12 верасня 2024, Чацвер, 0:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі зламаўся інтэрнэт, то майстар прыедзе, але ў спецкасцюме, масцы і пальчатках»

1
«Калі зламаўся інтэрнэт, то майстар прыедзе, але ў спецкасцюме, масцы і пальчатках»

Беларуска, якая жыве ў Гішпаніі, расказала пра асаблівасці мясцовага карантыну.

Сітуацыя ў Гішпаніі адна з самых складаных. Паводле смяротнасці краіна на чацвёртым месцы пасля Італіі, Кітая і Ірана.

Берасцейка Алена жыве ў Мадрыдзе – самым эпіцэнтры пандэміі. У пятніцу, паводле яе словаў, з 20 тыс. выпадкаў заражэння па ўсёй Гішпаніі на сталіцу прыпадала палова. На сёння памерла ўжо амаль 1 400 чалавек, піша «Брестская газета».

«Усе зачынена, адчыненыя толькі аптэкі (прыватныя, якія атрымалі дазвол на працу, і дзяржаўныя) і крамы, супермаркеты, – расказала Алена. – Грамадскі транспарт ходзіць, як ні дзіўна. Але ў метро стаіць паліцыя, проста так не зойдзеш».

Упускаюць тых, у каго ёсць дазвол на працу і перамяшчэнне. Гэта кола спецыяльнасцяў, без якіх не абысціся.

«У майго мужа ёсць – ён працуе ў метро. Яны робяць працы ноччу: адпампоўка грунтавых водаў і да т. п. Ну, і рамонтныя працы: напрыклад, у некага зламаўся інтэрнэт – вядома, прыедзе майстар. Але ўсе яны ў спецкасцюмах, з маскамі, у пальчатках. Калі трэба, напрыклад, святло паправіць, то кампанія тэлефануе і папярэджвае: да вас прыйдзе майстар, ён апрануты ў маску і касцюм, калі ласка, запусціце яго. Каб людзі не спалохаліся, таму што ўжо былі выпадкі нападаў – ці мала, рабаўнікі».

Алена працуе ў расейскім універсітэце Пушкіна. Яе 52-гадовая калега з 7-га сакавіка хварэе на каранавірус, цяпер яе стан стаў цяжкім, і жанчыну шпіталізавалі. А ўсе супрацоўнікі, якія кантактавалі з ёй, сядзяць «пад арыштам».

«У краму можна толькі аднаму, адзін раз на два дні. Я не магу выйсці, можа толькі муж. Чэргі вялікія, чалавек ад чалавека стаіць на адлегласці метра, і таму атрымліваецца, што даўжыня велізарная».

За несанкцыянаваны выхад з дому – вялізныя штрафы.

«Першы раз могуць дараваць, але заносяць у базу ўсе звесткі. Далёка ад дому выходзіць нельга. У нас дзве крамы паблізу, калі пайсці ў трэцюю далей, то ўжо рызыкуеш».

У першыя дні ў крамах былі пустыя паліцы, а цяпер усё ёсць. Масак у аптэках няма, даводзіцца рабіць самім.

«У нас ёсць – муж будаўнічыя прынёс. Хоць яны павінны быць аднаразовыя, але што рабіць, калі няма? Без маскі не выйдзеш з хаты. Пальчатак поўна, пачкамі прадаюцца. У краму заходзіш – даюць адразу і дэзінфікавальным сродкам паліваюць рукі».

У Мадрыдзе сітуацыя самая складаная, бо гэта буйны турыстычны цэнтр. Вядома, паміраюць у большай ступені пажылыя людзі. У Гішпаніі ёсць цэнтры для пажылых людзей (прыкладны аналаг дому састарэлых), дзе яны ўвесь час жывуць. Менавіта там больш за ўсё смерцяў. Аднак памірае і шмат маладых мужчынаў, асабліва тыя, хто паліць. Сярод знаёмых Алены ўжо ёсць дзясятак заражаных. 11 гатэляў «перапрафіляваныя» пад лякарні. Прычыну цяжкага становішча краіны Алена бачыць у дрэнным стане медыцыны. Праверачныя тэсты не робяць, пакуль чалавек не трапляе да медыкаў з сімптомамі:

«Самае цяжкае, што, калі людзей “вязуць”, з імі страчваецца сувязь, і яны паміраюць у адзіноце».

Нагрузка на медыцынскіх супрацоўнікаў вялізная.

А 8-й гадзіне вечару кожны дзень мы выходзім на гаўбец і пляскаем медыкам. Гішпанцы ладзяць канцэрты, выносяць рондалі, бубны – так падтрымліваюць адно аднаго. Дзеці вывешваюць плакаты на балконах: «Мы застаемся дома». Маленькім дзецям не патлумачыш, чаму нельга выйсці на вуліцу. На балкон выходзіць можна, і тое добра.

Пакуль закрыць карантын плануецца пасля велікодных вакацыяў – 12–15 красавіка.

Многія працуюць дыстанцыйна. Алена, якая працуе з дзецьмі, вядзе ўрокі онлайн праз скайп са старэйшымі вучнямі».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках