19 красавiка 2024, Пятніца, 20:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Севярынец: У сітуацыі пандэміі Лукашэнка паводзіць сябе, як пачвара

35
Таццяна Севярынец: У сітуацыі пандэміі Лукашэнка паводзіць сябе, як пачвара
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Сітуацыя ў краіне - крытычная.

Ужо некалькі дзён запар паступаюць паведамленні ад лекараў, што клінікі ў Віцебску перапоўненыя хворымі на каранавірус, якім ставяць дыягназ «пнеўманія». Медыкі сцвярджаюць, што эпідэмія можа пачаць развівацца паводле італьянскага сцэнару.

Што адбываецца ў буйным абласным цэнтры Беларусі? Наколькі магчыма, што сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю? Сайт Charter97.org пагаварыў з каардынатаркай аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» з Віцебска, настаўніцай са шматгадовым стажам Таццянай Севярынец:

- Біць ва ўсе званы трэба было яшчэ ўчора, калі нават не было дакладна вядома пра цяперашнія страшныя выпадкі.

Памятаеце, тыдзень таму з'явілася першая інфармацыя, што памерла жанчына ад каранавіруса ў Віцебску, якой было 58 гадоў. Улады паспяшаліся зняпраўдзіць гэта. А чалавек, не ведаючы дакладнай інфармацыі, апынаецца ў небяспечным становішчы. Напрыклад, такі абывацель, як я: не медык, пенсіянерка, знаходжуся ў групе рызыкі. Муж сардэчнік, зяць дыябетык - яны таксама ў групе рызыкі. Што нам думаць і што нам рабіць, калі прыходзіць страшная хвароба, а мы нават не ведаем маштабаў яе распаўсюджвання?

Для таго, каб захаваць жыцці людзей, трэба даваць ім праўдзівую інфармацыю. Па-першае, яна насцярожыць тых, хто думае, што іх гэта не тычыцца, што яны могуць без усякай рызыкі бегаць па горадзе без сродкаў абароны і антысептыкаў. Другое - гэта сігнал тым, хто ведае, што трэба заставацца дома і несці адказнасць перад сабой, роднымі і дзецьмі. Па-трэцяе, ужо ёсць розныя рэкамендацыі з розных краін. Цяпер інтэрнэт поўны «рэцэптамі» самалячэння і «прафілактыкі»: маўляў, часнок трэба есці, гаспадарчае мыла ўсюды выкарыстоўваць, піць ваду з лімонам і мёдам... А рэкамендацыі павінны быць пісьменнымі і сур’ёзнымі. Гэтым павінна займацца Міністэрства аховы здароўя.

Але нашае Міністэрства аховы здароўя чакае адмашкі і глядзіць у рот Лукашэнку, які ў сітуацыі пандэміі паводзіць сябе, як забойца, упыр, пачвара і чалавек, які распачаў генацыд беларускага народа.

Усе гэтыя таямніцы «мадрыдскага двара», непраўдзівыя інфармацыя, узятыя ў лекараў падпіскі пра невыдаванне інфармацыі, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія ахоўваюць клінікі - гэта ўсё спараджае чуткі, міфы, паніку. Калі я ведаю дакладна, што і як, я абаронена гэтай інфармацыяй і буду выразна дзейнічаць. Пра гэта і павінна клапаціцца Міністэрства аховы здароўя.

Улады не могуць прызнаць, што клінікі не гатовыя да такіх выпадкаў пандэміі, як Віцебская 2-я абласная (у народзе - «чыгуначная») лякарня, у якой памёр актор Віктар Дашкевіч. Няма пераканаўчых довадаў, што ён заразіўся менавіта на рэпетыцыі, а не ў самой клініцы, дзе ў палаце з ім знаходзіўся чалавек, заражаны каранавірусам. Немагчыма пры такім наплыве пацыентаў з «пнеўманіяй» стрымліваць сітуацыю і ізаляваць у боксах сапраўды заражаных каранавірусам, калі пры гэтым яшчэ і самі лекары не абароненыя.

У нас у горадзе склалася страшная і ганебная сітуацыя. Я баюся цяпер за ўсіх беларусаў - як нармальны чалавек, які любіць сваю сям'ю, сяброў, суседзяў і краіну. Я вельмі спадзяюся, што мы перажывём гэтую эпідэмію, але нам цяпер трэба думаць, як перамагчы каранавірус і таго, хто дапусціў яго бескантрольнае распаўсюджванне, скінуць яго з залатога крэсла, на якім ён заседзеўся 25 гадоў і думае, што ён цар.

- Што кажуць пра сітуацыю з эпідэміяй каранавіруса ў Віцебску вашы знаёмыя? З чым давялося сутыкнуцца вам асабіста?

- Мая дачка працуе ў ВНУ. Да іх прыязджаў нехта хворы. Яны думалі, што гэта прастуда, звычайная сітуацыя. У нас жа яшчэ спрацоўвае савецкі менталітэт: тэмпература, прастуда - глупства, усё адно пойдзем на працу. А выявілася, што ў таго хворага супрацоўніка быў каранавірус. Тых, хто быў у прамым кантакце, абследавалі, дачка мая тады адразу не дазволіла ісці дзецям у школу, бо думала, што ўжо прынесла заразу дадому, а дзеці могуць далей распаўсюджваць. Дзякуй Богу, яе аналізы на COVID-19 былі негатыўнымі.

- Улады прызналі толькі дзве смерці. Ці можна верыць гэтым лічбам?

- Улады вымушаныя былі прызнаць гэтыя дзве смерці. Па-першае, таму што сям'я Дашкевіча вельмі адказная. Яны самі агучылі ў СМІ, што стала прычынай смерці актора Віктара Дашкевіча. Гэта проста смелыя і адказныя людзі.

Таксама лекарка Наталля Ларыёнава адказная, бо апублікавала ў сацсетках паведамленне, дзякуючы якому стала вядома цяперашняя колькасць інфікаваных і сітуацыя ў лякарнях Віцебска.

У гэтым і праблема, што ўлады не апублікуюць праўдзівай статыстыкі захворвання і смяротнасці ад каранавіруса. Іх «лічбы» - гэта толькі тыя выпадкі, калі ўжо немагчыма ўсё замяць і сфальсіфікаваць інфармацыю. Жанчына, у якой 30 сакавіка загінула маці, проста заявіла пра гэта. Потым 31-га памёр Дашкевіч, і гэта адразу стала здабыткам СМІ, дзякуючы адказнай пазіцыі ягонай сям'і. Але ўсё паказвае на тое, што не толькі гэтыя два чалавекі памерлі ад каранавіруса, не яны адны.

Важна не толькі тое, што ўлады скажаюць статыстыку, абурае іх стаўленне да памерлых. Што заявіў Лукашэнка пра Віктара Дашкевіча? «Чаго ты ходзіш на працу, калі ты хварэеш?» Кінуў гэта хамства ў магілу годнага чалавека... З 1972 года Віктар працаваў у нашым тэатры імя Якуба Коласа. І самога Дашкевіча ўсе ў горадзе ведалі, і яго інтэлігентных сям'ю.

У нас цяпер два пачуцці: гора і абурэнне тым, як пра гэтую бяду сказаў Лукашэнка. Гэта злачынец, які забраў уладу ў свае прагныя рукі. Я яго не баюся, я яму б у вочы сказала, што ён злачынец. Ці ёсць побач з ім сапраўдныя мужчыны, якія маглі б яму гэта сказаць? Людзі з пачуццём годнасці, якія скажуць яму: што ж ты робіш, пачвара? Ён жа сам павінен думаць пра сваю сям'ю, сыноў і ўнукаў. Пакаранне будзе, так у жыцці адбываецца, усё зробленае табой вяртаецца. Дык навошта ж тады так падстаўляцца?

- Чаму ўлады дагэтуль не ўводзяць карантын, хаця б на мясцовым узроўні?

- Чыноўнікі не звыклі прымаць самастойныя пастановы. Лукашэнка ствараў сваю «вертыкаль» з двоечнікаў, імі лягчэй за ўсё кіраваць. Я гэта проста ў вочы кажу нашым віцебскім уладам, калі хаджу да іх у кабінеты.

Напрыклад, у Віцебску ёсць абласная інфекцыйная клініка. Мы ўжо пяць гадоў ходзім па кабінетах і б'ем у званы, бо яна знаходзіцца ў жудасным стане. У клініцы два корпусы: у адным, дзякуй Богу, некалькі гадоў таму скончылі капітальны рамонт, там акурат знаходзяцца боксы для ізаляцыі. Але стары корпус - гэта гіблае месца, дзе невядома якія інфекцыі жывуць у кожным куце. Як там толькі людзі працуюць?

Калі Віцебскі гарвыканкам прыняў пастанову 27 сакавіка аб абмежаванні працы клубаў, тэатраў, забаўляльных цэнтраў і гэтак далей, то напраўду гэта стала вядома толькі 30-га. Улады вельмі сціпла павесілі гэтую інфармацыю на сайце і склалі ручкі. А ў крамах па ўсім горадзе прадаўцы працуюць без сродкаў абароны, без антысептыкаў. Дзе санэпідэмстанцыя - невядома. Нідзе не чуваць, каб апрацавалі антысептыкамі школы, каб хаця б падрыхтаваць да новай чвэрці. Я ўжо не кажу пра тое, што школы даўно пара было закрыць на карантын.

А цяпер сітуацыя будзе толькі разгарацца. Ужо цяпер востра не стае лекараў у Віцебску. Мы, актывісты, усе гэта ведалі даўно і ўвесь час білі ў званы. Вось цяпер яны і ўлады ўбачаць, да чаго яны давялі краіну.

- Дарэчы, а што цяпер адбываецца ў віцебскіх школах? Няўжо прызнанні лекараў не насцярожылі адміністрацыю і бацькоў?

- Цяпер у школах канікулы да канца тыдня. Невядома, што будзе, бо ў нас кожны дзень могуць памяняцца загады. Памятаеце, як яны не маглі вызначыцца з датамі канікул?

Паглядзім, што прыдумаюць нашы дурныя і безадказныя Міністэрства адукацыі разам з Міністэрствам аховы здароўя, якія не адпавядаюць сваім назвам.

Не ведаю, што будзе далей, але трэба змагацца за жыцці і здароўе нашых дзяцей. Трэба казаць бацькам, каб не пускалі з ў школу.

- Ваш сын Павел Севярынец стаў адным з палітыкаў, якія падпісалі заклік увесці Народны карантын у Беларусі. Як вы ацэньваеце гэтую ініцыятыву?

- Гэта ініцыятыва, якая павінна была зыходзіць ад уладаў. Характэрна, што ў тых, хто падпісаў заклік да Народнага карантыну ў падпарадкаванні няма ні міліцыі, ні нейкіх іншых вагароў улады. Затое ў іх ёсць іншы важны і моцны інструмент: уплыў на людзей, якія ім давяраюць.

Я вельмі ўдзячная, што гэтая ініцыятыва зыходзіла і ад майго сына, і ад Андрэя Саннікава, і ад Уладзіміра Някляева, і ад Генадзя Фядыніча, і ўсіх тых людзей, якія адказна ставяцца да жыцця беларусаў і лёсу нашага народа.

Важна, што ўсе яны - медыйныя людзі, яны знаходзяцца ў полі зроку і ў іх ёсць рэсурс даверу з боку беларусаў. Увогуле, зараз лідары апазіцыі - гэта людзі, у якіх ёсць уплыў на сітуацыю.

Цяпер, праз злачынную бяздзейнасць улад, мы ўсе адказныя за становішча ў краіне. Загінула настаўніца з Капыльскага раёна, кажуць, у Іўі ўжо хтосьці памёр ад каранавіруса. Ахвяры эпідэміі - гэта ўжо не адзінкі, на дзясяткі лік ідзе толькі ў самім Віцебску. Нават у маім родным Лунінцы каля сотні людзей ляжаць у клініках і яшчэ столькі ж знаходзяцца на абследаванні.

Правільна, што быў абвешчаны Народны карантын: хай людзі прыслухоўваюцца і асцерагаюцца.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках