12 верасня 2024, Чацвер, 0:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як выглядаюць заявы Лукашэнкі аб каранавірусе на фоне ўрадаў краін-суседзяў

35
Як выглядаюць заявы Лукашэнкі аб каранавірусе на фоне ўрадаў краін-суседзяў
Фото: DELFI

Параўнайце самі.

Пакуль беларускі дыктатар вынаходзіць «спосабы барацьбы» - ад трактара да лазні з гарэлкай, урады Украіны, Літвы і Польшчы размаўляюць з людзьмі пра тое, як важны карантын, піша «Салідарнасць».

У суботу Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з «нягоднікамі, якія ўкідваюць фэйкі» (пра смерці ад каранавірусу - заўв.). Раней дыктатар назваў каранавірус «псіхозам» і выступіў супраць карантыну ў школах і пераносу вакацый, удакладніўшы, што не забараняе бацькам не адпраўляць дзяцей у школу, калі яны баяцца інфекцыі.

У якасці лекаў ад вірусаў (у тым ліку COVID-19) Лукашэнка раіў народу часцей хадзіць у сухую лазню і пасля сауны прымаць ўнутр «сто грамаў».

Улады краін-суседзяў на распаўсюд каранавірусу рэагуюць інакш.

Жонка прэзідэнта Літвы просіць людзей заставацца дома

Дыяна Наўседэне заклікала літоўцаў выконваць карантын:

- Цяпер вельмі важна, каб Covid-19 не распаўсюджваўся з касмічнай хуткасцю ад дома да дома. Дарагія суграмадзяне, дома мы таксама ўдзельнічаем у самай галоўнай нашай агульнай бітве. Мы не заражаем і не распаўсюджваем вірус, - прыводзіць DELFI словы жонкі прэзідэнта.

Са слоў першай лэдзі Літвы, толькі такім чынам можна значна запаволіць хуткасць распаўсюджвання віруса, знізіць колькасць хворых і тым самым дапамагчы лекарам, медсёстрам, санітарам, паліцыянтам, службоўцам, фармацэўтам і ўсім тым, хто знаходзіцца на перадавой лініі ў барацьбе з пандэміяй.

Адзначым, што на гэтым тыдні літоўскія ўлады з мэтай скарачэння негатыўных наступстваў пандэміі зацвердзілі план дапамогі ў захаванні працоўных месцаў. Ён прадугледжвае перанос выплаты падаткаў, кампенсацыю заробкаў работнікам.

Зяленскі ўгаварыў маму не выходзіць з дому

У відэазвароце 20 сакавіка прэзідэнт Украіны распавёў, што ўсё ж змог пераканаць сваю маму не выходзіць з дому без крайняй неабходнасці праз небяспеку заражэння, і заклікаў украінцаў зрабіць тое ж самае са сваімі бацькамі.

- Сёння я патэлефанаваў сваёй маме. Усе гэтыя дні я вельмі прашу яе заставацца дома, і ўсе гэтыя дні яна не вельмі слухаецца: кажа, што лепш за яе ніхто не выбярэ патрэбныя прадукты. Але нарэшце мне ўдалося яе пераканаць. Мама пагадзілася не выходзіць з дому без крайняй неабходнасці, - распавёў Уладзімір Зяленскі.

Ён папрасіў усіх астатніх украінцаў зрабіць тое ж самае: мінімізаваць выхад паджылых людзей на вуліцу, у крамы, банкі ці на пошту:

- Пазваніце сваім бацькам, сваім бабулям і дзядулям, прывязіце ім усё неабходнае або замоўце онлайн-дастаўку прадуктаў і лекаў. Навучыце іх саміх заказваць дастаўку і аплачваць паслугі праз інтэрнэт, - прапанаваў Зяленскі.

Таксама кіраўнік Украіны распавёў, што найбліжэйшым часам з Кітая ў краіну паступіць 10 млн высокаадчувальных лабараторных тэстаў на каранавірус; 400 тысяч экспрэс-тэстаў; 10 апаратаў ШВЛ, 1 млн масак, якія паступяць у аптэкі, 100 тысяч масак падвышанай абароны для лекараў і супрацоўнікаў паліцыі.

Прэзідэнт Польшчы: «Мы не можам панікаваць, але мы таксама не можам рызыкаваць нашымі суграмадзянамі»

Анджэй Дуда яшчэ ў пачатку сакавіка падпісаў спецыяльны закон аб барацьбе з распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі.

У дакуменце у тым ліку прапісаныя гарантаваныя выплаты бацькам у выпадку закрыцця дзіцячых садкоў і школ на карантын.

У панядзелак Анджэй Дуда склікаў пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі, на якой абмяркуюць праект закона пад працоўнай назвай «крызісны шчыт».

Кіраўнік Польшчы абяцаў народу зрабіць усё магчымае, каб максімальна абараніць краіну, суайчыннікаў і працоўныя месцы. Акрамя таго, для людзей на карантыне будзе створаны спецыяльны дадатак.

- Мы не можам панікаваць, але мы таксама не можам рызыкаваць нашымі суграмадзянамі, - пра гэта казаў Анджэй Дуда пасля таго, як у краіне з'явіліся першыя выпадкі каранавірусу.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках