніць гэтую сітуацыю. Гэта даволі новая інфекцыя. Ніхто не ведае, як яна сябе будзе паводзіць. Са снежня прайшло не так шмат часу, каб мы маглі цалкам ацаніць усе яе рызыкі.

– А вы самі баіцеся заразіцца каранавірусам?

– Я сама не баюся, але баюся заразіць сваіх родных, якія пажылыя і хворыя. У мяне маленькі сын, які цяпер сядзіць дома з бабуляй, у ізаляцыі. Сумуе, але нічога, давядзецца пацярпець. Я вяду сябе вельмі акуратна, заўсёды ў масцы, у рэспіратары, у краму хаджу ў рэспіратары і пальчатках.

«Нам бясплатна возяць піцу, пішуць вельмі добрыя электронныя лісты»

– А як вашыя хворыя рэагуюць?

– Хворыя па-рознаму. Як і ўсюды. Ёсць істэрыкі і панічныя напады, а ёсць і вельмі несур'ёзнае стаўленне, калі людзі кажуць, маўляў, усё гэта не на самай справе і мы нічога не баімся. Ёсць людзі, якія яшчэ перад закрыццём межаў лёталі адпачываць у Італію, таму што былі добрыя кошты. А некаторыя проста ў істэрыцы нападаюць на людзей без масак і паводзяць сябе вельмі некарэктна. У той самы час многія шыюць маскі самі і раздаюць бясплатна хворым людзям, хворым дзецям. А іншыя людзі спрабуюць прадаваць маскі за велізарныя грошы, на бядзе іншых спрабуюць нажыцца.

– У Чэхіі на маленькіх крамках, якія трымаюць в'етнамцы, вісяць аб'явы, што лекарам, кіроўцам трамваяў і паліцыянтам кава і нешта да яе бясплатна. Ці адчуваеце вы праявы салідарнасці з лекарамі?

– Так, адчуваю. Каву я п'ю толькі на працы і дома цяпер, але вельмі прыемная прапанова. Нам бясплатна возяць піцу, пішуць вельмі добрыя лісты. Нядаўна адна бабулька з іншага горада даслала пернікі, якія сама спякла. Людзі спрабуюць нас падтрымаць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках