5 чэрвеня 2020, Пятніца, 15:26
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская лекарка: 18-гадовых хлопцаў пагоняць натоўпам падчас эпідэміі

39
Беларуская лекарка: 18-гадовых хлопцаў пагоняць натоўпам падчас эпідэміі
ФОТА: AFP

Парад падчас «чумы» трэба тэрмінова скасаваць.

Пандэмія каранавіруса ў свеце забрала жыцці ўжо больш за 31 тысячу чалавек. Пры гэтым беларускія ўлады і асабіста Лукашэнка ўпарта працягваюць не заўважаць «лятучых вірусаў».

Лідары беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці абвясцілі Народны карантын у адказ на бяздзейнасць уладаў у барацьбе з пандэміяй. Яны заклікаюць людзей, па магчымасці, заставацца дома, пазбягаць масавых мерапрыемстваў і не адпраўляць дзяцей у школу.

Прафесійная лекарка і актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Церашкова пракаментавала сайту Charter97.org пазіцыю беларускіх медыкаў ва ўмовах барацьбы з каранавірусам.

- Пасля абвяшчэння Народнага карантыну беларускія лекары таксама пачалі ў сацыяльных сетках заклікаць людзей заставацца дома. Як вы гэта пракаментуеце?

- Гэта вельмі добры пасыл, які медыкі-прафесіяналы могуць даць грамадству. Наогул, калі дзве сацыяльныя групы (у гэтым выпадку гэта лекары і пацыенты), пачынаюць камунікаваць - гэта заўсёды плюс. Наша сістэма аховы здароўя дастаткова закрытая для простых людзей, таму калі медыкі ў прыватным парадку пачынаюць тлумачыць, што рабіць людзям, звяртаюцца да іх, выкарыстоўваючы сацыяльныя сеткі, я бачу ў гэтым адназначна станоўчую тэндэнцыю.

Што да самога Народнага карантыну, то хачу сказаць: гэта вельмі дакладны працэс. Пры кожнай магчымасці я кажу людзям пра тое, што нам патрэбна ўзаемная дапамога. Зараз ёсць патрэба ў адасабленні, каб паменшыць рызыку масавай эпідэміі, таму нам трэба трымацца разам паасобку.

Народны карантын - гэта правільны шлях, і я вітаю сваіх сяброў і знаёмых, якія не пускаюць у школу дзяцей, якія публікуюць фота і відэа пра тое, як яны сядзяць дома, даюць парады, як пазбегнуць нуды, як заахвоціць дзяцей да пазнання чагосьці новага. Шчыра дзякую тым музеям, якія адкрываюць у інтэрнэце свае экспазіцыі, тэатрам, якія гатовыя паказваць спектаклі онлайн.

Народны карантын паказаў, што мы можам многае зрабіць без аглядкі на гэтую ўладу.

- Як вы ацэньваеце афіцыйную пазіцыю беларускіх уладаў аб праблеме каранавіруса? Да чаго можа прывесці тое, што межы нашай краіны да дагэтуль не закрытыя, а ў школах і ўстановах не ўведзены карантын?

- Той жорсткі карантын, які ўведзены ў Еўропе на дзяржаўным узроўні - мера для дзяржбюджэту цяжкая і дарагая. Таму беларуская ўлада не хоча браць на сябе максімум выдаткаў. Мы ўсе разумеем, што бюджэт не гумовы і ў дзяржавы заўсёды на яго былі свае планы, не звязаныя з падтрымкай насельніцтва. Таму натуральна, што нашы ўлады не спяшаюцца абвяшчаць карантын.

У гэтай сітуацыі трэба аналізаваць сусветны досвед. А ён кажа, што моманты ўвядзення і скасавання карантыну дыктуюцца эпідэміялагічнай сітуацыяй. Я ўвогуле выступаю за тое, каб карантын абвяшчаўся не дзяржаўнымі чыноўнікамі, а спецыялістамі.

У нас жа і зусім карантын працякае як самаізаляцыя часткі грамадства, якая можа сабе гэта дазволіць дзякуючы ўмовам працы. Вядома, гэта не заўсёды проста, але мы павінны паступова памяншаць плошчу сацыяльнай камунікацыі.

На жаль, улады не разумеюць, што чым хутчэй мы ўвядзём карантын, тым лягчэй і з меншымі стратамі выйдзем з яго пасля. Тады і медыцыне будзе лягчэй, і меншы шок выпрабуе наша эканоміка.

Я адназначна выступаю за тое, каб зачыняліся мяжы ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Пры гэтым дзяржава павінна дапамагаць сваім грамадзянам вярнуцца дадому. Гэта правераная сусветная практыка.

На яе фоне заявы Лукашэнкі, што ён «нікога ніадкуль забіраць не будзе», выглядаюць як мінімум кепска.

- Якая з еўрапейскіх краін, на вашу думку, прымае зараз самыя адэкватныя захады?

- Мне падабаецца пазіцыя Аўстрыі, дзе школы закрылі, але засталіся спецыяльныя магчымасці для самотных працоўных бацькоў. Не ведаю, як гэта цяпер выглядае, але гэта пачыналася так, што школы закрыліся, а самотным бацькам дазволілі пакідаць сваіх дзяцей на занятках.

Мне падабаюцца звароты лідараў еўрапейскіх краін на адрас паджылых людзей, якіх заклікаюць не выходзіць з дому, бо яны ў групе рызыкі. Гэта вельмі адэкватная пазіцыя.

Скасаваная ў Грэцыі цырымонія перадачы Алімпійскага агню - гэта яшчэ адзін годны ўчынак еўрапейцаў. У гэтым сэнсе нашы рэпетыцыі «парадаў перамогі» моцна напружваюць - і мяне асабіста, і многіх беларусаў, якіх я ведаю.

Васямнаццацігадовых хлопцаў пагоняць натоўпам у разгар эпідэміі - маўляў, яны служаць і не павінны баяцца вірусаў і ніякага ворага... А мы ведаем, што на гэтыя парады прымусова зганяюць яшчэ і дзяцей, школьнікаў. Гэта проста недапушчальна. Я адназначна выступаю за скасаванне гэтага параду.

- Якая імавернасць таго, што ў Беларусі развіццё эпідэміі пойдзе найгоршым сцэнаром?

- Прагназаваць цяжка. Медыцына сама па сабе, як сістэма, імкнецца прымаць адпаведныя захады. Мы робім усё, што ад нас залежыць. Мы адзяваем ахоўныя касцюмы, калі ёсць падазрэнні, каб не перадаць вірус іншым пацыентам. Мы прымаем усе захады для санэпідрэжыму, якія раяць эпідэміёлагі. Мы, шараговыя лекары, стараемся, каб не было найгоршага сцэнару.

Вобразна кажучы, многае тут будзе залежаць ад таго, хто першы захварэе. Калі чыноўнікі на ўласнай скуры адчуюць брак апаратаў або лекаў, то яны будуць рэагаваць на небяспеку эпідэміі інакш. Таму напраўду цяжка сказаць, што будзе і па якім сцэнарыі пойдуць падзеі.

- А як вы пракаментуеце тыя лічбы хворых на COVID-19, якімі аперуе Міністэрства аховы здароўя Беларусі? Згадзіцеся, бо 94 выпадкі - гэта не зусім сур'ёзна, калі ў той жа Польшчы ўжо пад дзве тысячы...

- Я ведаю, што падчас «свінога грыпу» быў загад хаваць усе выпадкі смерці, калі нават былі падазрэнні, што гэтыя людзі памерлі ад атыповай пнеўманіі. Гэта прывяло і да смерці некаторых патолагаанатамаў, якія не ведалі, што маюць справу з целамі, заражанымі вірусам «свінога грыпу».

Такая сітуацыя можа наступіць пры кожным вірусе, і асабліва пры COVID-19, улічваючы яго небяспечную прыроду.

Тое, што Міністэрства аховы здароўя не кажа ўсёй праўды, гэта відавочна. Яны заўсёды так робяць, так створаная закрытая сістэма.

Але думаю, што калі будзе сур'ёзная пагроза для нацыянальнай бяспекі і жыццяў людзей, лекары знойдуць магчымасць данесці інфармацыю да насельніцтва, што б пры гэтым ні рабілі ўлады.