27 красавiка 2024, Субота, 8:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што адбываецца на нафтавым рынку?

2
Што адбываецца на нафтавым рынку?

Свет захлынаецца нафтай.

Сусветны рынак нафты прадаўжае бяссільна таптацца паблізу коштавых мінімумаў за 17 гадоў.

Спробы адскоку ў кірунку за адзнаку 30 даляраў за бараль, зробленыя ў пачатку тыдня, захлынуліся, і каціроўкі зноў слізгаюць уніз, паведамляе finanz.ru.

На 13.43 паводле Менска пятніцы травеньскія ф'ючэрсы на Brent прадаюцца на лонданскай біржы ICE за 26 даляраў за бочку, страчваючы 1,3%, а раней у ходзе сесіі падалі да 25,67 даляра, не дасягнуўшы крыху болей за даляр да новага «дна» з 2003 года.

Кошты амерыканскага гатунку WTI упалі на 6,8% у чацвер, і ў пятніцу паўстаць з попелу не змаглі – 22,73 даляра за бараль (+0,6%).

Хоць ФРС ЗША прадаўжае заліваць рынкі грашовай эмісіяй, падаўшы банкам 600 млрд даляраў з пачатку тыдня, суровая рэальнасць попыту і прапановы на фізічную сыравіну пакуль мацнейшая.

«Лішак (нафты) нарастае як снежны ком, і гэта адбываецца значна хутчэй, чым рэгулятары спрабуюць рэагаваць», – канстатуе прэзідэнт Rapidan Energy Group Боб Макнэлі.

Паводле ацэнкі IHS Markit, за першае паўгоддзе 1,8 мільярда бараляў чорнага золата застануцца без канчатковых спажыўцоў. Такі аб'ём залішняй прапановы, які нафтатрэйдарам давядзецца размясціць у танкерах і сховішчах.

Попыт на нафту будзе меншы за здабычу на 12,4 млн бараляў за суткі за перыяд з красавіка да чэрвеня – гэта прывядзе да таго, што ўжо ў першым месяцы лета ўсе сховішчы будуць запоўненыя нафтай пад завязку.

«Здабычу давядзецца скарачаць ці нават цалкам спыняць. Пытанне толькі ў тым, дзе і калі», – кажа кіраўнік даследаванняў рынку нафты IHS Markit Джым Букхард.

Як адзначае Bloomberg, у чацвер пра спыненне імпарту нафты абвесціў Пакістан, дзе ўсе ёмістасці для захоўвання ўжо вычарпаныя.

Акно магчымасцяў для адміністрацыі Дональда Трампа ў ціску на Расею, АПЕК і Саудаўскую Аравію з мэтай дамагчыся скарачэння нафтаздабычы ўжо закрытае, мяркуе навуковы супрацоўнік Atlantic Council Элен Уорд: «Цяпер, калі вялікая частка Еўропы, ЗША і Індыя пакінулі эканоміку і выпускаюць рэкамендацыі не выходзіць з дому, калапс попыту становіцца вялікай праблемай».

Калі ф'ючэрсныя каціроўкі Brent яшчэ маюць шанцы ўтрымацца блізу 20 даляраў за бараль, то на фізічным рынку сітуацыя з коштамі значна горшая – у першую чаргу пацерпяць гатункі, якія здабываюцца на мацерыках, а не ў моры, мяркуюць аналітыкі Goldman Sachs. Гэта тычыцца расейскай Urals, амерыканскай WTI, а таксама канадскай нафты.

Кошт венесуэльскай нафты ўпаў ніжэй за 5 даляраў, расказаў El Nuevo Herald кіраўнік партнёр інвестыцыйнага банка Caracas Capital Markets Рас Дален. У краіне не хапае месца ў сховішчах, у сувязі з чым яна вымушаная скараціць здабычу яшчэ амаль удвая адносна пачатку года – да 450 тысяч бараляў за суткі.

Ніхто не хоча набываць сыравіну ў Венесуэлы, за выключэннем тых, хто гатовы парушыць санкцыі, кажа Дален.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках