2 траўня 2024, Чацвер, 0:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Суседка з палаты кашляла так моцна, што здавалася, зараз зламаецца»

17
«Суседка з палаты кашляла так моцна, што здавалася, зараз зламаецца»
Дар'я Рублеўская

Беларуска трапіла ў лякарню і там стала кантактам першага ўзроўню каранавірусу.

Дар'я Рублеўская зараз знаходзіцца ў менскім скурна-венералагічнага дыспансеры, які перапрафілявалі для пацыентаў з каранавірусам і кантактаў на розных узроўнях, паведамляе «Радыё Свабода».

«У прыёмным пакоі сказалі, што за ноч паступіла 300 чалавек»

«Я прытрымлівалася сацыяльнай ізаляцыі, для мяне гэта было важна, бо я сацыяльна адказная, - пачынае Дар'я. - У той дзень, калі я выклікала хуткую дапамогу, я знаходзілася ў самаізаляцыі цягам 16 дзён і выходзіла з дому толькі па прадукты, і аднойчы з'ездзіла ва ўніверсітэт на кантроль сваёй дыпломнай працы».

Але ў нейкі момант Дар'я пачала адчуваць боль у грудзях, у яе пачаўся сухі кашаль і тэмпература.

«Я не магла зрабіць глыбокі ўдых, - кажа дзяўчына. - Я патэлефанавала 103, пачала расказваць, спытала, што мне рабіць. У мяне таксама быў кантакт з бацькам-дальнабойнікам, ён быў ва Украіне. Хоць мой бацька адчуваў сябе добра і цяпер таксама. У хуткай мне сказалі, што за мной ужо адправілі брыгаду. Я пачала збіраць рэчы».

Дар'я была дастаўленая ў скурна-венералагічны дыспансер. Яна кажа, што ў прыёмны пакой можна трапіць толькі па адным чалавеку, а ўсе лекары там ходзяць у спецадзенні.

«Але дзяжурным лекарам быў такі мужчына ў прыспушчанай масцы, у звычайным халаце, ён пачаў казаць, што «каранавірус - гэта распіяраная рэч, і што ўсё гэта мы ўжо перажывалі», - успамінае Дар'я. - А хвіліну да гэтага ў прыёмнай сказалі, што за ноч паступіла 300 чалавек».

Дар'ю размеркавалі ў шасціасабовы бокс на дзве палаты. Яна была ў палаце для чатырох чалавек. Кажа, што першы тэст узялі адразу, але вынікаў яна так і не даведалася. У лякарні іх супакойвалі, што калі б вынік быў станоўчым, ёй бы абавязкова сказалі.

«Яна кашляла так моцна, што здавалася, зараз зламаецца»

Дар'я кажа, што супрацоўнікі ў гэтым аддзяленні іх «моцна цураліся». «З аднаго боку, гэта зразумела, але даходзіць да таго, што ты ўжо сумняваешся, ці чалавек ты», - кажа спадарыня. Але больш за ўсё яна незадаволеная тым, як засяляюць пацыентаў ва ўмовах эпідэміі.

«З намі ляжала паджылая жанчына, і яна моцна кашляла на ўсіх, хоць мы прасілі яе прыкрывацца і надзець маску, але яна гэтага не рабіла, - кажа Дар'я. - У яе заўсёды была сухасць у горле і высокая тэмпература. Яна кашляла так, што здавалася, што зараз зламаецца».

Праз два дні высветлілася, што ў гэтай жанчыны быў каранавірус. Гэта стала вядома ўночы, і жанчыну забралі з палаты.

«Але медсёстры і персанал нічога не сказалі: «Дзяўчаты, пачакайце». Ложак гэтай жанчыны з ейнай пасцельнай бялізнай, усё гэта заставалася з намі некалькі гадзін, - хвалюецца Дар'я. - І мы прабылі з заражаным чалавекам два дні побач, нам не давалі антысептыкаў, адзін раз была праведзеная вільготная прыборка. Імавернасць таго, што мы ад яе заразіліся, даволі высокая. Я ляжала ад яе праз ложак, але жанчына, якая ляжала побач з ёй, вельмі хвалюецца».

У тую ж ноч палату Дар'і, акрамя заражанай жанчыны, перавялі на іншы паверх.

«Цяпер мы ўсе чакаем другога тэсту, які павінны зрабіць на 7-ы дзень пасля кантакту з гэтай жанчынай. Калі вынікі адмоўныя, то нас адправяць дадому пад наглядам паліклінікі пад распіску пра самаізаляцыю», - кажа Дар'я.

«А масак нам наогул не выдаюць»

Практыка, калі пацыентаў з выражанымі сімптомамі кладуць разам з тымі, у каго ёсць слабыя сімптомы, такія як у Дар'і, ці ўвогуле з «кантактамі», здаецца Дар'і непрымальнай.

«Мне таксама незразумела, калі маладых людзей і людзей з зоны рызыкі размяшчаюць разам з рознымі сімптомамі, - тлумачыць яна. - Усё ж такі ў нашай 64-гадовай суседкі былі значна больш выяўленыя сімптомы».

Так пацыенты могуць патрапіць на карантын ці яшчэ горш, падхапіць каранавірус, знаходзячыся ў лякарні, кажа Дар'я.

«Калі мы перасяляліся на іншы паверх, з намі разам пераходзіла палата хлопцаў, - распавядае яна. - І з імі жыў дзядуля, у якога знайшлі каранавірус. Такім чынам, гэтыя хлопцы сталі кантактамі першага ўзроўню. Але на гэтым іх гісторыя не скончылася, бо ўжо пасля перасялення з імі ляжаў яшчэ адзін дзядуля. І ў таго таксама знайшлі вірус, і для іх пачаўся новы адлік гэтых 7 дзён».

На іншым паверсе стаўленне персаналу Дар'ю задавальняе. Але ёй усё яшчэ не падабаецца стан невядомага. І тое, што ў самой палаце няма масак, антысептыкаў і нават пітной вады.

«Хіба сітуацыі ў тым, што з намі не хацелі размаўляць. Тры дні мы не разумелі, што з намі адбываецца, - кажа Дар'я Рублеўская. - Нам не давалі пітную ваду, казалі, каб перадавалі ў перадачах. А масак нам наогул не выдаюць. Калі мы папрасілі, сказалі, што ў нас нічога для вас няма. Мы павінны самі набываць антысептыкі, сродкі дэзінфекцыі, бо мы разумеем, што мы з'яўляемся магчымымі носьбітамі гэтага віруса і можам заражаць адзін аднаго».

У пятніцу, 10 красавіка, Дар'я расказала, што з ёй адбывалася апошнія дні.

«Нас ужо тры дні не слухала лекарка, бо ў нас няма скаргаў на стан. Але яны працягваюць даваць тыя ж лекі. Напрыклад, мне даюць моцныя антыбіётыкі і таблеткі ад кашлю, хоць у мяне няма кашлю, - кажа Дар'я. - Яшчэ адна вельмі дзіўная рэч: высветлілася, што вынікаў нашых першых тэстаў няма. Учора лекар сказаў, што іх яшчэ няма і яна знойдзе нас. Але тэлефонныя званкі ў лабараторыю паказалі, што нашы тэсты нават не былі зарэгістраваныя».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках