12 верасня 2024, Чацвер, 0:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ледзь не палова школьнікаў не наведвае заняткаў праз каранавірус»

20
«Ледзь не палова школьнікаў не наведвае заняткаў праз каранавірус»

Што кажуць бацькі вучняў нагоды ўвядзення гэтага карантыну?

«Радыё Свабода» наважыла праверыць, ці ахвотна бацькі адпраўляюць дзяцей у школы, дзе так і не ўвялі карантын.

«Бацькі вызначылі не пускаць мяне больш у школу»

Выбар упаў на менскую школу, якая знаходзіцца на адлегласці 300 метраў ад СШ №212, дзе на днях з падазрэннем на каранавірус быў шпіталізаваны вучань 6-га класа, а ягоныя аднакласнікі апынуліся на хатнім карантыне. І вось журналісты ў менскім мікрараёне Сухарава, каля СШ №199. 8: 05 раніцы.

Маці вядзе ў школу дзвюх дзяўчынак. Малодшую - у садок пры школе, старэйшую ў 3-і клас.

«Хацелася б на карантын, і тут жа можа быць вірус», - Кацярына прамаўляе на бягу, відавочна спяшаецца. Паспяваю яшчэ спытаць, чаму не напіша заяву, каб дзеці замест школы засталіся дома. Кацярына пацвярджае, што такія заявы падаваць можна, тут іх прымаюць, але як быць з дзецьмі?

«Праца ж. Але я за тое, каб не толькі школы, а ўсю краіну перавесці на карантын», - цвёрда кажа жанчына і ўваходзіць у школьныя дзверы.

Напярэдадні пагутарыў з чалавекам, які працуе ў гэтай школе. З ягоных назіранняў, тут ужо ледзь не палова школьнікаў не наведвае заняткаў праз каранавірус. Ці так гэта? Лепш праверыць у настаўнікаў, якія раніцай спяшаюцца ў школу. Адрозніць настаўнікаў ад бацькоў лёгка па заклапочаных тварах і таму, што яны ідуць без дзяцей.

Высокі малады мужчына Яўген выявіўся настаўнікам фізкультуры.

«Мажліва, не палова, але да гэтага ўжо набліжаецца», - Яўген узгадвае, што ўчора з 7-га класа былі «мажліва, 5 вучняў», у старэйшых пабольш, але «з кожным днём усё менш». Ён здзіўляецца, што дагэтуль не ўведзены агульны карантын, бо ўважае становішча ўжо за небяспечнае.

«Вы чулі пра 212-ю школу? Дык пацвердзіўся выпадак. Чаго тады чакаюць? Гэта ж можа прыйсці адусюль. Вось у маёй жонкі на працы двое прыехалі з Еўропы, цяпер загрыпавалі, правяраюцца. Можа, і добра, але навошта рызыкаваць?»

Настаўнікам, са слоў Яўгена, ільгот усё адно не будзе. «З панядзелка пачнуцца канікулы, а мы ўсё адно будзем сюды прыходзіць, у нас няма канікул», - адзначае Яўген.

Побач праходзіць хлопчык з паперкай у руцэ і без школьнага заплечніка. Здагадваюся: школьнік нясе заяву ад бацькоў, каб да канікул заставацца дома. На зваротным шляху пяцікласнік Мікіта пацвердзіў маю здагадку.

«Так, бацькі вызначылі не пускаць мяне больш у школу. Да вакацый». Хлопчык ведае пра тое, што здарылася ў суседняй 212-й школе і, больш таго, упэўнена называе іншую школу па суседстве, дзе нібыта таксама з'явіўся хворы на каранавірус.

«Пайду дадому», - Мікіта спяшаецца пакінуць школьны двор.

«Не, мы не баімся», - бадзёра адказваюць аб каранавірусе два старшакласнікі, якіх сустракаю каля школьнай брамкі. Але больш ад іх ні слова, бо ззаду гучыць загад настаўніцы. Маладая жанчына назвалася намесніцай дырэктара школы, але адмовілася сказаць сваё імя і загадала выйсці за тэрыторыю школы. Далей намесніца дырэктара не адыходзіла ад брамкі і ўважліва сачыла, каб вучні, якія ўваходзілі ў школу, не спыняліся для гутаркі з журналістам. «Не адказвайце, праходзьце, добры дзень».

«Проста лаяцца хочацца»

Бацькі, якія выходзяць са школы, былі больш кантактнымі і шматслоўнымі ў каментарах. «А чаго не хадзіць? Да лета гэта пройдзе. Зразумела, карантын быў бы найлепшым выхадам, але на яго трэба грошы, а іх у бюджэце няма», - мяркуе Мікалай.

«Ды сядзелі б дома з дачкой, але абставіны такія, што пакінуць яе няма з кім», - адказаў на хаду мужчына, які не прадставіўся.

«Так, мы напісалі заяву, але ўсё адно сёння прывяла дачку ў школу на кантрольную. Праз гадзіну забяру», - усміхаецца Вольга. Жанчына не супраць увядзення агульнага карантыну, але задавальняе яе і цяперашні стан, калі можна не адпраўляць дзяцей у школу, напісаўшы заяву. «Ды і заяву ж напісала, каб даць дачцэ адпачыць. Трэцяя чвэрць доўгая, дзіця стамілася», - прызнаецца Вольга і дадае, што карантын усё ж патрэбен.

Са школы выходзіць малады мужчына. Ён таксама адводзіў дзіця.

«Што, які карантын? Ды звычайны грып ваш каранавірус», - мяркуе Алег і ўшчэнт разбівае мае спасылкі на тое, што адбываецца ў Італіі ды Гішпаніі.

«А вы ведаеце, чаму столькі смерцяў у Італіі? Бо яны чырвоных ліній не прытрымліваліся і апаратаў вентыляцыі лёгкіх у іх лякарнях няма», - перакананы суразмоўца. У канцы Алег заявіў, што калі б смяротнасць была вышэйшай за 20%, вось тады трэба было б баяцца, а пры смяротнасці некалькі адсоткаў «няма чаго перажываць».

Наступны бацька выйшаў са школы ў абсалютна процілеглым настроі.

«Слухайце, проста лаяцца хочацца. Безумоўна, патрэбны карантын», - упэўнена кажа Уладзімір і прадаўжае на адрас кагосьці наверсе. «Але яму ж да ліхтара, яму грошай на людзей шкада. Вось я прывёў сына ў школу, бо куды дзявацца? Хто вызваліць мяне ад працы? Я ІП, сам на сябе зарабляю. Лагістыка, аўтабізнэс. Але цяпер усё спынілася, турыстычны бізнэс спыніўся, перавозак няма, суцэльныя страты. А каб увесці сапраўдны карантын, кампенсаваць нам хаця б часткова, то на гэта трэба выдзеліць грошы з бюджэту, і немалыя!»

Са слоў намесніцы дырэктара 199-й школы, якая так і не прадставілася, у школе на просьбу бацькоў адсутнічае да 20% вучняў. У кожным класе школы вісяць апараты для дэзінфекцыі рук, але завуч удакладніла, што гэтыя прылады ўсталяваныя ўжо даўно, яшчэ да эпідэміі каранавірусу, а спецыяльнай дэзінфекцыю ў школе не праводзілі.

«Мыюць і часцей, чым звычайна, рэгулярна. Сітуацыя ў школе стабільная», - сказала карэспандэнту «Свабоды» намесніца дырэктара СШ №199.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках