12 верасня 2024, Чацвер, 0:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сітуацыя з валютай вельмі абурае пакупнікоў»

33
«Сітуацыя з валютай вельмі абурае пакупнікоў»

Як новы курс даляра адбіўся на рынку жылля ў Беларусі?

За апошнія паўтара тыдня кошты на кватэры на сайце realt.by прыкметна выраслі. Лічбы ўражваюць: аднапакаёвая кватэра, якая каштавала 120 тысячаў рублёў, цяпер прадаецца за 131 тысячу, а аднапакаёўка, якую прадавалі за 140 тысячаў, цяпер каштуе 153, піша kp.by.

Атрымліваецца, што прадаўцы мяняюць кошты ў рублях, каб не страціць у далярах?

– На самай справе сітуацыя іншая – на сайце ёсць калькулятар, які аўтаматычна кожны дзень пералічвае паводле курсу Нацбанка сумы, названыя першапачаткова ў даляравым эквіваленце, – расказаў ганаровы старшыня рады Беларускай асацыяцыi "Нерухомасць" Мікалай Прасталупаў. – Агенцтвы нерухомасці не перапісваюць кошты, але яны сапраўды мяняюцца, і цяпер гэтая сітуацыя вельмі абурае пакупнікоў, асабліва тых, хто бярэ крэдыты. Бо крэдыты выдаюцца ў беларускіх рублях. Чалавек глядзіць, што яму яшчэ ўчора трэба было, груба кажучы, 50 тысячаў рублёў даплаціць, а сёння яму не хапае ўжо 60. Такая праблема ёсць.

– Што цяпер можна параіць пакупнікам і прадаўцам?

– Тыдзень пачакаць і не хвалявацца. Я думаю, што за гэты час больш-менш стане зразумела, ці спыніцца курс. Можа быць, яго вернуць назад. Цяпер рынак нерухомасці замірае ў чаканні, частка ўгодаў адкладаецца.

– За апошнія 20 гадоў кошты на жыллё ў Беларусі то падалі, то ўзляталі. Кошт аднапакаёўкі змяняўся з $ 8 тысячаў да $ 63 000. Ці можа быць цяперашняя сітуацыя пачаткам моцнага падзення коштаў на кватэры?

– Нагадаю, што ў нас кошты на жыллё залежаць ад узроўню заробку. У Менску сярэдні кошт квадратнага метра ў 2,5 разы больш за сярэдні заробак. Таму калі прыбыткі ўпадуць у даляравым эквіваленце, то адрэагуе і рынак. Калі заробкі застануцца такімі ж, то рынак не будзе мяняцца. Трэба разумець, што літаральна праз паўгода ў нас выбары, і я думаю, што дзяржава будзе ўжываць захады, каб стабілізаваць сітуацыю.

У агенцтве нерухомасці «Твая сталіца» таксама кажуць, што на рынку жылля цяпер магчымае зацішша.

– Трэба час, каб зразумець, як рынак будзе далей развівацца, – кажа Святлана Кудзелка, кіраўніца ўправы продажаў другаснага рынку жылля. – Цяпер складваюцца такія сітуацыі, калі людзі заключылі папярэднія дамовы ў набыцці жылля, але яшчэ не разлічыліся, і менавіта ў гэты час вырас курс даляра. Паколькі разлікі вядуцца ў беларускіх рублях, узнікае пытанне: паводле якога курсу павінен плаціць пакупнік? Некаторыя знаходзяць кампраміс і прыходзяць да таго кошту, які задавальняе абодва бакі, а хтосьці адмаўляецца ад угодаў. Я мяркую, што больш правільна робяць тыя, хто ідзе на кампраміс. Сёння зразумела, што прадаўцы, маючы рэальнага пакупніка, павінны быць трошкі больш згаворлівымі ў кошце, калі ім трэба развязаць пытанне хутка. Таму што ёсць верагоднасць, што кошты на жыллё будуць зніжацца. Але пралічыць, што будзе далей, вельмі складана. Цяпер на кані тыя пакупнікі, у якіх ёсць назапашванні ў далярах.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках