12 верасня 2024, Чацвер, 0:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ламбардыя на мяжы калапсу: вайскоўцы вывозяць сотні трупаў

11
Ламбардыя на мяжы калапсу: вайскоўцы вывозяць сотні трупаў
ФОТА: REUTERS, DANIELE MASCOLO

Што адбываецца, калі ўлады заяўляюць, што «каранавірус не страшнейшы за грып».

Улады Італіі з нядзелі, 22 сакавіка, увялі на тэрыторыі краіны «надзвычайнае эканамічнае становішча». Зачыненыя ўсе прадпрыемствы, установы і арганізацыі, акрамя тых, чыя праца жыццёва неабходная. Працягваюць працаваць толькі харчовыя крамы, аптэкі, банкі, пошта, грамадскі транспарт, служба дастаўкі, а таксама прадпрыемствы, якія вырабляюць прадукцыю першай неабходнасці. Усё насельніцтва пераведзенае на карантын - людзям загадана знаходзіцца дома, піша delfi.ee.

Менш чым за месяц Італія ператварылася з квітнеючай паўвыспы ў цалкам заблакаваную краіну з сістэмай аховы здароўя на мяжы калапсу. На сёння каранавірусам новага тыпу SARS-CoV-2, які выклікае нетыповую пнеўманію COVID-19, там інфікаваныя больш за 59 тысяч чалавек, больш за 5 400 з іх памерлі. Цяпер за дзень ад новага віруса ў Італіі гінуць прыкладна па 800 чалавек.

Палова ўсіх выпадкаў заражэння (больш за 25,5 тысяч хворых і больш за 3 тысячы памерлых на 22 сакавіка) зафіксавана ў вобласці Ламбардыя, на поўначы краіны. Праз смерці ў выніку эпідэміі каранавіруса перапоўнены адзіны крэматорый ў Бергама, яго печы працуюць 24 гадзіны на дзень, але загінулых усё больш - цяпер больш за 100 за дзень. Усяго заражаных там на раніцу нядзелі, 22 сакавіка, было 5 869 чалавек, а загінулых - 957. Толькі ў суботу, 21 сакавіка, у Бергама памерла 226 чалавек. І гэта ў горадзе з насельніцтвам крыху больш за 120 000 чалавек. І гэта не лічачы тых дзясяткаў паджылых людзей, якія памерлі ў дамах састарэлых або ў сябе дома, якія не правяраліся на каранавірус. Мясцовыя ўлады заяўляюць, што рэальнасць значна больш драматычная - занадта многія ахвяры не ўключаны ў афіцыйныя справаздачы.

Месца для трунаў з целамі ў памяшканні крэматорыя ўжо няма, таму іх складаюць у царкве. Раней такой неабходнасці ў паслугах крэматорыя не было. У Італіі не прынята крэмаваць блізкіх. Спальвалі целы толькі тыя, каму не было за што хаваць нябожчыка. Але цяпер хаваць забаранілі, а крэматорый можа прыняць за дзень толькі 25 нябожчыкаў.

Для вывазу з Бергама целаў памерлых прыцягнулі італьянскае войска. Вечарамі па цёмных вуліцах, вакол могілак Бергама, вайсковыя аўтамабілі адпраўляюцца ў шлях у Мадэну і Балонню з целамі ў кузавах. Яны перавозяць памерлых у іншыя рэгіёны, дзе магутнасці крэматорыяў не такія занятыя. Потым прах загінулых ад каранавіруса вернуць іх сваякам у Бергама, паведамляе газета L'Eco di Bergamo.

Першы «трунны канвой» выехаў з Бергама ў ноч на сераду, 18 сакавіка, з тых часоў гэта адбываецца амаль кожную ноч. У пятніцу ў Бергама памерлі 88 заражаных, іх целы вайскоўцы вывезлі ў суботу, 21 сакавіка. «Я пакуль не бачу святла ў канцы тунэлю», - заявіў мэр горада Джорджа Горы.

«Мы вычарпалі свае магчымасці», - паведаміў губернатар правінцыі Ламбардыя Атыліё Фантана ў сваім звароце ў нядзелю, 22 сакавіка, паведаміўшы, што расейскія лекары, медсёстры і перакладчыкі ўжо ў дарозе. Губернатар, які роўна месяц таму заяўляў, што каранавірус «не страшнейшы за грып», і «не трэба ладзіць паніку пасярод гарналыжнага сезона», цяпер змарнеў, скінуў у вазе, на яго твары з'явіліся глыбокія маршчакі. Тое, як выглядае зараз Атыліё Фантана, сведчыць аб тым, што перажываюць ў апошнія тыдні ўсе жыхары Ламбардыі, - жах.

«Гэта ўсё падобна да апакаліпсісу Гукі, якія не спыняюцца ў горадзе, - сірэны карэт хуткай дапамогі і плач царкоўных званоў па памерлых», - распавяла тэлеканалу «Белcат» жыхарка Бергама родам з Беларусі Дар'я Марчанка, адзначыўшы, што Італія цяпер стаіць на каленях , бо ў свой час не прыняла адэкватных захадаў супраць распаўсюджвання каранавіруса.

«Мы не паспяваем падключаць людзей да апаратаў (ШВЛ), іх не стае, не ведаем, што рабіць з людзьмі, якія задыхаюцца на вачах», - кажа ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" медсястра рэанімацыйнага аддзялення бальніцы Бергама 36-гадовая ўкраінка Яраслава Вішнеўская.

Старонкі апошніх выпускаў газеты L'Eco di Bergamo запоўненыя некралогамі і фотаздымкамі загінулых мясцовых жыхароў - іх сотні.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках