12 верасня 2024, Чацвер, 0:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памылка Пуціна падчас эпідэміі

19
Памылка Пуціна падчас эпідэміі

Сцэнар у Расеі будзе не «свой».

«Калі мы не хочам італьянскага сцэнара, патрэбныя экстранныя захады», – расейскія лекары і грамадскія дзеячы апублікавалі адкрыты ліст, адрасаваны прэзідэнту і ўраду краіны, з просьбай прыняць экстранныя захады для барацьбы з эпідэміяй каранавіруснай інфекцыі, паведамляе «Белсат».

Але, як сцвярджаюць эксперты, сцэнар у Расеі будзе свой. Чаму?

Колькасць тых, хто заразіўся, у Расеі расце, але раўнамерна і прыстойна. Кіраўнік дзяржавы заяўляе – сітуацыя ў цэлым пад кантролем.

«Дзякуючы аператыўным захадам, ужытым загадзя і на рэгіянальным узроўні, і на федэральным ужо ў першыя тыдні развіцця эпідэміі ў свеце мы здолелі стрымаць масавае пранікненне і распаўсюджванне ў Расеі», – заявіў Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі.

Маскоўскія ўлады ў чацвер казалі пра першую смерць праз каранавірус, але пазней удакладнілі, што 79-гадовая жанчына памерла праз тромб, які адарваўся.

У краіне ўвялі рэжым павышанай гатоўнасці, але пра татальны карантын гаворка не ідзе.

Палітолаг Валерый Салавей сцвярджае, згодна з ягонымі звесткамі, сітуацыя нашмат больш крытычная, чым заяўляе ўлада, а колькасць ахвяраў каранавірусу ў Расеі ўжо перавысіла 1600 чалавек.

«Уводзіцца дэ-факта надзвычайная сітуацыя або элементы прыкметныя: перастаюць працаваць публічныя ўстановы, зачыняюцца школы, зачыняюцца вышэйшыя навучальныя ўстановы, працадаўцам настойліва рэкамендуюць перавесці супрацоўнікаў на дыстанцыйны рэжым і падобныя рэчы, але дэ-юрэ ўсё застаецца так, як і было. Вось толькі рэальна ўсё мяняецца, не кажучы пра тое, што любая палітычная актыўнасць ужо заблакаваная ў Маскве і Пецярбургу», – кажа Валерый Салавей.

Пратэсты напярэдадні галасавання за папраўкі да Канстытуцыі і легалізацыю пажыццёвага прэзідэнцтва Пуціна забаранілі, а ветэранаў па ўсёй краіне прадаўжаюць збіраць на ўручэнне медалёў, нягледзячы на тое, што менавіта для людзей сталага ўзросту каранавірус асабліва небяспечны. Маскоўскае метро працуе, але хіба нехта пагодзіцца на транспартны калапс?

Сталічныя бары адчыненыя і нават прапануюць кактэйль «Каранавірус». У той самы час мясцовыя жыхары ўжо скупляюць грэчку і паперу для прыбіральні. Лекары ж сцвярджаюць: закрыццё шматмільённага горада і карантын – не былі б лішнімі.

Чаму ж тады Расея, бачачы досвед іншых краінаў, шукае свой шлях барацьбы з вірусам? Няўжо баіцца, што больш строгія захады даб'юць эканоміку краіны?

Каментуе фінансіст Антон Табах, аналітык «Эксперт РА», Масква:

«Першае пытанне, наколькі моцная эпідэмія, каб забіваць эканоміку. І другое, трэба прызнаць, што ў сілу структуры расейскай эканомікі, якая больш сыравінная, больш прамысловая і менш арыентаваная на сферу паслуг – гаворка ідзе пра эканоміку ў цэлым, а не пра структуру занятасці – рызыкаў нашмат менш».

Максім Блант, эканамічны аглядальнік з Масквы, сцвярджае, рэч не ў карантынных захадах. Яны супастаўныя з тым, што адбываецца ў Галандыі ці Швэцыі. Улада дапусціла іншую памылку.

«Безумоўна, глупства расейскіх уладаў, якія ў разгар крызісу – ужо было відавочна, што крызіс будзе сур'ёзны, ужо калі ў Кітаі ўсё пачалося – яшчэ пайшлі на развязванне нафтавай вайны. Гэта ўвяло эканоміку ў шокавы стан», – заяўляе эксперт.

І прывяло да дэвальвацыі рубля, якая, у сваю чаргу, пагражае ростам інфляцыі. Да такой краіна ўжо прывыкла, але цяперашні крызіс не толькі чыста эканамічны. Праз каранавірус наўрад ці атрымаецца развязаць праблему звычайнымі захадамі грашова-крэдытнай палітыкі і бюджэтным стымуляваннем.

Таму галоўная задача ўлады, як мяркуе палітолаг Валерый Салавей – не выклікаць паніку і не паказаць недзеяздольнасць палітычнага і дзяржаўнага мэнэджмэнту. Адсюль і свой шлях увядзення карантынных захадаў, і афіцыйныя звесткі пра нязначную колькасць хворых.

«Гэта хаваецца паводле старой добрай традыцыі яшчэ з часоў Чарнобыля і наступных ужо ў суверэннай Расеі серыі прыродных і тэхнагенных катастрофаў. Як правіла, колькасць ахвяраў заўсёды хавалася. Адна прычына – гэта традыцыя. А другая прычына відавочная – як праводзіць плебісцыт 22 красавіка, калі ў краіне разгортваецца эпідэмія з немалым лікам ахвяраў», – прадаўжае Валерый Салавей.

Вось і атрымліваецца, што з аднаго боку, пачынаецца будаўніцтва новай лякарні пад Масквой на больш чым 500 пацыентаў з каранавірусам, а з другога – прадаўжаецца падрыхтоўка да святкавання 9 траўня. Улады 145-мільённай краіны традыцыйна пакідаюць сабе поле для манеўру, якое дазволіць зрабіць усё, што захочацца, не заўсёды з улікам бяспекі сваіх грамадзянаў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках